Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіліся пікеты зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку


Валер Каліноўскі, Менск Нягледзячы на калядныя сьвяты ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў на прэзыдэнта актыўна працягвалі збор подпісаў за сваіх вылучэнцаў. Сябры ініцыятыўных груп ходзяць па кватэрах грамадзян, а таксама наладжваюць мабільныя пікеты для збору подпісаў у людных месцах. У нядзелю на менскіх вуліцах упершыню зьявіліся пікеты для збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

Пікет з вялікім чырвона–зялёным шчытом, на якім напісана “Збор подпісаў за А. Лукашэнку” сёньня быў выстаўлены ў Менску ля будынку ЦУМу. Тут зьбіралі подпісы пяць высокіх маладых людзей у чорных куртках, каўняры якіх былі ўпрыгожаныя чырвона-зялёнымі стужкамі. Асаблівага руху ля іх шчыта не было, відаць, таму кіраўнік групы зборшчыкаў за Лукашэнку загадаў калегам не гаварыць журналісту ні слова:

(Зборшчык подпісаў за Лукашэнку:) “А вы хто такі, прабачце. Выключыце дыктафон, не перашкаджайце нам працаваць”.

Непадалёк зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна, Зянона Пазьняка:

(Спадарыня: ) “Адзіна моцная асоба – Пазьняк. Ён мне падабаецца сваёй цьвёрдай пазыцыяй, ужо цягам 15 гадоў… Я супраць Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Мілінкевіч – гэта адзіны кандыдат ад апазыцыі, я лічу, што гэта рэальная альтэрнатыва існуючаму прэзыдэнту”.

(Спадар: ) “Заўсёды павінен быць выбар. Чым большы выбар, тым болей шанцаў абраць дастойнага”.

Побач з ЦУМам раздаваў улёткі з апісаньнем працэдуры народнага галасаваньня кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Агітуем за народнае галасаваньне. Нармальна людзі рэагуюць, даём ім інфармацыю, бо гэта не выбары. Каб не было падману, павінна быць народнае галасаваньне”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец каля ГУМа зьбіраў подпісы за Аляксандра Казуліна:

(Знавец: ) “Я сабраў ужо прыкладна 450 подпісаў, за сёньня яшчэ не лічыў, але подпісаў 10-15 маю. А ўвогуле мая брыгада сабрала 1600... Ганяюць, вось учора мяне прагналі міліцыянты, таму што не было пашпарту і яшчэ арыштаваць прыгразілі”.

Некаторыя мінакі на заклікі Паўла Знаўца рэагавалі адмоўна:

(Пэнсіянэрка: ) “Не, толькі за Лукашэнку, ён нам даець хлеб – мы ядзём. Ён і калгасы трымае, ён і хто ў вёсцы жывець, дае помач…”

(Іншая пэнсіянэрка: ) “За Лукашэнку, бо жывём так нармальна, ціха і спакойна. Пэнсію своечасова атрымліваем. Не мільянэры, зразумела, але сьціпла жывем, як маюць жыць такія простыя людзі”.

Ля унівэрмагу “На Нямізе” подпісы за Мілінкевіча зьбіраў рэжысэр Валеры Мазынскі, ён вярнуўся на гэтае месца пасьля трох дзён хваробы, і кажа, што сытуацыя зьмянілася:

(Мазынскі: ) “Цяпер людзі адразу накіроўваюцца да нас, ідуць ужо падрыхтаванымі, з пашпартамі, нават тыя, каго мы бачылі тыдзень назад. Як кажуць, мы прывучылі… Падыходзяць людзі, падыходзяць, бо спадзяюцца, у адчаі спадзяюцца,– вось гэта галоўнае”.

Людзі, што падпісваліся за Мілінкевіча, пацьвярджалі словы спадара Мазынскага:

(Спадарыня: ) “Пераменаў хочацца”.

(Іншая спадарыня: ) “Мне патрэбна паставіць подпіс за кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча.”

(Спадар: ) “Я хачу, каб усё было паводле Канстытуцыі: чалавек адбыў два тэрміны – дзякуй! Няхай іншыя паспрабуюць пакіраваць, а раптам будзе лепей.”

(Спадарыня: ) Усё ў жыцьці трэба мяняць калісьці”.

(Іншы спадар: ) “Мне падабаецца, калі ў жыцьці ўсё мяняецца, а не ўвесь час адно і тое ж”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG