Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывыя галасы Кастрычніцкай плошчы (частка 1)


Радыё Свабода На заклік Аляксандра Мілінкевіча й Аляксандра Казуліна прыйсьці на Кастрычніцкі пляц Менску адгукнуліся дзясяткі тысяч чалавек. Да месца збору падыходзяць усё новыя людзі. Многія дабіраюцца пехатою, бо цягнікі мэтро на станцыі “Кастрычніцкая” не спыняюцца. Перакрылі ўваход і на станцыі “Плошча Перамогі”. Тое, што адбываецца ў гэтыя хвіліны на Кастрычніцкім пляцы Менску, запісвала наша карэспандэнтка.

(Скандаваньне: ) “Жыве Беларусь!”

(Карэспандэнтка: ) “З кім вы сёньня тут?”

(Спадар: ) “Тут мая жонка, мае сябры”.

(Спадар: ) “Тут сябры і знаёмыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы сёньня тут?”

(Спадар: ) “Нельга было не пайсьці. Ужо надакучыла гэтая хлусьня па тэлебачаньні, дзе паказваюць, што ў нас усё добра, і гэтак далей”.

(Спадар: ) “І гэты вось прэзыдэнт, які губляе арыентацыю ў прасторы, ён павінен пайсьці і даць свабоду ў Беларусі”.

(Спадар: ) “Канстытуцыя адна для ўсіх, і ніхто не даваў яму права мяняць яе. Адбыў два тэрміны — сыдзі, як чалавек”.

(Скандаваньне: ) “Свабоду! Свабоду! Свабоду!”

(Спадар: ) “Свабода прыйдзе ў асобе Казуліна ці Мілінкевіча — абы прыйшла”.

(Спадар: ) “Зь Мілінкевічам лепш”.

(Спадар: ) “Беларусь знаходзіцца ў Цэнтры Эўропы, і мы павінны быць з Эўропай. Жыве Беларусь!”

(Скандаваньне: ) “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ня страшна было ісьці — перад сёньняшняй падзеяй было шмат розных папярэджаньняў”.

(Юначка: ) “Толькі тады чалавек будзе свабодны, калі пераадолее свой страх. Я лічу сябе свабодным чалавекам, і чаму я не павінна была прыйсьці?”

(Юнак: ) “Гэта юная рэвалюцыянэрка Надзя”.

(Юначка: ) “Гэта мая краіна, мая радзіма, мой горад — чаму я павінна баяцца? Страх — гэта найгоршае, што можа быць для чалавека сумленнага”.

(Юнак: ) “Мы супраць дыктатараў. Дзякуй вам”.

(Спадар: ) “Наконт таго, ці было страшна. Я не ішоў на вайну, я ішоў на мірны мітынг. А вось мая жонка баялася”.

(Карэспандэнтка: ) “І тым ня менш, вы прыйшлі”.

(Спадарыня: ) “Так, бо гэта лягчэй, чым чакаць мужа ў невядомасьці”.

Гл.таксама • На Кастрычніцкай плошчы ідзе шматтысячны мітынг (фота) • Калёна рухаецца да плошчы Перамогі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG