Што да міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, то я не лічу, што гэты орган зьяўляецца інаватарам у гэтай сфэры. Ён проста канстатуе тое, што ёсьць і зьбірае падаткі, прычым зьбірае іх вельмі дрэнна. Утвораная сыстэма. Ад якой плачуць усе, і нават спадар Лукашэнка нядаўна прызнаў гэта на апошнім паседжаньні. Так што з боку Міністэрства – гэта проста спроба нейкім чынам захаваць “гонар мундзіру”, і гэта вельмі недарэчныя аргумэнты”.
Цыганкоў: “Такім чынам, паводле Сусьветнага Банку, беларуская падатковая сыстэма займае апошняе месца ў сьвеце. Але як гэта можа спалучацца з тым, што беларуская эканоміка разьвіваецца, назіраецца пэўны эканамічны рост?”
Раманчук: “Ніхто не аспрэчвае тое, што беларуская эканоміка не разьвіваецца, але рэч у тым, што і чые траціць грошы. Калі ў чалавека забіраюць больш за палову таго, што ён зарабіў (а нават афіцыйныя ўлады прызнаюць, што каля 70 працэнтаў даданай вартасьці забіраецца на падаткі), а потым траціцца ўсё гэта на розныя нацыянальныя будоўлі, то, безумоўна, ВУП ад гэтага расьце, некаму гэтыя грошы дастаюцца. Але тут я зноў спашлюся на Аляксандра Лукашэнку і Пятра Пракаповіча, якія заявілі, што мы забіраем у тых, хто добра працуе і аддаем тым, хто з году ў год ня можа наладзіць плённую вытворчасьць. Гэта амаральна, калі караюць за добрую працу”.
Цыганкоў: “Нядаўна адзін з амэрыканскіх мільярдэраў, Уорэн Бафет абурыўся, што зь яго бяруць надта мала падаткаў Ці гэтая сыстэма больш правільная?”
Раманчук: “Уорэн Бафэт, магчыма, зусім іншае меў на ўвазе – ён падараваў 31 мільярд даляраў на дабрачынныя патрэбы. А вось у Беларусі, як сьведчыць апытаньні хатніх гаспадарак, 10 працэнтаў самых багатых атрымліваюць больш датацыяў чым 10 працэнтаў самых бедных. У нас ня тое, што “забіраюць у багатых, і аддаюць бедным”. У нас забіраюць у тых, хто добра ўмее працаваць і аддаюць тым, хто выкарыстоўвае чужыя грошы і зарабляе сабе стартавы капітал для “прыхватызацыі”.
Ці хутка Аляксандар Лукашэнка зьменіць урад?, 15.11.2007