Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмовіўся галасаваць датэрмінова — назвалі “бээнэфаўцам”


Валянцін Жданко, Менск Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі засталося дзесяць дзён. Але датэрміновае галасаваньне пачнецца значна раней, ужо на пачатку наступнага тыдня. Ці будзе яно добраахвотным? Ці не паўторыцца сцэнар мінулых кампаніяў, калі многіх людзей прымушалі датэрмінова ісьці на выбарчыя ўчасткі?

Адзін зь лістоў, у якім закранаецца гэтая тэма, даслаў на “Свабоду” Іван Гурскі, пэнсіянэр зь вёскі Лапічы Асіповіцкага раёну. Даволі распаўсюджанае ўяўленьне пра пэнсіянэраў як пра людзей, якія пагалоўна падтрымліваюць дзейную ўладу. Іван Гурскі, аднак, лічыць гэта сьцьвярджэньне несправядлівым і памылковым. Ён піша:

“Па “Свабодзе” часта гавораць, што ўсе пэнсіянэры — за Лукашэнку. Я з гэтым катэгарычна ня згодны. Ведаю: у 1994 годзе многія настаўнікі нашага раёну (тады яшчэ не пэнсіянэры) прагаласавалі за маладога Лукашэнку. Але глыбока памыліліся. Ён, стаўшы прэзыдэнтам, нам “аддзячыў”: адабраў тыя невялікія камунальныя льготы, што мелі вясковыя настаўнікі — права на бясплатныя прычэп дроваў і 192 кіляват-гадзіны электраэнэргіі. Знайшоў на кім эканоміць. Цяпер маладыя настаўнікі жыць у вёсцы ня хочуць — езьдзяць на працу з гораду. Дзяржава ім аплачвае праезд. Прычым, гэтая кампэнсацыя значна большая, чым адабраная ў нас камунальная льгота. Для тых людзей, якія аддалі вясковай школе ўсё жыцьцё, гэта — вялікая крыўда. Прычэп дроваў на сёньня каштуе 120 тысяч рублёў, а гэта палова пэнсіі.

Што да выбараў, то ва ўчастковыя камісіі ў нас, як заўсёды, уключылі тых жа людзей, што і раней. Няцяжка прадбачыць, што і на датэрміновае галасаваньне будуць гнаць, як заўсёды, гвалтам. У нас на выбарах звычайна так: ідзеш у краму па хлеб — а тут цябе ловяць і ў загадным парадку: “Ідзі і галасуй!”. Я заўсёды адмаўляюся, дык яны называюць мяне “бэнээфаўцам”.

…Мілінкевічу і Казуліну трэба ісьці ў народ. Вось едзе Мілінкевіч зь Менску ў Бабруйск — дык чаму б яму дарогай не спыняцца ў вёсках ды пасёлках, не сустракацца зь мясцовымі людзьмі?”

Дазволеная ўладамі агітацыйная кампанія ў Беларусі, спадар Гурскі, працягваецца ўсяго месяц. Колькі, на вашу думку, сустрэчаў з выбарцамі здольны фізычна правесьці за гэты час адзін чалавек? Ня тое што вёскі — нават многія буйныя гарады не пасьпеюць наведаць за некалькі тыдняў кандыдаты на прэзыдэнта. Тым больш, што ў многіх мясьцінах ім чыняцца розныя перашкоды — то памяшканьняў для сустрэчы не даюць; то пасылаюць у залю, загадзя падрыхтаваную публіку, якая замест размовы і дыскусіі наладжвае дэбош; то агітацыйныя абвесткі раптам нечакана зьнікаюць… Дадайце да гэтага татальны перасьлед, затрыманьні, арышты, канфіскацыі, зь якімі даводзіцца сутыкацца сябрам ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў. Пастукацца ў кожныя дзьверы — добры і прыгожы лёзунг. Але ў сёньняшніх беларускіх умовах ён маларэальны

На гэтую ж тэму разважае ў сваім лісьце Віктар Баранаў з Рагачова:

“Усе каналы тэлебачаньня і радыё працуюць цяпер на адну асобу. Паслухаеш іх: аказваецца, усё выдатна ў нашай дзяржаве, крочым ад перамогі да перамогі. Але глядзець і слухаць — гэта адно, а калі сутыкаесься з рэальным жыцьцём — гэта іншае. Вось хваляцца: колькі спартыўных збудаваньняў у нас узьведзена, асабліва лядовых палацаў. А паспрабуй пакарыстацца імі. Аказваецца, за гэта трэба плаціць, і нямала.

Іншым кандыдатам, апроч Лукашэнкі, адведзена для выступу па радыё і тэлебачаньні зусім мала часу. На маю думку, каб добра прыгледзецца і зрабіць правільны выбар, людзі павінны бачыць і чуць прэтэндэнтаў прынамсі на працягу паўгоду перад выбарамі. А інакш будуць галасаваць наўгад.

А ўвогуле, значная частка нашага насельніцтва нічога не разумее ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. Няблага было б разьдзяліць бюлетэні па колеру: асобна — для людзей з вышэйшай адукацыяй, якія займаюць высокія пасады; асобна — для шараговых грамадзянаў. І ўвогуле, нельга дазваляць бабулькам выбіраць кіраўніка дзяржавы. Выбіраць павінна эліта, якая разьбіраецца ў эканоміцы і палітыцы”.

Дзіўная прапанова, спадар Баранаў. Так доўга чалавецтва ішло да ўсеагульнага і роўнага выбарчага права, а вы зноў прапануеце вярнуцца ў сярэднявечча, дзе валодаць адным з асноўных грамадзянскіх правоў будуць толькі абраныя, дзе грамадзтва падзелена на патрыцыяў і плебэяў. З дэмакратыяй такі падыход ня мае нічога агульнага.

Што да старэйшага пакаленьня і людзей малаадукаваных і недасьведчаных, то зь імі палітыкі, якія прэтэндуюць на галоўную дзяржаўную пасаду, павінны размаўляць на той мове, якую яны разумеюць. Хочаш быць прэзыдэнтам — умей распавесьці пра любую складаную грамадскую праблему так, каб зразумеў нават непісьменны. Іншага выйсьця тут няма.

Юры Заіка з расейскага Санкт-Пецярбургу даслаў электронны ліст:

“Пiшу вам з таго самага Пiцеру, дзе, як усiм цяпер добра вядома са словаў Лукашэнкі, некалi тварыў сам Скарына. Думаю, трэба будзе калi-небудзь знайсьцi час ды пашукаць тыя скарынаўскiя мясьціны Пецярбургу! Перадвыбарныя падзеi я назiраю адсюль, з Расеi, найперш праз расейскiя дзяржаўныя мэдыi. На мой погляд, усё, што празь iх трансьлююць, добра суадносiцца з генэральным вэктарам Крамля на падтрымку рэжыму Лукашэнкi. Непрыклад, зьбiцьцё Казулiна пададзена так, быццам ён сам “напрасiўся” ды быццам гэтыя падзеi — яго (Казулiна) плян, піяр-акцыя, як цяпер кажуць. Мiлiнкевiч паказаны “дрэнным хлопцам”, якi быў у Польшчы ды ў iншых “ворагаў” (аб тым, што ён быў i ў Маскве — нi cлова).

Шмат хто гаворыць пра грошы “варожага Захаду”, але маўчаць пра грошы “братской России” (у выглядзе таго ж газу). Крамлёўская прапаганда, такiм чынам, працуе ў адзін голас з Лукашэнкавай. Больш за тое, некалькi месяцаў таму спрошчаным шляхам была арганiзаваная трансьляцыя тэлеканалу БТ праз спадарожнiк на Расею. I шмат маiх знаёмых тут з задавальненьнем слухаюць i глядзяць гэтыя “лагодныя сьпевы”.

Меркаваньне маё, асаблiва ў сьвятле вядомых выказваньняў сьпiкера расейскай Думы Грызлова пра “так называемую оппозицию”, наступнае. Iзноў Расея наступае на тыя ж граблi, на якiя наступiла калiсьцi ва ўсiм былым сацлягеры, калi яна (тады яшчэ СССР) усяляк, нават гвалтоўна, падтрымлiвала камунiстычныя рэжымы. Там была тактыка супраць НАТО. Гэтак жа i цяпер, калi дзеля стратэгii Крэмль не заўважае лёcу дзесяцiмiльённага народу. Вынiк: Расея цяпер сутыкаецца зь нянавiсьцю амаль у кожнай краiне Ўсходняй Эўропы. Цягам часу Беларусь таксама пазбавiцца ад аўтарытарнага рэжыму. І цi не пажне тады Расея нянавicьць да сябе iзноў?”

У Маскве не сумняюцца ў перамозе Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах — відавочна, гэтым і тлумачацца выступы высокапастаўленых расейскіх палітыкаў у падтрымку дзейнай беларускай улады. Праўда, падтрымка Крамлём прэзыдэнта Лукашэнкі не такая ўжо актыўная і безаглядная. Прэзыдэнт Пуцін не выпраўляецца перад выбарамі ў Менск, як выпраўляўся ў Кіеў паўтара году таму, непакоячыся за зыход выбараў ва Ўкраіне). На галоўных расейскіх каналах у сюжэтах пра Беларусь усё ж знаходзіцца месца і Мілінкевічу, і Казуліну. (Параўнайце: на беларускім тэлебачаньні ў выпусках навінаў гэтыя імёны ўвогуле забаронена згадваць.) А магчымыя наступствы, якімі можа скончыцца для Масквы падтрымка апошняга ў Эўропе аўтарытарнага рэжыму, усё часьцей становяцца прадметам дыскусіяў сярод расейскай палітычнай эліты.

Кароткі электронны ліст зь Вільні ад нашага слухача Эдварда Сямашкі:

“Koжны дзень слухаю Радыё Свабода, а таксама вашыя, спадар Жданко, перадачы. Mне яны падабаюцца. Вельмі цікава паслухаць, як жывуць менавіта звычайныя, шараговыя грамадзяне Беларусі: што думаюць пра жыцьцё і як ставяцца да ўлады. Паверце, часам, слухаючы лісты, хочацца сьмяяцца, а часам — плакаць”.

Аўтар наступнага ліста — Антон Супрановіч зь Менску:

“Галасаваньня яшчэ не было, а ўжо ўсе ведаюць, што за Лукашэнку налічаць ня менш як 76 працэнтаў галасоў. Ну, што гэта за выбары? Нашым выбарам патрэбен народны кантроль. Хто падтрымлівае Мілінкевіча і Казуліна — бюлетэні ў скрыні апускаць не павінны. Трэба наладзіць народнае галасаваньне, а потым прыйсьці са сваімі бюлетэнямі і ўсенародна правесьці падлік галасоў”.

Ідэя так званага “народнага галасаваньня”, спадар Супрановіч, была агучаная некалькі месяцаў таму лідэрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянонам Пазьняком. Ён лічыць гэта адзінай у сёньняшніх умовах рэальнай магчымасьцю зламаць машыну фальсыфікацыяў і займець доказы махінацыяў пры падліку галасоў. Скептыкі, аднак, зьвяртаюць увагу на тое, што ў ініцыятараў ідэі недастаткова сілаў для таго, каб ажыцьцявіць яе. І справа ня толькі ў тым, што ня створаны мэханізм збору і апрацоўкі атрыманых такім чынам бюлетэняў. Галоўнае пытаньне: ці адважыцца колькі-небудзь значная частка беларускага электарату на тое, каб на вачах у міліцыянтаў і выбарчых камісіяў замест сапраўднага бюлетэня апускаць у скрыню прынесены з сабой аркуш.

Да таго ж, варта мець на ўвазе, што самі дэмакратычныя кандыдаты паставіліся да ідэі “народнага галасаваньня” досыць прахалодна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG