Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я павёў бы расейскіх журналістаў на занядбаныя й апаганеныя габрэйскія могілкі”


Валянцін Жданко, Менск Эфір 24 ксатрычніка

Вялікі розгалас і ў Беларусі, і за мяжой выклікала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі наконт габрэяў, якое прагучала 12 кастрычніка падчас прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі журналістамі.

Нагадаю, прэзыдэнт Лукашэнка выступіў з уласнымі ацэнкамі побытавай культуры габрэяў. Ён, у прыватнасьці, сказаў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”.

Даўні сябар “Свабоды” Кастусь Сырэль з нагоды гэтага выказваньня у сваім лісьце ў рэдакцыю піша:

“Ляпнуў Аляксандар Рыгоравіч пра бабруйскіх габрэяў, якія быццам зрабілі з Бабруйску сьвінушнік (ну, лухта ж несусьветная!), а расейскія журналісты галовамі заківалі: “Да-да, Аляксандар Рыгоравіч, да-да”. Гэта замест таго, каб дружна моўчкі ўсім падняцца, павярнуцца, ды выйсьці з залі. Ніводзін гэтага не зрабіў!

Дык што ж гэта атрымліваецца, грамадзяне дарагія? Усе яны згодныя з гэтай лухтой? Хай тады прыедуць да нас у Вушачы. Я пакажу ім парадак і чысьціню.

Перш-наперш завяду на занядбаныя й апаганеныя габрэйскія могілкі. Частку зь іх гадоў з дваццаць таму зьнесьлі дый пабудавалі на тым месцы... Што б вы думалі? Танцавальную пляцоўку! Пляцоўка тая, праўда, чамусьці ня прыжылася і таксама даўно зьнесеная, толькі знак дагэтуль застаўся.

Я завяду іх на брацкую магілу, дзе пахаваныя 800 вушацкіх габрэяў, зьнішчаных падчас апошняй вайны. Магіла гэтая ня ў цэнтры пасёлку, ня побач з брацкай магілай загінулых салдат, не. Яна — на ўскрайку Вушачаў, за агароджай гарадзкіх могілак.

Я ўключу свой кампутар, адкрыю сайт “Глёбус Беларусі” і пакажу ім, у якім жахлівым стане знаходзяцца амаль усе габрэйскія могілкі ў нашай квітнеючай Беларусі. Іх няма каму прыбіраць, бо ледзь ня ўсе габрэі калі ня вынішчаныя ў час вайны, то вымушаныя былі зьехаць, куды вочы глядзяць, з нашай краіны.

Зрэшты, вы й самі можаце зайсьці на гэты сайт і паглядзець, маю я рацыю ці не.

Наагул, я вельмі хацеў бы, каб Радыё Свабода зладзіла перадачу пра стан габрэйскіх могілак у Беларусі, бо гэта ж нешта жахлівае. Спадар Валянцін, можа вы скажаце там каму трэба слоўца?

Хай бы Радыё Свабода і пра выбітных габрэяў расказала — Альберта Эйнштэйна, Карла Маркса, Бенэдыкта Сьпінозу, пра Ротшыльдаў — сьпіс можна працягваць і працягваць. І наагул — пра гэты разумны і прыгожы народ. Ну, трэба ж гэтай лухце нешта супрацьпастаўляць!

Можна было б і пра тое, што насельніцтва нашых гарадоў на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў пераважна складалі габрэі (паглядзіце зьвесткі перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі 1897 году).

У Вільні іх было 40%, у Дзісьне, непадалёк ад якой жылі бацькі маёй жонкі, з прыкладна 6500 насельніцтва каля 4500 складалі габрэі. Нашыя гарады былі б зусім іншыя, каб усё так і засталося, такіх гарадоў больш нідзе ў сьвеце не было б!”

Мне даводзілася бываць у Ізраілі, я аб’езьдзіў шмат гарадоў і вёсак у гэтай краіне. Некалькі тыдняў жыў у кібуцы недалёка ад Тэль-Авіва. (Кібуц — гэта сельскагаспадарчы каапэратыў. Калісьці сыстэма кібуцаў задумвалася паводле прыкладу савецкіх калгасаў, але з таго часу шмат вады сплыло, і калгасным шляхам Ізраіль не пайшоў…)

Нават самым узорным беларускім калгасам зь іхнымі аграгарадкамі яшчэ вельмі далёка да ізраільскіх кібуцаў з ідэальна апрацаванымі палямі й дагледжанымі паселішчамі, з высокім узроўнем мэдыцыны і сацыяльнай абароны, з выдатнымі дарогамі ды іншымі камунікацыямі…

Увогуле, уся гэта квітнеючая краіна, якая за некалькі дзесяцігодзьдзяў вырасла пасярод пустэльняў і стэпаў Блізкага Ўсходу, у варожым атачэньні — узор таго, на што здольная нацыя, аб’яднаная ідэяй пабудовы ўласнай незалежнай дзяржавы.

А наконт габрэйскіх могілак у Беларусі — вы маеце рацыю, спадар Сырэль. Амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі стаўленьне да габрэйскіх пахаваньняў аднолькавае. Могілкі гэтыя недагледжаныя й занядбаныя.

І гэта сьведчыць пра рэальнае стаўленьне ўлады да гістарычнай памяці й спадчыны свайго народу куды больш красамоўна, чым любыя заявы й дэклярацыі.

