Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Марцін Кухта (1875, Ковенская губ. – 1942?)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны свабоды”

Ягонае імя закутае ў бурштыне Вечнасьці дзякуючы генію Максіма Багдановіча:

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты. Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.

Пра пана Марціна чуў кожны беларускі школьнік, але больш за радок, што вывела на парозе нябыту Максімава рука, пра гэтага чалавека ня ведаюць нават адмыслоўцы. Прысьвечаны Кухту артыкул у нашых энцыкляпэдыях вы пакуль ня знойдзеце. Хто ж ён, гэты таямнічы друкар і выдавец, які, відаць, быў чалавекам ня самым амбітным, а мо з пэўных прычынаў і не імкнуўся афішаваць сябе?

Зьвесткі пра Марціна адрывістыя й фрагмэнтарныя. Вядома, што ў 1890-м ён у пятнаццацігадовым веку стаў вучнем наборшчыка ў адной зь віленскіх друкарняў. Празь дзесяць гадоў яго ўжо можна сустрэць на набярэжнай Нявы і сходках пецярбурскіх беларусаў. Напачатку сялянскі сын сам палохаецца сваёй мары – мець у Вільні ўласную друкарскую справу.

100 гадоў таму, 10 сакавіка 1906-га, Кухта атрымлівае дазвол на адкрыцьцё друкарні з правам выдаваць кнігі, газэты й часопісы на ўсіх эўрапейскіх мовах. Пытаньня, ці належыць да гэтых моваў беларуская, для яго не існуе. Увосень 1906-га менавіта ў друкарні Кухты выходзіць першая легальная газэта “Наша Доля”, а пасьля яе забароны – легенда беларускае прэсы “Наша Ніва”. Кухта выдае календары і сьпеўнікі, першыя кнігі Якуба Коласа, Канстанцыі Буйлы, Максіма Гарэцкага, “Кароткую гісторыю Беларусі” Вацлава Ластоўскага…

Кухта злуецца, што на тытульным аркушы Багдановічавага “Вянка” ягонае, выдаўцова прозьвішча надрукаванае зь сьмешнай памылкай. Ён знаёміцца з Янкам Купалам, які становіцца на чале рэдакцыі “Нашае Нівы”. Ён адбіваецца ад цэнзуры, выплочвае штрафы, піша тлумачальныя запіскі губэрнскаму інспэктару па справах друку і “пану прыставу 7-га ўчастку г. Вільні”. (Як гэта нагадвае турботнае жыцьцё нашых сучасных незалежных выдаўцоў!)

Седзячы за столікам у “Зялёным Штралі”, Кухта смакуе каву зь лікёрам і – абсалютна небеспадстаўна!) – уяўляе, як мінецца ўся гэтая мітрэнга, аўтары выдаваных ім кнігаў зробяцца жывымі клясыкамі, а ён запросіць іх на 50-годзьдзе сваёй друкарні. Які гэта будзе год? 1956-ы? Але пакуль за вакном 1915-ы, і да Вільні імкліва набліжаецца фронт.

Друкарня Кухты здолее праіснаваць яшчэ два гады. У 1917-м ягоныя сьляды губляюцца. Але працягваецца яго справа: у Вільні засноўваюцца новыя й новыя беларускія друкарні.

Дык хто ж ён, Марцін Кухта? Прадпрымальнік, які ўбачыў, што на беларускай справе можна зарабляць грошы, ці патрыёт, які дзесяць гадоў рызыкаваў страціць гэтыя самыя грошы, а часам і свабоду? Мне досыць адказу, які знайшлі на стале ў белым доме ля сіняй бухты.



XS
SM
MD
LG