Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці чакаецца ў Беларусі люстрацыя кадраў?


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі кажа, што кантралюе кадравую палітыку, і прызначэньне чыноўнікаў адбываецца толькі зь ягонай згоды. Ён заяўляе, што ніхто нікога цяпер ня можа пралябіраваць. Аляксандар Лукашэнка загадаў чыноўнікам займацца ідэалягічнай працай. Ён абяцаў скарачэньне апарату. Паводле спадара Лукашэнкі, усялякія спробы кіраўнікоў і чыноўнікаў “заткнуць рот” людзям будуць прыпыняцца. Якой жа будзе кадравая палітыка? Ці чакаецца ў Беларусі люстрацыя кадраў? З такім пытаньнем да кандыдатаў у прэзыдэнты і іх прадстаўнікоў зьвярнуўся наш карэспандэнт.

У сваёй перадвыбарчай праграме Сяргей Гайдукевіч заяўляе, што ў Беларусі “існуе цэлая армія зусім непатрэбных чыноўнікаў, якія вырашаюць свае фінансавыя праблемы за кошт народа”. Паводле спадара Гайдукевіча, “гэта спрыяльная глеба для хабарніцтва, ствараюцца ўмовы для ўзмацненьня карупцыі ў дзяржаўных органах”.

Аляксандар Казулін заяўляе, што люстрацыі і нейкіх масавых чыстак чыноўнікі могуць не асьцерагацца.

(Казулін: ) “Ні адна дзяржава ў сьвеце не абыходзіцца без чыноўнікаў. Таму пра якія чысткі можа ісьці гаворка? Гэта толькі вар’ят можа такое прапаноўваць. Гаворка ідзе пра тое, што ўсе прафэсіяналы застануцца на сваіх месцах. Ад ланцужных сабак пазбавімся. А ланцужных сабак у нас нямнога”.

Паводле спадара Казуліна, перамены ў сфэры кадравай палітыкі найперш будуць у сьвядомасьці. Масавай жа зьмены кадраў ня будзе.

(Казулін: ) “Будуць нармальным, натуральным шляхам прыходзіць сьвежыя людзі, але прафэсійныя. Прычым на працу вернуцца і тыя, хто быў звольнены з-за таго, што дазваляў сабе думаць інакш, чым думае ўлада”.

Адносна цяперашняй кадравай палітыкі ў краіне Аляксандар Казулін заўважыў:

(Казулін: ) “Сёньня Лукашэнка не праводзіць ніякай кадравай палітыкі. Яна абсалютна бессыстэмная, хаатычная і заснавана на кумаўстве, сямейнасьці і асабістай адданасьці. Таму, пра якую кадравую палітыку Лукашэнкі можна казаць? Яе няма”.

Прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін кажа, што пра кадравую палітыку яго кандыдата можна гаварыць доўга:

(Косьцін: ) “ На адказнай пасадзе павінен быць чалавек, які мысьліць маштабна, разумее ўсе працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Галоўнае, каб чалавек быў прафэсіяналам у сваёй сфэры. Краіна наша разьвіваецца. Магчыма, на адказных пасадах спатрэбяцца новыя людзі, які больш эфэктыўна будуць рэалізоўваць палітыку па разьвіцьцю нашай краіны. А вось наконт люстрацыі, то зразумела, што ніякай люстрацыі быць ня можа”.

Камэнтуючы пазыцыю Аляксандра Мілінкевіча, старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька заўважыў:

(Лябедзька: ) “Усе прафэсіяналы– чыноўнікі могуць спакойна ноччу спаць і быць упэўненымі, што яны будуць працаваць не дзеля прэзыдэнта, не дзеля сваіх карпаратыўных інтарэсаў, а дзеля Беларусі. Гэта ясная, дакладная пазыцыя. Ня будзе ніякай люстрацыі. Разам з тым будуць створаныя ўмовы для пэўнай канкурэнцыі сярод чыноўнікаў. Мы за тое, каб велізарную колькасьць выпускнікоў нашых ВНУ накіраваць на стажыроўку ў замежжа. Канешне, ня могуць адчуваць сябе спакойна тыя, хто арганізоўваў выкраданьне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, хто парушаў канстытуцыю і заканадаўства. Гэта невялікая колькасьць людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG