Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленская друкарня адмаўляецца друкаваць незалежныя беларускія газэты


Радыё Свабода Смаленскі паліграфічны камбінат адмаўляецца друкаваць незалежныя беларускія газэты. Сярод іншых гэта “Народная Воля”, “БДГ. Дзелавая газэта” й газэта “Товарищ”, якім адмоўлена ў друкаваньні на тэрыторыі Беларусі. Скасаваньне дамовы з боку кіраўніцтва паліграфкамбінату выдаўцы газэт называюць незаконным і палітычна матываваным.

У афіцыйным паведамленьні генэральны дырэктар смаленскай друкарні паведаміў, што дамова скасоўваецца з-за перазагружанасьці паліграфічных магутнасьцяў ды іншых тэхнічных прычынаў. Аднак рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк перакананы: гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасьці.

(Вазьняк:) “Абсалютна надуманая матывацыя, паколькі сёньня раніцай я атрымаў з гэтага ж паліграфкамбінату рахунак-фактуру, зьвязаную з гэтым нумарам. Значыць, з ранку гэтых праблемаў у іх не было, а вось па абедзе яны зьявіліся. Для мяне гэта відавочна – беларускія ўлады знайшлі ў Расеі магчымасьці націснуць на генэральнага дырэктара смаленскага паліграфкамбінату”.

Гаварыў рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк. Смаленскі паліграфкамбінат адмовіўся друкаваць таксама таксама й заўтрашні нумар “БДГ. Дзелавой газэты”. Але з друкарні паведамілі, што прычынай сталася запазычанасьць па аплаце, хоць раней такіх адмоваў не было. Паведамленьня пра скасаваньне дамовы ў рэдакцыі не атрымоўвалі, але не выключаюць што яно можа зьвіцца, – паведаміла “Свабодзе” намесьніцы рэдактара Любоў Вашкевіч.

(Вашкевіч: ) “Я думаю, што ўсё можа быць. Але пакуль, да атрыманьне якога-небудзь дакумэнту, становішча справаў такое вось”.

Паводле спадарыні Вашкевіч, “БДГ. Дзелавая газэта” мае дамову са Смаленскім паліграфкамбінатам да 31 сьнежня 2006 году й яе скасаваньне ў аднабаковым парадку будзе незаконным. З аналягічнай прычыны рэдакцыя “Товарища” будзе зьвяртацца ў суд. Паводле спадара Вазьняка, адначасна ідзе пошук іншай друкарні, але па-за межамі Беларусі й Расеі. Праблемы з друкаваньнем у Смаленску зьявіліся таксама і ў “Народнай Волі”. Але рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч пакуль устрымліваецца ад камэнтароў”.

Акрамя таго, па-ранейшаму пад арыштам у Віцебску застаецца газэта “Народная Воля” з паведамленьнямі пра падзеі ў Менску 2 сакавіка. Нагадаю, што 250-тысячны наклад выданьня быў арыштаваны 3 сакавіка супрацоўнікамі віцебскай абласной управы міліцыі падчас перавозкі газэты ў Менск са смаленскага паліграфкамбіната. Як паведаміў “Свабодзе” намесьнік кіраўніка ўправы Сяргей Іваноў, зараз праводзіцца праверка газэты, якая мае завершыцца бліжэйшымі днямі. Хто й паводле якіх паказьнікаў дасьледуе “Народную Волю” спадар Іваноў не ўдакладніў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG