12 студзеня ў менскім Доме літаратара адбылася творчая вечарына Ўладзімера Някляева. Паэт прэзэнтаваў кнігу паэзіі “Так”, напісаную ў Фінляндыі й выдадзеную ў менскім выдавецтве Віктара Хурсіка.
(Міхась Скобла: ) “Кніга “Так” пісалася пераважна ў Фінляндыі. Ці няма ўвас шкадаваньня па тым спакоі, які вы пакінулі на зямлі Калевалы?”
(Уладзімер Някляеў: ) “У мяне падвойнае адчуваньне: і шкадую, і не шкадую. Жыцьцё ж ідзе і тут, і там. Безумоўна, напісалася б мне там больш, але ж мы жывем ня толькі дзеля таго, каб пісаць. Хоць, можа, варта было б жыць толькі дзеля пісаньня… Але зрабілася тут усё ж такі больш. Таму, наконт шкадаваньня, як яно заўсёды ў жыцьці бывае — фіфці-фіфці, пяцьдзясят на пяцьдзясят”.
(Скобла: ) “Памятаю вашую творчую вечарыну на стадыёне ў Маладэчне дзесяць гадоў таму. Выйшла вашая кніга “Прошча”, вы атрымалі Дзяржаўную прэмію. У слухачоў нават была тады эўфарыя. А ў вас не было адчуваньня, што схапілі Бога за бараду?”
(Някляеў: ) “Ну, з Богам у мяне заўсёды былі праблемы. Далекавата ўсё ж — каб яго за бараду хапаць. Безумоўна, тых эмоцыяў, якія я перажыў па выхадзе кнігі “Прошча”, мне ўжо ніколі не займець. Памятаю, я тады ўсю ноч праседзеў у “Беларускім Доме друку”, потым мы з друкарамі доўга маю кнігу запівалі, і я, па праўдзе сказаць, ледзь жывы прыехаў у Маладэчна, дзе адбываўся фэстываль песьні і паэзіі. Трэба было з друкарамі выхад кнігі адзначыць, яны подзьвіг зьдзейсьнілі — надрукавалі за ноч 5000 асобнікаў кнігі, нават паліграфічна гэта было зрабіць складана.
Вядома, стадыён — гэта ня сёньняшняя вітальня, дзе зьбіраецца трыццаць-сорак чалавек. І там, вядома, ёсьць свая магія. Ты ж ня фокусы паказваеш, не агонь глытаеш, а проста чытаеш вершы. І ўзьнікае повязь магічная паміж табой і людзьмі, якія цябе слухаюць. Умоўна кажучы, ты ўзьнімаеш руку, нахіляеш яе ўлева — і тысячны натоўп улева, ты направа — і яны направа. Узьнікае тое, што, скажам, ня можа ўзьнікнуць у нашай размове сам-насам. Я думаю, што акторы ня маняць, калі кажуць, што яны дзеля гэтага акторствам і займаюцца. Каб выйсьці на сцэну і адчуць тое, пра што я кажу”.
(Скобла: ) “А як вам сёньняшняя публіка? У паэзіі сёньня ёсьць масавы неабыякавы слухач?”
(Някляеў: ) “Таго масавага, які быў раней, асабліва за савецкім часам, безумоўна, няма. Сёньня ніводзін паэт стадыёну не зьбярэ. Але шмат у чым той масавы слухач быў выпадковы. У найлепшым выпадку ён быў выпадковы палітычна, ён ішоў пачуць тое, пра што не гаварылася ў СМІ. А ў паэзіі ёсьць такая магчымасьць — сказаць праз падтэкст, і цябе зразумеюць. Сёньня ідуць на паэзію тыя, хто сапраўды любіць яе. З аднаго боку, нібыта нечага не стае, маштаб ня той. З другога боку, усё пастаўлена на свае месцы — ты сустракаесься не з выпадковымі, а як бы са сваімі людзьмі”.
(Скобла: ) “Вы ў сваім ранейшым літаратурным жыцьці былі заўсёды навідавоку. А сёньня, калі літаратура ўпіхнутая ў зону маўчаньня, калі выказацца “на слухача, на чытача” — праблематычна, як у такой сытуацыі вы сябе адчуваеце?”
(Някляеў: ) “Ня стану маніць — мне не камфортна. Асабліва з утварэньнем новага саюзу пісьменьнікаў, які пачаў падмяняць сабою, прэзэнтаваць сабою ўсю беларускую літаратуру. Прычым на ўзроўні страшэнна нізкім. І цяпер тыя невялікія нішы, якія былі вольныя, скажам, у мяне на радзіме, яны ўжо таксама занятыя. І там ужо людзям гаворыцца: “Калі прыедуць другія пісьменьнікі, то вы іх не пускайце, бо прыедзем мы, сапраўдныя…” І я ня думаў, што на гэтым, нібыта дробязным зломе, я адчую такі дыскамфорт. Мала таго, што няма ўжо таго ранейшага водгуку — тут яшчэ і фальш будзе ісьці. У мяне асабіста такое адчуваньне: нехта з кагорты гэтай свалаты (іншае слова проста не знаходзіцца) робіць кепска тое, што ты мог бы зрабіць лепш. У сёньняшняй нашай сытуацыі гэта раздражняе”.
(Скобла: ) “Вы заўсёды пасьпяхова супрацоўнічалі з кампазытарамі. Ці сёньня пішуцца песьні?”
(Някляеў: ) “Яны, можа, і пісаліся б, але няма куды пісаць. Супрацоўніцтва спынілася, але не па віне кампазытараў. І ім, і выканаўцам было сказана: “Калі вы будзеце пісаць і сьпяваць зь Някляевым, то ня будзеце сьпяваць ні з кім”. Прычым, тут такая яшчэ штуковіна — ну, здымаюць з эфіру мяне з маёй песьняй, але ж здымаюцца ні ў чым не вінаватыя кампазытар і выканаўца! Яны-то тут пры чым? Але на гэта ніхто не глядзіць. Тыя, хто раней са мной працаваў, гатовыя працаваць і далей. Яны са мной сустракаюцца і разводзяць рукамі, маўляў, трэба жыць. Ніякіх крыўдаў у мяне няма. Мяне проста зьдзіўляе дробязная, незразумелая помсьлівасьць улады. І ўсё ж песьні пішуцца. Ня пішуць адны, дык пішуць іншыя. Вось і на вечарыне, якая прайшла, даволі шмат песьняў прасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч. Пішуць і другія хлопцы, якія пакуль, дзякуй Богу, не баяцца”.
Уладзімер Някляеў. З кнігі “Так”
Страх
У краях, зьбітых войнамі Так, што страх не зьлячыць, Нават воля ня вольная Вольна душы лячыць.
Там няма ў яе вернікаў, А халопы адны, — Прагнуць пугі і перніка, А ня волі яны.
* * * Голкай зноўку сэрца мецяць! — Хто забойца?.. Дзе жыве?
Анікога… Востры месяц Шые воблакі, плыве. — Дзе забойца?.. Што за ліха!..
Ні гу-гу. Маўчаць усе…
Вар’яцею ціха-ціха. Так, як трэба. Пакрысе.
* * * Вялікдзень. Сонечна. Званы. Хрыстос васкрос. Чакаюць дзіва.
Антыхрысты прыйшлі з вайны; Бяз дай чаго рабіць, яны Хрыстосуюцца сарамліва.
Апостал
Ступіў апостал зь неба на зямлю, І першае, што ёй сказаў: “Люблю”. Другое, што сказаў апостал ёй: “Усё тут стане некалі зямлёй”.
А трэцяе, што ён сказаць бы мог, Ён не сказаў, бо тое скажа Бог.