Наш слухач Алесь Застарынскі са Слуцку таксама зьвярнуў увагу на некаторыя заявы прэзыдэнта Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі журналістамі:

“Прэзыдэнт заявіў, што ў выпадку вонкавай агрэсіі супраць Расеі беларусы будуць біцца і паміраць за расейцаў. Толькі, маўляў, тут, на сваёй зямлі, каб не дапусьціць да Масквы варожых танкаў.

Але чаму ён робіць выснову, што мы, беларусы, ахвотна гатовыя пакласьці свае галовы за чужыя інтарэсы? Хіба мала нашых хлопцаў палегла ў расейскіх ды савецкіх войнах — на сопках Манчжурыі, на Халхін-Голе, на лініі Манэргейма лютай зімой 1940 году, у Афганістане?

Дык, можа, хопіць класьці галовы на чужых войнах? Думаю, гэтыя заявы Лукашэнкі былі адрасаваныя расейцам, якім ён хацеў спадабацца. Але ці падумаў ён, што пра гэта падумаюць свае грамадзяне, беларусы?”

Аўтар наступнага ліста — Андрусь Анцух зь вёскі Калодзішчы Менскага раёну. Напісаў ён нам з нагоды выхаду новай кнігі ў бібліятэцы “Свабоды”:

“Я просты чалавек, працую на МАЗе ў філіяле аўтобуснага прадпрыемства. Усё сваё жыцьцё таксама змагаюся за свабоду — але крышачку ў іншай,чым вы, сфэры.

Свабода, як я яе разумею, гэта законнасьць, прынцыповасьць, Радзіма, родная мова, незалежнасьць. Мяне на працы нават і называюць Патрыёт, далі такую мянушку. Але яна мяне ня крыўдзіць — наадварот, натхняе на большую актыўнасьць у грамадзкім жыцьці.

Амаль штогод я наведваю “Басовішча”. Уражаньні ад яго не перадаць словамі. Вось дзе сапраўдны беларускі народ — вольны й свабодны. Такіх людзей цяпер няшмат, хацелася б, каб іх было больш. Там лунае сапраўдны беларускі дух. Там — лёгка і прыемна.

Яшчэ я стараюся выяжджаць на футбольныя матчы з удзелам беларускіх камандаў — калі гэтыя гульні за мяжой. Натуральна, даводзіцца доўга зьбіраць грошы на такія падарожжы.. Калі ўбачыце па тэлевізары бел-чырвона-белы сьцяг на трыбуне, ведайце: гэта я ці мае блізкія сябры.

Цяпер наша краіна ў заняпадзе, гэта вельмі балюча. Але калі зьяўляюцца такія кнігі, як “Імёны Свабоды”, дык разумееш, што недарэмна ўсё гэта робіш.

У мяне ёсьць сын, я назваў яго ў гонар нашага вялікага пісьменьніка Янкі Купалы. Выхоўваю яго ў беларускім духу. Яму толькі восем гадоў, але кнігу Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род” ён прачытаў зь вялікай цікавасьцю”.

На вас, Андрусь, і на вашых сяброў на трыбунах стадыёнаў зьвяртаюць увагу многія заўзятары. Менавіта дзякуючы такім людзям, як вы, пра нацыянальную сымболіку ведаюць ня толькі тыя, хто бачыў бел-чырвона-белыя сьцягі над будынкамі Дому ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта, але і моладзь.

Не сумняюся, што настане час, калі вы гэтак жа, як на замежных трыбунах, зможаце безь перашкодаў разгарнуць нацыянальны сьцяг і на стадыёне ў Менску.

На заканчэньне — ліст ад Васіля Завадзкага з Маладэчна. Слухач разважае пра вынікі нядаўняй апазыцыйнай акцыі, Эўрапейскага маршу, і спрабуе спрагназаваць, якой будзе грамадзкая актыўнасьць у Беларусі ў бліжэйшы час:

“Людзей магло выйсьці і больш, калі б не было страху, што звольняць з працы. Да таго ж, многія пра гэты марш ня ведалі. Страх у нас, беларусаў, захаваўся ў генах яшчэ з часу карных паходаў Суворава ды іншых захопнікаў.

Але такія маршы могуць стаць іскрай, зь якой разгарыцца полымя. Многія ў нас ужо сталі прачынацца — назіраючы, як садзяць у турмы ні ў чым не вінаватых людзей за іх палітычныя погляды.

Мяняюцца настроі ў пэнсіянэраў, студэнтаў, “чарнобыльцаў” — асабліва пасьля таго, як улада адабрала ў іх льготы. Думаю, многія з тых, хто беглі галасаваць датэрмінова, больш не пабягуць.

Цяпер загаварылі пра тое, што Лукашэнка пасьля сябе паставіць прэзыдэнтам кагосьці з сыноў. Мне здаецца, гэта сьмешна. Наш народ гэтага ня прыме. Лукашэнка — ня Рурыкавіч і не Раманаў, а Беларусь — не манархія. Праўда, Лукашэнка хацеў аднавіць імпэрыю, але ў Маскве яму хутка паказалі яго сапраўднае месца”.

Пяць тысяч чалавек, якія выйшлі 14 кастрычніка на Эўрапейскі марш, — пэўны індыкатар грамадзкай актыўнасьці. Але ён яўна недастатковы, каб быць дзейсным каталізатарам палітычных зьменаў у сёньняшняй Беларусі.

Гэтыя зьмены магчымыя, калі на вуліцу з палітычнымі й эканамічнымі лёзунгамі выйдуць сотні тысяч. А такіх лічбаў Беларусь ня ведала ўжо паўтара дзесяцігодзьдзя, з часу масавых рабочых страйкаў пачатку 1990-х гадоў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG