Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Economist" піша пра пэрспэктывы беларускай эканомікі Лукашэнкі


Кастусь Бандарук, Прага Палітычная і эканамічная сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў застаецца ў цэнтры ўвагі міжнародных аглядальнікаў і экспэртаў. Большасьць зь іх згодныя ў тым, што палітычную будучыню Лукашэнкі азмрочвае рэальная небясьпека эканамічных цяжкасьцяў.

Брытанскі эканаміст Сьцюарт Генсэль з аналітычнага аддзелу брытанскага часопісу "Economist" лічыць, што беларуская стабілізацыя і эканамічны рост поўнасьцю залежныя ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.

За тысячу кубамэтраў газу Беларусь плаціць усяго 47 даляраў, у той час, калі заходнеэўрапейскія пакупнікі – 240 даляраў. На думку брытанскага экспэрта, у найбліжэйшыя гады Лукашэнку чакае цяжкое выпрабаваньне, бо той стан, што гарантаваў беларускай эканоміцы ейны рост, ня будзе захоўвацца бясконца. Нават невялікае падвышэньне цэнаў нэгатыўна адаб’ецца на беларускай эканоміцы. Яна ня вытрымае цэнавага шоку, бо Лукашэнка адмовіўся ад эканамічных рэформаў.

(Генсэль: ) “Ягоная эканамічная палітыка не падахвочвае да інвэстыцыяў і рэструктурызацыі, якія неабходныя для істотнага росту. Праблема ва ўсёй ягонай палітычнай мадэлі, і ў тым, што ён можа поўнасьцю кантраляваць толькі цяперашнія эканамічныя структуры. Гэта азначае жорсткі дзяржаўны кантроль”.

Зараз у Беларусі 80% прадпрыемстваў знаходзіцца ў руках дзяржавы, а 60% зь іх – стратныя, і паводле Сьцюарта Генсэля, Лукашэнка сам стаў закладнікам сваёй эканамічнай палітыкі. Ён ня можа дапусьціць эканамічных рэформаў, бо гэта непазьбежна прывяло б да закрыцьця стратных прадпрыемстваў і гвалтоўнага ўсплёску беспрацоўя. Усё гэта, разам з буйнамаштабнай прыватызацыяй і ўзьнікненьнем так званай “сярэдняй клясы”, азначала б для Лукашэнкі страту падтрымкі ў грамадзтве.

Тацяна Манёнак, эканамічны аглядальнік часопісу "Беларусы і рынак" лічыць аднак, што Расея, з палітычных меркаваньняў, не пакрыўдзіць “братнюю” “Беларусь і што Лукашэнка ўсё ж здолее дамовіцца з "Газпромам" па цэнах на 2007 год.

(Манёнак: ) "Я ўсур''ёз ня веру ў тое, што Расея, адзіны саюзьнік Аляксандра Лукашэнкі, загоніць яго ў нейкі тупік. Я ня думаю, што на сёньняшні дзень гэта выгадна Расеі. Вось таму я мяркую, што і гэты раз будзе знойдзены нейкі кампрамісны варыянт у дачыненьні і да цаны на нафту і цаны на газ".

На думку Тацьцяны Манёнак, Беларусь патрэбная Маскве як саюзьнік у галіне абароны і як транзытны шлях. Расея мае ўсе падставы ставіцца да Беларусі інакш, чым да астатніх краін. Беларусь адзіная на постсавецкай прасторы краіна, якая адкрыта імкнецца да аб''яднаньня з Расеяй.

Так ці інакш, Лукашэнка апынуўся ў вельмі нязручнай сытуацыі – ён ня можа ні стаяць на месцы, ні рушыць наперад, лічыць Сцьюарт Генсэль з брытанскага часопісу "Economist".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG