Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе рабіць газэта “Вольнае Глыбокае” з нагоды ўказу 302?


Радыё Свабода Рэдактар і выдавец газэты Ўладзімер Скрабатун мае статус прыватнага прадпрымальніка. Да 10 лістапада ён мусіць вырашыць, ці пераводзіць свой выдавецкі бізнэс у статус прыватнага ўнітарнага прапрыемства адпаведна з указам №302. На ягоную думку, і цяперашні стан, і зьмены ў юрыдычнай рэгістрацыі абмяжоўваюць магчымасьці незалежнага друку.

Адзіная рэгіянальная недзяржаўная газэта “Вольнае Глыбокае” — сямейная справа Ўладзімера Скрабатуна:

“Жонка ў мяне кіроўца — езьдзіць у друкарню, возіць макет. Адна дачка прадае газэту, другая — зьбірае рэкляму, рэклямны агент. Ну, а я раблю вёрстку, сам пішу.

Увогуле газэта ніколі не задумвалася так, каб зарабляць грошы. Я фактычна магу рабіць яе адзін. Але ж калі ствараць тое ўнітарнае прадпрыемства, дык я буду папросту адхілены ад газэты — адно сядзі ды пішы паперкі!”

На цяперашні момант Уладзімеру Скрабатуну ўдаецца ўнармаваць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з загадам №760, які пачынае дзейнічаць з новага году і забараняе прыватнаму прадпрымальніку прымаць на працу нікога, апрача сваякоў. Аднак гэта пазбавіць газэту магчымасьці разьвівацца.

Як адзначае спадар Уладзімер, пераход у новы юрыдычны статус — прыватнае ўнітарнае прадпрыемства — дазволіў бы наняць некалькіх наёмных працаўнікоў, найперш новых карэспандэнтаў. Магчыма, гэта дазволіла б павялічыць наклад газэты, які цяпер толькі 2200 асобнікаў.

Але новы статус пацягне больш складаную бугальтэрыю, якая прадугледжвае працу выключна паводле безнаяўнага разьліку, вышэйшыя падаткі і большыя штрафныя санкцыі ў выпадку праблемаў.

Напрыклад, можа паўстаць запазычанасьць перад друкарняй — гэта часам здараецца, бо газэту коштам 700 рублёў і тыднёвай пэрыядычнасьцю глыбачане не заўсёды раскупаюць.

Паводле Ўладзімера Скрабатуна, можна было б распаўсюджваць газэту і ў памежных раёнах — Пастаўскім, Мёрскім, Докшыцкім. Аднак для гэтага трэба здабываць мясцовую інфармацыю: наймаць карэспандэнтаў, распаўсюднікаў ды іншых работнікаў. А якраз гэта прзыдэнцкі ўказ не дазваляе індывідуальнаму прадпрымальніку.

Пераход у стан прыватнага ўнітарнага прадпрыемства таксама непажаданы.

Спадар Уладзімер кажа, што трапіў у зачараванае кола. Гэта здарылася яшчэ колькі гадоў таму, калі “Вольнае Глыбокае” забаранілі распаўсюджваць праз шапікі “Белсаюздруку”, а “Белпошта” адмовіла чытачам у падпісцы на недзяржаўную газэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG