Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча выключылі з унівэрсытэту


Радыё Свабода Студэнту 3-га курсу філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Я.Купалы Яўгену Скрабутану сёньня паведамілі ў дэканаце, што ён больш ня вучыцца ва ўнівэрсытэце. Днямі Мастоўскі раённы суд пакараў яго штрафам — 290 тысяч рублёў за знойдзеныя ў яго 5 тысяч календарыкаў са здымкам Аляксандра Мілінкевіча і словамі “Люблю Беларусь”. Студэнт зьяўляўся сябрам ініцыятыўнай групы Мілінкевіча.

У дэканаце Яўгену Скрабутану патлумачылі, што, паводле загаду, ён другі раз дапусьціў парушэньне за час навучаньня. Першы раз яго выключылі за графіці ў 2004 годзе, яму тады ўдалося вярнуцца ва ўнівэрсытэт. Яўген Скрабутан гаворыць, што цяпер яго выключылі надзвычай хутка — на другі дзень пасьля суду, прычым, яго нікуды не выклікалі. У дэканаце толькі паказалі электронны варыянт выпіскі з загаду пра выключэньне.

Дэкан філялягічнага факультэту Віктар Царлюкевіч сказаў мне, што ня бачыў загаду аб выключэньні студэнта. Праўда, наколькі яму вядома, ва ўнівэрсытэце ёсьць ліст з Мастоўскага суду. Віктар Царлюкевіч гаворыць:

(Царлюкевіч: ) “Будзе выпіска з загаду, тады будзем размаўляць. Бо гэта даволі складаныя, далікатныя рэчы. Гэта як з судом: калі ня вынесена канчатковае рашэньне, няма сэнсу абмяркоўваць. Карацей, будзе загад — будзем абмяркоўваць”.

Між тым, Яўген Скрабутан наведаў аддзел кадраў, дзе занатаваў, зноў-такі электронны варыянт загаду ад 14 лютага. Паводле яго, там напісана: “адлічыць Яўгена Скрабутана”, прычым на прадстаўленьне дэкана — за парушэньне ўнутранага раскладу і правілаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Пасьля гэтага я сам патэлефанаваў у аддзел кадраў унівэрсытэту, але там адмовіліся са мной размаўляць.

Адзін з выкладчыкаў дапускае, што паводзіны ўнівэрсытэцкіх службоўцаў можна патлумачыць тым, што не зьбіралася рада выкладчыкаў, каб выключыць студэнта, а таксама прафсаюзны сход. Паўтара году таму Яўгена Скрабутана выключылі з унівэрсытэту за графіці. Зроблена гэта было з парушэньнямі, таму яму ўдалося аднавіцца ва ўнівэрсытэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG