Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нельга асуджаць тых людзей, якія ўсім сэрцам аддадзены Лукашэнку”


Валянцін Жданко, Менск У нашай пошце апошніх дзён па-ранейшаму пераважаюць лісты, аўтары якіх выказваюцца наконт тэмы выбараў.

У гэтыя дні ў Беларусі завяршаецца збор подпісаў за вылучэньне сямі палітыкаў кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта. Пра тое, як працавалі ініцыятыўныя групы, наколькі значны плён іх дзейнасьці, паведамляюць у сваіх лістах нашы слухачы. Сёньняшні агляд пачну з допісу Міхаіла Каваленкі з Бабруйску. Слухач піша:

“Да мяне ў кватэру двойчы заходзілі зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку. І я, вядома, падпісаўся. Не таму, што надта ўжо люблю Лукашэнку. Проста жанчыны, якія зьбіраюць подпісы, працуюць у райвыканкаме. Навошта іх крыўдзіць? У іх і так праца нялёгкая. Ды і па цяперашнім часе трэба быць асьцярожным — раптам возьмуць кватэру на кантроль за тое, што адмовісься ставіць подпіс. Ніякія агітатары з групаў іншых прэтэндэнтаў у дзьверы ня стукалі. І нідзе на вуліцы я іх ня бачыў. Каб ня слухаў “Свабоды”, дык і ўвогуле ня ведаў бы, што яны існуюць — Мілінкевіч, Казулін, Фралоў ды іншыя. Дык пра што можна гаварыць? З такой апазыцыяй улада можа жыць ня тужыць. Ніхто пра гэтых бязьдзейных палітыкаў нават ведаць ня будзе, калі самі яны не варушацца”.

Вядома, спадар Каваленка, ні Мілінкевіч, ні Казулін ня могуць прымусіць супрацоўнікаў выканкамаў, ЖЭСаў, школ і шпіталяў хадзіць па кватэрах і зьбіраць за іх подпісы. Іхныя магчымасьці значна больш сьціплыя — асабліва ва ўмовах, калі ўдзел у апазыцыі вымагае ад людзей немалой грамадзянскай мужнасьці. А паказваць апазыцыйных прэтэндэнтаў па тэлевізары ды расказваць пра іхную дзейнасьць у дзяржаўных газэтах увогуле забаронена. Чаму гэта зроблена? Відавочна, якраз дзеля таго, каб у вялікай колькасьці людзей, адрэзаных ад крыніцаў аб’ектыўнай інфармацыі, склалася ўражаньне, што гэтыя палітыкі, як вы пішаце, “не варушацца”, альбо што іх увогуле не існуе.

Электронны ліст ад Андрэя Сьмірнова зь Менску. Слухач адгукнуўся на тыя лісты, аўтары якіх лічаць, што альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку дзяржавы на сёньня няма. Андрэй Сьмірноў піша:

“Добры дзень, спадар Валянцін. Лічу, нельга асуджаць тых людзей, якія ўсім сэрцам аддадзены цяперашняму кіраўніку краіны.Так, яны, сапраўды, не ўспрымаюць аніякіх аргумэнтаў. Але ж вядома яшчэ з даўніх заходніх сацыялягічных дасьледаваньняў, што ў спакойнай палітычнай атмасфэры палітыкай цікавяцца ня больш за 5% грамадзянаў любой краіны. Падчас пераменаў (якія звычайна, ізноў жа, пачынаюцца “зьверху”) колькасьць такіх людзей узрастае да 20%. Астатнія людзі заклапочаныя толькі тым, што датычыць іх уласнага дабрабыту. І калі перад чалавекам не стаіць пытаньне паляпшэння жыльлёвых умоваў (вырашыць якое цяпер, сапраўды, стала вельмі цяжка, нават у параўнаньні зь недалёкім мінулым), то ва ўсім астатнім трэба пагадзіцца: хоць і павольна, але дабрабыт людзей у Беларусі ўзрастае.

Гэта аб’ектыўна, і нават не ад Лукашэнкі залежыць. Ён спыніў свае экспэрымэнты са шматлікімі курсамі валютаў. Спыняецца “даеньне” прадпрымальнікаў. Высачэзныя кошты на расейскія энэрганосьбіты і паступленьне ў Расею вялікіх патокаў грошай і тавараў даюць магчымасьць і нашай краіне мець з гэтага сваю выгаду. Сёньня амаль палова нашага бюджэту — гэта мытныя зборы і транзыт. Рухне Расея — рухнем і мы, незалежна ад таго, хто будзе пры ўладзе. Таму што ні тэлевізараў, ні лядоўняў нашых на Захадзе ня купяць.

І таму адзіная прэтэнзія да Лукашэнкі, якая сапраўды будзе цалкам аб’ектыўнай і неаспрэчнай — гэта тое, што ён фактычна антынацыянальны прэзыдэнт. Зусім не клапоціцца аб аднаўленьні моўных і культурных стасункаў паміж людзьмі. Пры тым, што наша монаэтнічная дзяржава доўгі час знаходзілася ва ўмовах штучнай асыміляцыі да расейскага (савецкага) народу. І таму пусьціць на самацёк гэтую справу і нават змагацца, каб апазыцыя ня віла гнёздаў у ВНУ — значыць, змагацца супраць тых некалькіх адсоткаў беларусаў, якія сёння і складаюць беларускую нацыю побач з нацыяй “тутэйшых”, якім “всё равно”. Але будзем рабіць сваю справу, ня гледзячы ні на кога. Жыве Беларусь! З павагай, Андрэй Смірноў”.

Думаю, Андрэй, пад вашымі зусім слушнымі і лягічнымі развагамі маглі б падпісацца многія беларускія хлопцы і дзяўчаты. Але зьвярну ўвагу на адзін момант, які мне падаецца спрэчным. Сьцьвярджэньне пра тое, што ніхто на Захадзе ня будзе купляць беларускай прадукцыі — надзвычай распаўсюджанае ў Беларусі і ў Расеі. Падобныя аргумэнты яшчэ нядаўна можна было пачуць ва ўсіх нацыянальных рэспубліках былога СССР адносна іх эканамічных магчымасьцяў і пэрспэктываў. Напрыклад, вельмі актыўна іх выкарыстоўвалі напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў у дачыненьні да былых савецкіх рэспублік Прыбалтыкі, якія тады імкліва пазбаўляліся ад залежнасьці ад Масквы. Папярэджаньні гэтыя, аднак, іх не напалохалі, і сёньня ўсе тры краіны Балтыі — паўнапраўныя ўдзельніцы Эўразьвязу. На эўрапейскую ж супольнасьць прыпадае і большая частка іхнага зьнешняга гандлю. Так, многія савецкія прадпрыемствы ім давялося мадэрнізаваць альбо перапрафіляваць, але гэта ўрэшце пайшло толькі на карысьць, бо яны сталі выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая мае попыт і на Захадзе, і на Ўсходзе. Дарэчы, і ў сёньняшняй Беларусі каля паловы ўсяго экспарту прыпадае якраз на краіны Эўразьвязу. І экспартуецца туды ня толькі сыравіна і паліва.

Наступны ліст — ад жыхаркі Менску Марыі Сіліч, маці былога карэспандэнта газэты “Народная Воля” Аляксандра Сіліча, які летась атрымаў палітычны прытулак у Бэльгіі. Спадарыня Сіліч напісала нам, пачуўшы па “Свабодзе” 2 студзеня ў перадачы “Прыватны дзёньнік” успаміны Зянона Пазьняка. Тады прагучалі, у прыватнасьці, наступныя словы лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ:

“Памятаю, як ёрнічаў некалі такі Алесь Сіліч: “Приезжайте, Зенон Станиславович, будем вместе бороться за Беларусь”. Потым гэтага Сіліча перакінулі ў Бэльгію ў якасьці “палітуцекача”. Там гэтай публікі сабралася столькі, што пастваралі нават свае прарасейскія “белорусские центры”, уступілі ў кантакт з бэльгійскай разьведкай, даносяць на беларусаў і нішчаць беларускіх адраджэнцаў”.

Марыя Сіліч з нагоды пачутага піша:

“Лічу гэтыя словы непраўдзівымі і неабгрунтаванымі. Чужыя зьнішчаюць фізычна, а свае забіваюць маральна — сваёй падазронасьцю і празьмернай радыкальнасьцю. Мае дзяды і бацькі, уцёкшы ў 1933 годзе з Украіны ад галадамору, на гасьціннай беларускай зямлі працавалі сумленна і старанна — як рабочыя і будаўнікі. Ні ў партыях, ні ў НКВД не служылі. Бацьку мужа, Юльяна Сіліча, у 1932 годзе беспадстаўна рэпрэсавалі, выслалі на “Беламорканал”. Потым рэабілітавалі. Мы з мужам працавалі інжынэрамі на беларускіх прадпрыемствах. Мы ганарымся сваім сынам. Ён сумленны і прыстойны чалавек. Любіць сваю Беларусь гэтак жа, як і вы, Зянон Станіслававіч. Калісьці мы ўсе за вас галасавалі, а цяпер вы нас адштурхоўваеце сваімі беспадстаўнымі абвінавачаньнямі”.

Цяжка сказаць што-небудзь пэўнае наконт абвінавачаньняў палітуцекача Зянона Пазьняка на адрас палітуцекача Алеся Сіліча. Заўважу толькі, што наконт уцёкаў з краіны гэтых двух людзей, як і ўвогуле наконт самой зьявы палітычнай эміграцыі зь сёньняшняй Беларусі, шмат супярэчлівых меркаваньняў і ацэнак. Грунтуючыся на нічым не пацьверджаных зьвестках, што час ад часу зьмяшчаліся ў друку на працягу апошніх дзевяці гадоў, Алесь Сіліч, напэўна, таксама мог бы адказаць Зянона Пазьняку ня менш крыўднымі папрокамі і падазрэньнямі. Іншая рэч, наколькі патрэбная гэтая сварка двум людзям, што апынуліся ў фактычна аднолькавым становішчы.

На заканчэньне ліст, які даслаў Канстанцін Сырэль з Вушачаў.

“Беларускую Свабоду я пачаў слухаць вельмі даўно, сорак год таму, калі ў 1965 годзе ў нашай сям’і зьявілася радыёла “Промінь-М” Днепрапятроўскага радыёзаводу, якая мела кароткія хвалі. Мне тады было 15 гадоў. Слухаць, праўда, было амаль немагчыма — з-за “глушылак”. Зьмест цяперашніх перадач “Свабоды” мяне амаль задавальняе. Чаму “амаль”? Некалькі гадоў таму Расейская Свабода перадавала радыёспэктакль “Ай гоў ту Хайфа” паводле нейкага сцэнара да кінафільму. Вы не ўяўляеце, як гэта было цікава, зь якім нецярпеньнем я кожны вечар чакаў працягу спэктаклю. Беларуская Свабода зрэдку перадае нешта накшталт гэтага. Напрыклад, я зь цікавасьцю слухаў успаміны Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, потым і кнігу дастаў. Але, на мой погляд, няблага было б мець у вашай праграме больш такіх перадач”.

Мы ўдзячныя вам, спадар Сырэль, за ўспаміны і за слушныя заўвагі, якія мы пастараемся ўлічыць у сваёй працы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG