Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы павінны радавацца, што прэзыдэнтам застанецца Аляксандар Рыгоравіч”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія слухачы “Свабоды”, якія пішуць нам у гэтыя апошнія тыдні перад выбарамі, не сумняюцца ў тым, хто будзе абвешчаны позна ўвечары 19 сакавіка пераможцам прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. Адны лічаць гэтую прадвызначанасьць вялікай драмай для будучыні краіны; іншыя, наадварот, мяркуюць, што нязьменнасьць беларускай улады паспрыяе стабільнасьці і эканамічнаму росквіту. Адзін з тых, хто станоўча ацэньвае чарговы працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі — наш слухач зь Менску, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вячаслаў Уласаў.

“Вось ужо некалькі гадоў я слухаю вашу станцыю — увечары з 23-й гадзіны і раніцай з 7-й. Складаныя пачуцьці ўзьнікаюць пасьля вас. Але, на шчасьце, я хутка забываю нэгатыў, які льецца зь перадачаў “Свабоды”. Такая ўжо ў мяне фізіялягічная асаблівасьць — не трымаць у сабе нэгатыву. Цяпер і вам стане зразумела, чаму я ніколі не хварэю, не прастуджваюся і ніколі не ляжаў у шпіталі (за выключэньнем 5-гадовага ўзросту, калі пакутаваў на энурэз).

Пра хуткія выбары. Па-мойму, вы павінны радавацца, што прэзыдэнтам нашай краіны зноў застанецца Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Ну, падумайце самі: калі раптам прэзыдэнтам стане Мілінкевіч, ён жа будзе ажыцьцяўляць так званую “дэмакратычную” (а ў сапраўднасьці праамэрыканскую і праэўрапейскую) палітыку. А ў такім разе ці будзе дзядзька Сэм выдаткоўваць грошы на вашу станцыю? Вядома, не. Так што Аляксандар Рыгоравіч дае вам працу і заробкі — я так думаю.

Пра іншыя вашы перадачы. Чыстая эклектыка, хлусьня, маніпуляцыі фактамі. Цікава, а як вам удаецца браць інтэрвію ў нашых вядомых дзяржаўных палітыкаў ды іншых дзеячаў? Напэўна, крадзеце інфармацыю?”

Вы, спадар Уласаў, чуеце па “Свабодзе” галасы гэтых палітыкаў, пытаньні, якія задаюць ім нашы карэспандэнты… Адкуль жа ў вас такі сумнеў, што мы бярэм у іх інтэрвію? Калі на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні і радыё забаронена трансьляваць апазыцыйных палітыкаў, то гэта зусім не азначае, што такая ж забарона (толькі на дзяржаўных чыноўнікаў) павінна дзейнічаць на “Свабодзе”. Наадварот, адзін з галоўных прынцыпаў нашай дзейнасьці — аб’ектыўнасьць і ўсебаковасьць асьвятленьня любой тэмы. Дамагчыся гэтага, не даючы слова тым асобам, чыё меркаваньне важнае для забесьпячэньня аб’ектыўнасьці, немагчыма. Такі ж прынцып дзейнічае ў журналістыцы ва ўсіх дэмакратычных краінах, дзе няма цэнзуры і дзе сродкі масавай інфармацыі не манапалізаваныя дзяржавай. Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя зьмены і яна далучыцца да сям’і эўрапейскіх народаў — то, сапраўды, патрэба ў Радыё Свабода зьнікне. Як зьнікла яна, напрыклад, у Польшчы ці краінах Балтыі. Але адначасова там зьявіліся сотні незалежных сродкаў масавай інфармацыі. І ўсе былыя журналісты “Свабоды” бязь цяжкасьці знайшлі сабе працу. Так што і пра наша будучае працаўладкаваньне, спадар Уласаў, трывожыцца ня трэба.

Сумна, вядома, што пачутае па “Свабодзе” выклікае ў вас такія нэгатыўныя ацэнкі нашай працы. А з другога боку, прыемна, што нягледзячы на такое стаўленьне да “Свабоды” вы, нават ставячы пад пагрозу свае фізіялягічныя асаблівасьці і рызыкуючы рэцыдывамі энурэзу, двойчы на дзень уключаеце прыймач і настройваецеся на нашу хвалю.

Наступны кароткі ліст даслаў нам Мікалай Касута з Горадні:

“Апошнім часам шмат гавораць і пішуць пра стан у Беларусі, пра магчымасьць эканамічных санкцыяў з боку Захаду. Адны лічаць, што гэта — на карысьць будучыні Беларусі; у другіх процілеглая думка: санкцыі адмоўна адаб’юцца на дабрабыце простага народу. У некаторым сэнсе гэта і так, але і не зусім так. Думаю, большасьць нашых людзей — разумныя і прадбачлівыя, і разумеюць, што адбываецца наўкол іх.

Усё ж гэта вельмі абражальна, калі табе затыкаюць рот, калі зьбіваюць дубінай на плошчы толькі за тое, што ты захацеў выказаць сваю нязгоду. Наш народ усё роўна мусіць некалі прачнуцца ад непрытомнасьці і ўсьвядоміць, што далей так жыць нельга. Жывём не ў каменным веку, і немагчыма больш заставацца адарванымі ад цывілізаванага сьвету. Я хачу ганарыцца сваім ўсенародна абраным прэзыдэнтам. Хачу, каб яго сустракалі ва ўсіх цывілізаваных краінах ганаровай вартай і нацыянальным гімнам”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Касута: тэма магчымых эканамічных санкцыяў з боку Захаду ў Беларусі цяпер нідзе асабліва не абмяркоўваецца. Пасьля ўвядзеньня палітычных паправак у Крымінальны кодэкс такое абмеркаваньне стала папросту небясьпечным. А ўвогуле, ключ да вырашэньня ўсіх беларускіх праблемаў — унутры Беларусі, у руках самога беларускага грамадзтва, а зусім не за межамі краіны.

Ліст з Баранавічаў, ад слухачкі, якая падпісалася псэўданімам Ганна Гарадзенская:

“Гляджу тэлеканал ОНТ, бясконцыя канцэрты пад лёзунгам “За Беларусь”, і ў памяці ўсплываюць маладыя гады, калі вучылі ў школе такія радкі Маякоўскага: “Мы говорим “Ленин”, подразумеваем “партия”… А цяпер, атрымліваецца, “Мы говорим “За Беларусь!”, а подразумеваем… Таго, чый перадвыбарчы лёзунг “За сильную и процветающую Беларусь!”. Гэта ж перадвыбарчая агітка, прытым, незаконная да рэгістрацыі кандыдата. Усе простыя людзі гэта разумеюць, а Цэнтравыбаркам кажа, што гэта не агітацыя.

І з чыёй кішэні аплачаныя выступы даражэзных расейскіх поп-зорак? Квіткі ж на іх распаўсюджваюцца бясплатна. Значыць, грошы ўзяты зь бюджэту, з тых падаткаў, якія ўсе мы плацім. А тым часам хворых беларусаў няма чым лячыць. Паспрабуйце зрабіць у правінцыі ўльтрагукавое дасьледаваньне. Таленавітыя дактары могуць і ведаюць, як лячыць, але няма лекаў і апаратуры. А на гэта ў дзяржавы грошай не хапае. Зарплаты і пэнсіі падвышаюць на некалькі працэнтаў, а цэны на тавары і камунальныя паслугі растуць у разы.

Ніхто нам не дапаможа, калі самі ня зробім разумнага выбару для сваіх дзяцей і ўнукаў. Бо для сябе выбар мы ўжо зрабілі: хопіць надоўга для ўсіх”.

Прапаганда не заўсёды дасягае той мэты, на якую разьлічваюць яе гаспадары і рэжысэры. Большасьць вясковых жыхароў у сёньняшняй Беларусі маюць магчымасьць глядзець толькі дзяржаўныя тэлеканалы. Усе інфармацыйныя выпускі іх запоўнены цяпер паведамленьнямі пра посьпехі і дасягненьні ўлады. На экране чалавек бачыць сюжэты пра шчасьлівае і заможнае жыцьцё, а за акном уласнай хаты — занядбалы калгас і зачыненую амбуляторыю. Прычым зачынілі гэтую амбуляторыю, як пераконваюць вясковых людзей, дзеля іх жа выгоды: цяпер дзяржаўныя грошы будуць эканоміцца, а ў раённай паліклініцы вяскоўцы змогуць атрымаць больш кваліфікаваную дапамогу. Вось толькі да райцэнтру — трыццаць кілямэтраў, а перапоўнены аўтобус ходзіць туды раз на тыдзень.

Можна з раніцы да вечара паўтараць бясконцыя канцэрты “За Беларусь!”і тэлесюжэты пра рост дабрабыту ў Беларусі: вырашальны ўплыў на людзей будуць мець усё ж не яны, а рэаліі іх уласнага жыцьця.

На заканчэньне новы ліст ад Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну:

“Наш народ жыве паводле спрадвечных прымавак. Вось некаторыя зь іх: “Як ёсьць, так і добра”, “Мая хата з краю”, “Цішэй едзеш — далей будзеш”. Часам думаю: можа, нашага цяперашняга прэзыдэнта гульцы вялікай палітыкі настолькі ўцягнулі абяцаньнямі ды падманам у сваю гульню, што Аляксандар Рыгоравіч ужо ня можа зь яе выйсьці? Цягнік пайшоў, і рэйкі разабралі… Можа, яму дапамога патрэбна, сяброўства, давер і любоў?

А яшчэ хачу падзяліцца адным назіраньнем апошняга часу з жыцьця вёскі. Пабудавалі ў нас у калгасе некалькі новых дамоў. Дык побач зь некаторымі на сядзібе ўвогуле няма хлявоў. А ў некаторых ёсьць — з блёкаў, кшталту галубятні ці хлеўчука для дроў. А карову і сьвінчо дзе трымаць? Можа, у хаце? Абсурд. І вельмі многае ў нашай краіне робіцца гэтак жа — празь пень-калоду”.

Такія хлеўчукі на новых сядзібах атрымаліся зусім не таму, спадар Кляноўскі, што мясцовыя начальнікі ня ведаюць, якія гаспадарчыя пабудовы патрэбны вясковаму чалавеку. Ведаюць! Уся справа ў тым, што менскае кіраўніцтва вызначыла жорсткія ліміты для будаўнікоў: колькі грошай павінна каштаваць сядзіба. Да нядаўняга часу дом з гаспадарчымі пабудовамі павінны былі будаваць за 20 тысяч даляраў. А якія грошы — такія і будынкі. У некаторых рэгіёнах у выніку зьявіліся дамы нават без сыстэмы ацяпленьня (на яе грошай не хапіла); у некаторых — без водаправоду.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Фёдар Буяк зь вёскі Дворышча Лідзкага раёну, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, Міхаіл Дубянчук зь Менску, Васіль Валошка з пасёлка Радашкавічы Маладэчанскага раёну, Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну, Іосіф Красналобаў зь вёскі Старое Сяло Віцебскага раёну і Марыя Тананка зь вёскі Залесьсе Смаргонскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG