Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Зьвязу (абноўлены) <b/>


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Рада Эўрапейскага зьвязу зацьвердзіла сёньня сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за ўдзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У сьпісе, нягледзчы на патрабаваньні Польшчы, Славаччыны і Літвы яго пашырыць, апынулася 31 асоба на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

У рашэньні Рады Эўрапейскага зьвязу – выканаўчага органу Эўразьвязу, у якую, калі гаворка ідзе пра замежную палітыку, ўваходзяць міністры замежных справаў краінаў аб’яднанай Эўропы, -- яшчэ раз падкрэсьліваецца, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і дэмакратычнымі.

Міністры асудзілі ўжываньне беларускімі ўладамі сілы супраць удзельнікаў мірных дэманстрацыяў, арышты беларусаў і грамадзянаў краінаў Эўразьвязу, а таксама заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць перасьлед за выказваньне грамадзянамі ўласных поглядаў.

“Маючы на ўвазе апошнія падзеі, Рада вырашыла ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Лукашэнкі, прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, адказных за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў і стандартаў у галіне правоў чалавека, а таксама рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. Асобы, чые імёны знаходзяцца ў далучаным сьпісе, маюць забарону на ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу, супраць іх ня выключаныя таксама далейшыя захады”, - гаворыцца ў заяве Рады Эўразьвязу.

У дакумэнце адзначаецца, што сьпіс, у які, акрамя Лукашэнкі, патрапілі таксама Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі ды іншыя, не канчатковы – сьпіс, як і зьмест санкцыяў могуць мяняцца, калі ўлады зьменяць выбарчае заканадаўства, вызваляць палітзьняволеных, спыняць рэпрэсіі, будуць шанаваць правы грамадзянаў на свабоду словаў і свабоду сходаў.

Забарона на ўезд пачынае дзейнічаць ад сёньняшняга дня.

Між тым некалькі краінаў, сярод якіх Польшча, Літва, Славаччына, дамагаліся пашырэньня сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і ўвядзеньня эканамічных санкцыяў – перадусім замарожваньня рахункаў паплечнікаў Лукашэнкі ў эўрапейскіх банках.

Прадстаўнік МЗС Польшчы Павал Дабравольскі заявіў нашаму радыё, што Варшава і надалей будзе дамагацца гэтага.

(Дабравольскі: ) “Наш, польскі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы, шырэйшы. Цяпер тэарэтычна тыя грамадзяне Беларусі, якіх ў эўразьвязаўскім сьпісе няма, а ёсьць у нашым, могуць праляцець над нашай тэрыторыяй, прыкладам, у Нямеччыну, але мы спадзяемся і будзем весьці такія размовы, каб сьпіс Эўразьвязу быў пашыраны”.

Дыпляматы Эўразьвязу ў будучым не выключаюць пашырэньня сьпісу, а што да замарожваньня рахункаў, дык тут, як паведаміў нашаму радыё адзін з прадстаўнікоў сакратарыяту Рады, “былі тэхнічныя праблемы”.

У сваю чаргу ў камэнтарах польскіх экспэртаў у міжнародных справах гучыць пэўнае зьдзіўленьне пазыцыяй Эўразьвязу. Гаворыць былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марак Буцька.

(Буцька: ) “Эўразьвяз чарговы раз паказаў, што няма ніякай волі да рашучых захадаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Забарона на ўезд для 31 асобы – санкцыя сымбалічная, якая асабліва рэжыму не пашкодзіць, бо сьпіс закароткі, а за ім не пайшлі санкцыі эканамічныя – замарожваньне рахункаў. Брусэль зрабіў абсалютны мінімум – менш проста ўжо нельга было. Прыкладам Польшча выступала за больш рашучыя захады, але пераканаць іншых не ўдалося."

******************************* Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за ўдзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу:

1. Аляксандр Лукашэнка, прэзыдэнт 2. Генадзь Нявыглас, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта 3. Натальля Пяткевіч, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта 4. Анатоль Рубінаў, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта 5. Алег Праляскоўскі, начальнік ідэалягічнай управы Адміністрацыі прэзыдэнта 6. Аляксандр Радзькоў, міністар адукацыі 7. Уладзімер Русакевіч, міністар інфармацыі 8. Віктар Галаванаў, міністар юстыцыі 9. Аляксандр Зімоўскі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі 10. Улазімер Канаплёў, сьпікер Палаты прадстаўнікоў 11. Мікалай Чаргінец, дэпутат Савета Рэспублікі 12. Сяргей Касьцян, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 13. Міхаіл Орда, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 14. Мікалай Лазавік, сакратар ЦВК 15. Пётар Міклашэвіч, Генэральны пракурор 16. Алег Сьліжэўскі, начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі 17. Аляксандр Харытон, галоўны спэцыяліст управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі 18. Яўген Сьмірноў, намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду 19. Надзея Рэўцкая, судзьдзя Маскоўскага суду Менску 20. Мікалай Трубнікаў – судзьдзя Партызанскага суда Менску 21. Мікалай Купрыянаў – намесьнік генэральнага пракурора 22. Сьцяпан Сухарэнка – старшыня КДБ 23. Васіль Дземянцей – намесьнік старшыні КДБ 24. Леанід Козік – старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі 25. Аляксандар Каляда – кіраўнік Берасьцейскай абласной выбарчай камісіі 26. Мікалай Усаў – кіраўнік Гомельскай абласной выбарчай камісіі 27. Леанід Лучына – кіраўнік Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі 28. Тацьцяна Краўчанка – кіраўніца Менскай гарадзкой выбарчай камісіі 29. Уладзімер Курловіч – кіраўнік Менскай абласной выбарчай камісіі 30. Мікалай Мяцеліца – кіраўнік Магілеўскай абласной выбарчай камісіі 31. Міхаіл Пішчулёнак – кіраўнік Віцебскай абласной выбарчай камісіі

********************** Варта нагадаць, што шэсьць чыноўнікаў ужо знаходзіліся ў сьпісе ЭЗ. У верасьні 2004 года Еўразьвяз прыняў рашэньне аб забароне выдачы віз падазроным у прыналежнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у 1999-2000 гадах - цяперашняму міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву; цяперашняму дзяржаўнаму сакратару Савета бясьпекі Віктару Шэйману, які займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта; Юрыю Сівакову, які ў пэрыяд зьнікненьня палітыкаў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, і камандзіру брыгады спэцназа ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрыю Паўлічэнку. Да рашэньня Эўразьвязу далучыліся ЗША. У сьнежні 2004 года, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, сьпіс быў пашыраны за кошт кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай і начальніка мінскага АМАПа Юрыя Падабеда. ЗША далучыліся і да гэтага сьпісу.

Гл. таксама:

Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне Рады Эўразьвязу Гэркель: "Сьпіс застаецца адкрытым" Рэакцыі афіцыйных асобаў на іх уключэньне ў сьпіс Эўразьвязу Кіраўнікі МЗС краінаў Эўразьвязу пра візавыя санкцыі МЗС Беларусі рыхтуе меры ў адказ на санкцыі Эўразьвязу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG