Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перамагчы каманду, якой дазволена гуляць не па правілах, немагчыма”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці паўплывае агітацыйная перадвыбарчая кампанія, якая пачалася на мінулым тыдні, на палітычныя схільнасьці беларусаў і на пазнавальнасьць апазыцыйных кандыдатаў? У каго з трох кандыдатаў найбольшыя магчымасьці, каб скласьці рэальную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку? Ці застаюцца шанцы на тое, што сакавіцкія выбары пройдуць паводле іншага сцэнару, чым прэзыдэнцкія выбары 2001 году? На гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя з выбарчай кампаніяй, спрабуюць адказаць слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста ад Уладзіслава Хархардзіна зь Верхнядзьвінску. Ён піша:

“Навіны апошняга часу вельмі і вельмі насьцярожваюць. Вядзецца сапраўднае паляваньне на Алеся Мілінкевіча і яго каманду. І ўлады, і супернікі так і імкнуцца падставіць яму якую-небудзь пастку. А СМІ проста выкручваюць мазгі сваім гледачам і слухачам. Усё гэта сьведчыць, што наш Алесь значна мацнейшы за двух Аляксандраў і Сяргея. І, калі б выбары былі сапраўды свабодныя, Мілінкевіч стаў бы нашым новым прэзыдэнтам. Але ў Беларусі адбудуцца ня выбары, а аўкцыён: хто дасьць болей. Стаўка ўжо абвешчана: павінна быць дадзена 76—78 працэнтаў за дзейнага прэзыдэнта.

Але і ў гэтым выпадку Алесь Мілінкевіч выйграе, а параза будзе наша з вамі: надалей працягнецца стагнацыя, якую называюць “стабільнасьцю”, а нашы людзі пры такой “стабільнасьці” па-далейшаму ня змогуць знаходзіць працу дома і “стабільна” будуць шукаць яе ў Расеі. Усё гэта добра вядома нашаму электарату, але многія ўсё роўна будуць галасаваць так, як ім загадаюць. На памяць зноў прыходзяць радкі Васіля Быкава: “За імі — перамога, а за намі — ісьціна”. Вось з гэтым і будзем жыць далей”.

Зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці ўсё ж адбываюцца, спадар Хархардзін. І наўрад ці аднойчы адпрацаваны ўладай сцэнар выбараў можа безадмоўна дзейнічаць і ў 1996, і ў 2001, і ў 2006 гадах. Падрастаюць і становяцца выбаршчыкамі новыя пакаленьні беларусаў, якія не разумеюць настальгіі сваіх бацькоў па савецкім мінулым; сотні тысяч жыхароў краіны штогоду бываюць за мяжой, бачаць, як жывуць народы, якія пазбавіліся ад аўтарытарных рэжымаў. Урэшце, людзі папросту сувымяраюць і параўноўваюць рэаліі ўласнага жыцьця з прапагандысцкімі ўсхваленьнямі “дасягненьняў і посьпехаў”, якімі запоўнена інфармацыйная прастора Беларусі. І, увогуле, большасьць людзей у любым грамадзтве хоча праўды, справядлівасьці і роўнасьці.

Наступны ліст даслаў нам Леанід Курпатаў зь Ліды. Ён таксама разважае пра хаду выбарчай кампаніі:

“Усё гэта можна параўнаць з гульнёй у футбол, у якой адной камандзе дазволена ўсё (нават закідаць мяч у браму рукамі), а гульцам другой бесьперапынна паказваюць жоўтыя, а то і чырвоныя карткі за найменшыя гульнявыя сутыкненьні. Вынік такой гульні прадказальны. А ці ведаеце вы, якое самаадчуваньне гульцоў каманды, што незаслужана пацярпела паразу, які настрой заўзятараў гэтай каманды? Вядома, перамагчы каманду, якой дазволена гуляць не па правілах, немагчыма. Тады паўстае пытаньне: а дзеля чаго гуляць? І ці трэба гуляць у такіх умовах? Лічу, што не!”

Ідэя байкоту, спадар Курпатаў, у беларускім грамадзтве ня надта папулярная: усе сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра тое, што яе падтрымлівае нязначная колькасьць насельніцтва. А якімі могуць быць выбары, калі ў іх ня ўдзельнічае апазыцыя, многія добра памятаюць па ня надта далёкім савецкім часе. Адсутнасьць альтэрнатывы, вонкавае аднадумства, татальны кантроль дзяржавы… Так, выбары ў сёньняшняй Беларусі — гэта гульня нераўнапраўных супернікаў. Але нават у такой гульні не заўсёды перамагае той, каму дапамагае неаб’ектыўны судзьдзя.

Аўтар наступнага кароткага ліста — Алесь Шустоўскі з Барысава. Ён таксама разважае пра магчымасьць зьмены ўлады ў Беларусі, і, у прыватнасьці, пра кадравую палітыку:

“На тэму ратацыі кадраў у краіне шмат гавораць, нават на дзяржаўным тэлебачаньні. Але ніхто з кіраўнікоў ня хоча добраахвотна пакідаць сваёй пасады. Тут, напэўна, дзейнічаюць адвечныя прыродныя інстынкты — цяга да лідэрства і да супрацьлеглага полу. Лічу, што наступным прэзыдэнтам будзе спрактыкаваны палітык і беларускі грамадзкі дзеяч Сяргей Гайдукевіч, які, як мне вядома, паважліва ставіцца да беларускай мовы, беларускіх спрадвечных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня”. Таму Аляксандру Рыгоравічу можна сьмела перадаваць незалежную беларускую дзяржаву ў надзейныя рукі лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі”

Думаю, спадар Шустоўскі, многія аспрэчаць вашы ацэнкі. Рэч у тым, што Сяргей Гайдукевіч у розны час па-рознаму выказваўся і наконт беларускай мовы, і наконт нацыянальных гістарычных сымбаляў. Выказваньні гэтыя часта супярэчлівыя. Напрыклад, у сваёй праграме на мінулых выбарах ён цьвердзіў, што адраджэньне і разьвіцьцё культурнай спадчыны нельга адкладаць на больш позьні тэрмін, калі будуць вырашаныя эканамічныя праблемы. А ў адным з інтэрвію нават абяцаў у выпадку сваёй перамогі перавесьці справаводзтва на беларускую мову. У той жа час цяжка згадаць выпадак, калі б Сяргей Гайдукевіч выступаў па-беларуску з афіцыйнай трыбуны. А нядаўна ён адмовіўся гаварыць на тэму нацыянальных сымбаляў, спасылаючыся на рашэньне найвышэйшага савету сваёй партыі. Пры гэтым у кабінэце спадара Гайдукевіча ўсталяваны чырвона-зялёны сьцяг. Гэтыя самыя афіцыйныя колеры прыняла і ягоная Лібэральна-дэмакратычная партыя.

На заканчэньне ліст ад Яна Савіцкага з Баранавічаў:

“Слухачом “Свабоды” я застаюся амаль безь перапынкаў ужо больш за трыццаць гадоў. Зьмяняліся дыктары, сівелі і губляліся мае валасы, трушчыліся імпэрыі, а Радыё Свабода так і заставалася маім унівэрсытэтам. Зь яго пачынаецца дзень і на ім жа заканчваецца. Слухаючы “Свабоду”, уцякаеш ад жыцьцёвай марнасьці і панаваньня расейшчыны. Сілкуесься “Свабодай” і набіраесься моцы для творчасьці і дзейнасьці. Сваімі хвалямі яно злучае нашу беларускую сьвядомасьць”.

У сваім лісьце Ян Савіцкі расказвае, што год таму пазнаёміўся ў шпіталі з былым інжынэрам, які доўгі час працаваў на Баранавіцкай радыёстанцыі. У службовыя абавязкі яго, сярод іншага, уваходзіла глушэньне так званых “варожых галасоў”.

“На пачатку 1980-х гадоў на станцыі працавала каля дзесяці чалавек інжынэрна-тэхнічнай абслугі, — пераказвае расказ свайго знаёмага Ян Савіцкі. — Пры гэтым самі яны слухаць “варожыя галасы” не маглі: напэўна, па ідэалягічна-тэхнічнай задумцы. Іх абсталяваньне прымала толькі кодавыя сыгналы “пі-пі-пі”. І трэба было не марудзячы на гэтыя сыгналы навесьці “глушылку”. Працай даражылі. Інжынэр (амаль за абібоцтва) атрымліваў 160 рублёў за месяц. Сяды-тады можна было разжыцца і радыёдэталямі. Радыюс дзеяньня станцыі ахопліваў увесь Баранавіцкі раён, а таксама вялікую частку Гарадзеншчыны і Меншчыны....Гарбачоўская галоснасьць зрабіла непатрэбнымі “глушылкі” і КПСС. Баранавіцкая станцыя была ў большасьці закансэрвавана, штат скарочаны, а абсталяваньне часткова разукамплектавана і раскрадзена”.

Дзякуй вам, спадар Савіцкі, за цікавы расказ. Заўважу: многія нашы слухачы ўпэўненыя, што дзейнасьць “глушылак” апошнім часам адноўленая. Да такой высновы яны прыходзяць, аналізуючы зьмены ў якасьці прыёму “Свабоды” ды іншых замежных радыёстанцыяў на тэрыторыі Беларусі. Аднак афіцыйна ці дакумэнтальна пацьверджаных зьвестак на гэты конт мы ня маем. Вось і Ян Савіцкі паведамляе, што будынак радыёстанцыі ў Баранавічах, у якім раней месьцілася служба глушэньня, цяпер перададзены мясцовай камэрцыйнай тэлестудыі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Юрась Навіцкі і Вячаслаў Уласаў зь Менску, Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну, Алег Астаповіч з Лунінца і Васіль Шушык са Смаргоні. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG