Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэймз Бушэр міністру Навумаву – "вызваліць Зьмітра Дашкевіча".


Радыё Свабода Джэймз Бушэр зь мястэчка Голтвуд у Пэнсыльваніі, сябра арганізацыі “Міжнародная амністыя”, далучыўся да кампаніі ў падтрымку зьняволенага лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Хвароба бацькі падахвоціла Джэймза Бушэра зрабіць нешта для іншых – у выніку ён пачаў пісаць лісты на адрас міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, заклікаючы вызваліць з турмы Зьмітра Дашкевіча.

Радыё Свабода атрымала гэтую інфармацыю ад праваабарончай арганізацыі "Amnesty International" ("Міжнародная Амністыя"). Прыводзім тэкст звароту Джэймза Бушэра

"У мінулым сьнежні мой бацька захварэў, вельмі сур’ёзна захварэў. Дактары настойвалі, што для лячэньня яму трэба лажыцца ў шпіталь – ня кажучы, што здарылася. Гэта была працяглая праблема. У сувязі з хваробаю бацькі я праводзіў зь ім у шпіталі кожны дзень – назіраючы за шэрым сьвяточным смуткам, які агарнуў рэанімацыю, як туман; мне давялося есьці калядную вячэру з аўтамата.

Калі нехта, каго ты любіш, у бядзе, час спыняецца. Усё, што адбываецца па-за шпіталем, здаецца, адбываецца на іншай плянэце. Седзячы пры ложку, ты думаеш пра дарослыя рэчы, такія як любоў і спагада, пра адносіны і духоўнасьць. Сапраўды, што мае значэньне ў жыцьці, так гэта тое, як мы абыходзімся адзін з адным.

Я знайшоў сябе, згадаўшы, што мае сябры калісьці ў гімназіі былі заангажаваныя ў дзейнасьць “Міжнароднай амністыі”, у вольныя гадзіны пісалі лісты зьняволеным у замежных турмах дысыдэнтам, якія паднялі свой голас супраць карумпаваных злачынных рэжымаў.

Пасьля таго, як мой бацька паправіўся, я зайшоў на сайт “Міжнароднай амністыі” – там я прачытаў інфармацыю, якая натхніла мяне ўзяць асадку і пачаць пісаць лісты Ўладзімеру Навумаву, міністру ўнутраных справаў Беларусі.

Лісты датычылі лёсу 26-гадовага дысыдэнта Зьмітра Дашкевіча, пакаранага ў 2006 годзе турмою за апазыцыйную дзейнасьць. Я вырашыў дасылаць лісты Навумаву кожныя некалькі тыдняў.

Часта я задаваўся думкаю, што менавіта адбываецца з маімі лістамі, калі яны прыходзяць ва Ўсходнюю Эўропу. Я ўяўляю сабе постсавецкіх студэнтаў-стажораў у веку 20 зь нечым гадоў: яны сядзяць у прадзіманых скразьнякамі дамох з XIX стагодзьдзя, п’юць горкую, перанастоеную гарбату з начышчанага да бляску самавара, што застаўся ў іх з камуністычнай пары... І я ўяўляю, што можа дзеяцца ў галаве такога стажора, калі ён бярэ ў рукі гэты ліст з штэмпэлем, прастаўленым у Ланкастэры ў Пэнсыльваніі.

Як я высылаў гэтыя лісты ў Менск з маёй пошты ў Голтвудзе, я адчуваў, што даю ім сакрэтнае, хвалюючае заданьне ў небясьпечнай, чужой сталіцы, адкуль яны хутчэй за ўсё ніколі ня вернуцца.

Я хацеў бы магчы сказаць, што ведаю некага, хто на тым баку сьвету паставіцца да маіх лістоў сур’ёзна, і што дзякуючы ім малады чалавек у засьнежанай, шэрай краіне ў хуткім часе будзе вызвалены з турэмнай камэры – чалавек, зьняволены за тое, на што тут, у Злучаных Штатах, паліцыя і не надумалася б зьвярнуць увагу.

Хаця мой бацька паправіўся пасьля шпіталю, я не зусім пэўны, што таксама паправіўся. Тое, што я бачыў, як ён станавіўся хворым, глыбока працяла мяне і пакінула на мне сьляды, амаль такія ж, як шрамы на бацьку пасьля хірургічнага ўмяшаньня. Тое, што я бачыў, навучыла мяне, што пакуты, дзе б яны ні былі, – не абстракцыя, што жыцьцё кароткае і што ўсе мы абавязаныя дзейнічаць, каб зрабіць сьвет лепшым.

Я веру ў важнасьць напісаньня лістоў.

Я веру ў надзею".
XS
SM
MD
LG