Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску адбыўся шматтысячны мітынг


Радыё Свабода На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася масавая акцыя прыхільнікаў пераменаў. На плошчы сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Перад сабранымі выступілі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Мілінкевіч заклікаў людзей прыйсьці на плошчу заўтра а 18.30. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі накіраваліся на плошчу Перамогі. Мілінкевіч і Казулін усклалі кветкі да Вечнага агню.

Перадае наша карэспандэнтка з Кастрычніцкай плошчы:

"Каля 23-й гадзіны з Кастрычніцкай плошчы шматтысячны натоўп рушыў у кірунку плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі. Людзі ідуць па тратуарах, не перакрываючы рух. Па сярэдзіне едуць машыны. Спыняюцца аўтамабілі. Сыгналяць. Кіроўцы высоўваюць рукі, паказваюць два пальцы -- знак перамогі.

Галава ледзь дайшла да плошчы Перамогі, а на Кастрычніцкай плошчы яшчэ застаюцца тысячы людзей.

Наперадзе калёны ідзе Аляксандар Мілінкевіч.

У удзельнікаў радасныя, шчасьлівыя твары. Ёсьць адчуваньне сьвята. Гэта сьвята на менскіх вуліцах.

Такой колькасьці людзей не было з часу вядомага "Чарнобыльскага Шляху" 1996 году.

Пакуль ніякіх правакацый не было.

Зноў выступіў Аляксандар Казулін, які разам з Аляксандарам Мілінкевічам, заклікаў людзей зноў выйсьці на плошчу заўтра ў 18:30."

***

"А 23:30 бальшыня людзей дайшла да плошчы Перамогі. Людзі зрабілі калідор да вечнага агню, каб людзі маглі ўскласьці кветкі. Трэба адзначыць, што па дарозе ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі колькасьць людзей значна паменшылася.

Удзельнікі скандуюць лёзунгі "Жыве Беларусь!", "За Мілінкевіча!". Міліцыянтаў амаль ня бачна.

Калякін і Мілінкевіч заклікаюць людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу заўтра, а 18:30."

Гл.таксама • А.Лукашук: “Вельмі шкада, што няма тэлекамэры” • А.Лукашук: “Сёньня на Кастрычніцкай плошчы – дух Быкава” • На Кастрычніцкай плошчы ідзе шматтысячны мітынг (фота) • Жывыя галасы Кастрычніцкай плошчы (частка 1) • Жывыя галасы Кастрычніцкай плошчы (частка 2) • "Мы прыйшлі на Кастрычніцкі пляц бараніць будучыню сваіх дзяцей"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG