Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віленскай мэрыі адкрылася чарнобыльская выстава


Тацяна Поклад, Вільня У Віленскай мэрыі 24 сакавіка адкрылася выстава чарнобыльскіх фатаздымкаў Дзяніса Раманюка і адбылася прэзэнтацыя яго фотаальбому “Чарнобыль”, які друкаваўся ў Вільні. Выстава і альбом – вынік шматлікіх падарожжаў мастака цягам некалькіх гадоў у раёны Чарнобыльскай зоны.

У ліку асноўных спонсараў фотавыставы Дзяніса Раманюка “Трагічная краса” і альбому “Чарнобыль” – Міністэрства замежных справаў Літвы, амбасады Літвы ў Беларусі і Беларусі ў Літве, а таксама амбасада Ірляндыі ў Літве.

Дзяніс Раманюк кажа, што падтрымка альбому і выставы з боку літоўскага ўраду, выданьне альбому ў літоўскай друкарні сьведчаць пра тое, што чарнобыльскую бяду ў Літве разумеюць.

Але, адзначае мастак, для шырокага сьвету, для шырокай грамадзкасьці “за 20 гадоў гэтая тэма пахаваная”. Дзяніс Раманюк сказаў Радыё Свабода падчас адкрыцьця выставы:

(Раманюк: ) “Як саркафагам накрылі рэактар, так саркафагам накрылі і гэтую бяду. І Беларусь, можна сказаць, сама змагаецца з гэтымі праблемамі. І кніга якраз зробленая дзеля таго, каб паказаць праз зусім іншыя вобразы, праз параўнаньні, асацыяцыі страх Чарнобылю, што Чарнобыль – гэта не імгненьне, гэта ня толькі выбух, але зьява, якая будзе ўплываць на ўсё стагодзьдзямі, якая ўжо зьмяніла цэлыя пласты культуры і чалавечыя лёсы, а што будзе далей, ня ведае ніхто.”

Выставу падтрымала і Віленская мэрыя. Віцэ-мэр Вільні Гедымінас Павіржыс сказаў у часе ўрачыстага адкрыцьця:

(Павіржыс: ) “Гэтая выстава ў экспазыцыйнай залі нашай мэрыі, якую пабачылі і пабачаць шмат высокіх асобаў, якая прыцягнула, як бачым, насамрэч вялікую ўвагу з боку сродкаў масавай інфармацыі, – гэтая выстава нагадвае і перасьцярагае нас сёньня быць надзвычай адказнымі ў падыходзе да атамнай энэргетыкі.”

На адкрыцьці выставы выступаў амбасадар Ірляндыі ў Літве, прадстаўнікі літоўскай амбасады зь Менску і беларускай – зь Вільні. Яны гаварылі пра боль Чарнобыльскай трагедыі і сёньняшнюю актуальнасьць гэтае тэмы.

Амбасадар Ірляндыі ў Літве Донал Дэнхэм сказаў, што “26 красавіка сёлета – 20-годзьдзе найвялікшага злачынства супраць прыроды і чалавецтва.”

(Дэнхэм: ) “Людзі Ірляндыі стварылі арганізацыі для дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобылю і дапамагаюць пацярпелым рознымі шляхамі ад 1996 году”.

Дараднік амбасады Літвы ў Беларусі Марыюс Януконіс адзначыў у часе свайго выступу:

(Януконіс: ) “Для нас насамрэч вялікі гонар, што Міністэрства замежных справаў Літвы далучылася да выданьня альбому “Чарнобыль”. Думаю, гэтая кніга – яшчэ адзін сродак дзеля таго, каб міжнародная супольнасьць адчула, што Чарнобыль – ня толькі беларуская трагедыя”.

Дараднік па эканамічных пытаньнях амбасады Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль сказаў Радыё Свабода:

(Кароль:) “Гэтая выстава найперш нагадвае пра гора і боль людзей. Я працаваў на будаўніцтве і ведаю, як людзі перасяляліся, якая гэта была трагедыя.”

Чарнобыльская выстава беларускага мастака ў Вільні будзе адкрытая тыдзень.

Прэзэнтацыя фотальбому Дзяніса Раманюка “Чарнобыль” неўзабаве мае адбыцца ў прадстаўніцтве ААН у Нью-Ёрку.
XS
SM
MD
LG