Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сугайр Бэльхасэн сустрэлася з гарадзенскімі актывістамі


Міхал Карневіч, Горадня Прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн заявіла сёньня ў Горадні, што калі ў яе не атрымаецца сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, дык гэта будзе сьведчыць аб тым, што яны ня ведаюць, як сябе паводзіць з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый.

Сёньня быў другі дзень візыту Сугайр Бэльхасэн у Беларусі. У Горадні яна сустрэлася з прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партый і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, а таксама дала прэсавую канфэрэнцыю разам з Алесем Бяляцкім, старшынём ліквідаванай ўладамі праваабарончай арганізацыі “Вясна”, які суправаджаў яе ў паездцы.

Бяляцкі: “Мы не выпадкова спыніліся на Горадні, паколькі напярэдадні 14 кастрычніка найбольш брутальныя затрыманьні палітычных актывістаў адбываліся менавіта ў вашым горадзе”.

Спадарыня Бэльхасэн сказала, што ёй не складана арыентавацца ў сытуацыі з правамі чалавека на Беларусі, паколькі сытуацыя падобная да той, што ў яе на радзіме ў Тунісе.

Перад паездкай у Беларусь яна сустракалася з старшынём ААН у Нью-Ёрку і абмяркоўвала ў тым ліку сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Спадарыні Бэльхасэн распавядала, што вельмі хацела сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў — юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў.

Яна планавала задаць канкрэтныя пытаньні наконт сьледзтва па справах зьніклых палітыкаў, рэпрэсій у дачыненьні палітычных актывістаў, даведацца пра сытуацыю з грамадзкімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі, правамі чалавека. Як высьветлілася ўлады дагэтуль не далі ніякага адказу.

Сугайр Бэльхасэн: “Калі я не сустрэнуся з прадстаўнікамі міністэрстваў, я буду лічыць, што яны ня ведаюць як размаўляць з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, а таксама з прадстаўнікамі грамадзтва й простымі грамадзянамі”.

Прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека скрытыкавала імкненьні беларускіх уладаў узяць пад кантроль інтэрнэт, заявіўшы, што інтэрнэт гэта з’ява усяісная, і яе кантраляваць не атрымаецца.

Адно з пытаньняў датычыла таго ці Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека мае нейкія канкрэтныя рычагі, каб узьдзейнічаць на беларускія ўлады.

Сугайр Бэльхасэн: “Безумоўна ў нашай арганізацыі няма ні танкаў, ні іншай зброі. Але мы дастаткова ўплывовая арганізацыя, каб данесьці ўсяму сьвету сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі”.

Спадарыня Бэльхасэн заявіла, што яе вельмі засмучае жорсткасьць беларускага рэжыму, але адначасова яна заўважыла, што людзі ў палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях дастаткова актыўныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG