Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўцы разьвіталіся з народным артыстам СССР Віктарам Тарасавым


Радыё Свабода На 73-м годзе памёр народны артыст СССР і Беларусі Віктар Тарасаў, які больш за сорак гадоў аддаў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Апошнія дзесяць гадоў пра Тарасава практычна не было чуваць — сышоўшы з тэатру, ён перанёс цяжкую хваробу і жыў за горадам. Сёньня ў Купалаўскім тэатры адбылося разьвітаньне з майстрам.

Труна зь целам Віктара Тарасава стаяла на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатру, на якой актор сыграў не адну сотню спэктакляў. Выпраўлялі ў апошні шлях з ротай ганаровай варты і вянком ад прэзыдэнта. А вось разьвітацца прыйшлі толькі некалькі дзясяткаў чалавек. У кулюарах перашэптваліся: пра сьмерць Тарасава шмат хто ня ведае дагэтуль — Тарасавы даўно не жывуць у Менску, і сувязь зь імі згубілі нават старыя сябры. Пра гэта кажа народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, якая доўгі час жыла ў адным доме з Тарасавымі.

(Бандарэнка: ) “Мы жылі ў адным доме — Віктар і ягоная жонка Ніна Піскарова. Але ўрэшце сваю вялікую кватэру ім давялося памяняць на вялікі вясковы дом у прыгарадзе Менску. Паводле стану здароўя яму патрабавалася сьвежае паветра, і яны пераехалі. Вельмі сумна... Згадваю юнацкія гады, калі ён зьбіраў самы прыгожы кветкавы вяночак жаночых сэрцаў, калі ішоў спэктакль з удзелам Віктара Тарасава. Так яго любілі гледачы…”

У часе жалобнай цырымоніі першым выступіў міністар культуры Ўладзімер Матвяйчук, які расказаў біяграфію Віктара Тарасава. Яшчэ прамаўлялі мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі, мастацкі кіраўнік тэатру “Сучаснай драматургіі” Валеры Анісенка. Але з найбольш эмацыйнай прамовай на сцэну выйшаў народны артыст СССР Генадзь Аўсяньнікаў, які сябраваў з Тарасавым больш за паўстагодзьдзя. Ён, дарэчы, ці не адзіны, хто падтрымліваў сябра да апошніх дзён жыцьця.

(Аўсяньнікаў: ) “У Віктара быў мікраінсульт, потым зьявіліся праблемы са страўнікам. Але апэрацыяў ніякіх не рабілі, проста ўжо адмовіў страўнік, і ён нічога ня мог зьесьці. Летась 29 сьнежня, на ягоны дзень нараджэньня, я яго як мог падымаў, пераварочваў. Ён ужо ўвесь час толькі ляжаў…”

Ля труны Тарасава сёньня стаялі ня толькі былыя паплечнікі-купалаўцы. Разьвітацца зь ім прыйшлі акторы зь іншых беларускіх тэатраў, мастакі, пісьменьнікі. Тарасаў за апошняе дзесяцігодзьдзе ніяк не акрэсьліваў свайго стаўленьня да таго, што адбываецца ў краіне, таму сабраліся прадстаўнікі розных грамадзка-палітычных поглядаў. Гаворыць драматург Аляксей Дудараў:

(Дудараў: ) “Раз-пораз паказваюць старыя стужкі. Зь якой цеплынёй мы іх глядзім!.. Бо там, дзе зьяўляецца Віктар Паўлавіч, у якой бы ролі ён ні быў — імпэратара ці звычайнага чалавека, але адразу адчуваецца цеплыня, дабрыня, высакароднасьць і рыцарства”.

Практычна ўсе перакананыя, што Тарасаў заслугоўваў лепшай долі. Тарасаў падзяліў лёс шмат якіх савецкіх актораў, якія зьняліся ў дзясятках фільмаў і сталі знакавымі постацямі на тэатральных падмостках, але памерлі ў адзіноце і без капейкі ў кішэні.

…Віктар Тарасаў — адзін з апошніх у Беларусі народных артыстаў СССР. З жывых носьбітаў гэтага званьня засталіся толькі актор Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Горкага Расьціслаў Янкоўскі і згаданы ўжо Генадзь Аўсяньнікаў.

Віктар Тарасаў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У трупе Купалаўскага тэатру — ад 1957 году. Актор “шырокага дыяпазону”, сыграў больш за сто рознаплянавых роляў. Сярод лепшых, паводле крытыкаў, Ахмэд у “Дзіваку” Н.Хікмэта, Клеон (“Забыцца пра Гэрастрата” Р.Горына), Келін (“Сьвятая сьвятых”, І.Друцэ), Бачана (“Закон вечнасьці” Н.Думбадзэ), Няхлюдаў (“Уваскрасеньне” Л.Талстога), Гараднічы (“Рэвізор” М.Гогаля), Барон і Іван Каламійцаў (“На дне” і “Апошнія” М.Горкага). Шмат працаваў у кінэматографе: “Соф’я Пяроўская”, “Полымя”, “Крушэньне Імпэрыі”, “Кіроўца аўтобуса”, “Дзяржаўная мяжа”, “Руіны страляюць”, “Зацішша”, “Бацька” і іншыя. За ролю Яўхіма ў тэлефільме “Людзі на балоце” атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.
XS
SM
MD
LG