Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Такінданг: “Ёсьць у гурту "Recha" патэнцыял...”


Аляксей Знаткевіч, Прага Лідэр гурту экспэрымэнтальнай "Recha" Андрэй Такінданг у праграме "Начная Свабода". Ягонае эсэ з сэрыі “У што я веру” --> http://archive.svaboda.org/articlesprograms/beleive/2007/10/1B23C386-81E9-467E-BF6C-9779ABE876A2.html гучала ў эфіры ў суботу.

(Знаткевіч: ) “Андрэю, Вы ў сваім эсэ напісалі: "Я веру ў простага Бога, якога малююць на абразах". Але ж абразы бываюць розныя. Вы сам, як мастак, сапраўды ўяўляеце Бога ў цялесным вобразе?”

(Такінданг: ) “Насамрэч, я спрабаваў адказваць на пытаньне "У што я веру" максымальна спрошчана, таму што ў такім пытаньні ёсьць небясьпека ўпасьці, так бы мовіць, ў ерась. Таму мой адказ быў такі. Безумоўна, Бог -- такі панятак, які ўбірае ў сябе бясконцасьць. Але таксама Бог -- гэта простая рэч, я веру ў таго Бога, які ўчалавіўся, і яго могуць маляваць на абразах. З аднаго боку, гэта вельмі складанае разуменьне, а з другога -- гэта вельмі проста”.

(Знаткевіч: ) “Вы прыйшлі да веры праз сям’ю ці ў Вас быў нейкі іншы шлях?”

(Такінданг: ) “Так здарылася, што мы разам з маці (я быў ужо не малым дзіцём, маці ў сталым узросьце), разам ахрысьціліся.. Зь цягам часу ў 1990-ыя пачалі адчыняцца цэрквы, касьцёлы...Зьявілася магчымасьць неяк выяўляць сваю веру. І мы вырашылі, што трэба гэта зрабіць. І паступова, нетаропка, мы прыйшлі да ўсьведамленьня таго, што Бог ёсьць, і проста прынялі хрысьціянства”.

(Знаткевіч: ) “То бок гэта не было такім чынам, што маці была верніцай, а Вы перанялі гэта ад яе, а хутчэй вы разам прайшлі гэты шлях?”

(Такінданг: ) “Мы разам вучылі малітвы, чыталі літаратуру, разам гэта ўсё адкрывалі для сябе ўпершыню”.

(Знаткевіч: ) “Андрэю, Ваш бацька -- матэматык, ён нарадзіўся ў афрыканскай рэспубліцы Чад. Наколькі я ведаю, Вы ўпершыню патрапілі на радзіму бацькі толькі нядаўна і пры вельмі сумных абставінах”.

(Такінданг: ) “Так, каля месяца таму я езьдзіў на пахаваньне бацькі. Мы прывезьлі яго на радзіму, пакласьці ў яго родную зямлю. Але пры гэтым пазнаёміўся са сваякамі, якіх у мяне апынулася вельмі шмат. Паглядзеў на гэтую краіну. Прычынаю сьмерці бацькі было сэрца - гэта што ў Беларусі, што ў Афрыцы, ёсьць такі ўзрост у мужчынаў, не стары, але небясьпечны для сардэчных хваробаў. Яму было 53 гады. Ён пражыў складанае, няпростае жыцьцё, напоўненае рознымі падзеямі, але не заўсёды гэта былі прыемныя падзеі, шмат перажываньняў было ў ягоным жыцьці”.

(Знаткевіч: ) “А колькі ён пражыў у Беларусі?”

(Такінданг: ) “Ён прыехаў на вучобу яшчэ ў маладым ўзросьце, тут пазнаёміўся з маёй маці. Я быў яшчэ маленькім, калі ён быў вымушаны выехаць у Чад, тады выйшаў нейкі закон, што іншаземцы павінны пакінуць межы СССР. І пасьля прайшло каля 20 гадоў, як ён сюды прыехаў, пажыў з намі два гады апошнія. А ўсяго атрымліваецца каля 15 гадоў у Беларусі ён пабыў”.

Апытаньне ў Горадні -- як на Вашую думку, беларусы ставяцца да людзей іншай расы?



(Знаткевіч: ) "Андрэю, Вы, як чалавек зьмяшанай расы, адчувалі нейкія моманты дыскрымінацыі падчас свайго дзяцінства, у школе, на вуліцы?”

(Такінданг: ) “Справа ў тым, што я ўсё жыцьцё жыву ў Беларусі, і для мяне гэтая краіна зразумелая, таму мне цяжка ацаніць, як беларусы ставяцца да людзей іншай расы. Канешне, нейкія пабытовыя канфлікты ўзьнікалі, нейкія хуліганскія ўчынкі ўзьнікалі ў дачыненьні да мяне. Але іх было ня так шмат, і ў прынцыпе, я думаю, іх выпадае столькі ж на жыцьцё звычайнага хлопца, няважна якой расы”.

(Знаткевіч: ) “А гэтыя інцыдэнты былі зьвязаныя з расай ці яны былі выкліканыя іншымі прычынамі?”

(Такінданг: ) “Не, безумоўна, былі там рэакцыі часам неадэкватныя. але іх ня так шмат было. Я лічу, што чалавек сам фармуе да сябе стаўленьне іншых людзей. І ты мусіш сябе паводзіць так, каб у людзей не ўзьнікала нейкага жаданьня цябе абразіць”.

(Знаткевіч: ) “Вы вырасьлі ў Менску?”

(Такінданг: ) “Доўгі час я жыву ў Менску, таксама я пажыў у вёсцы на Лепельшчыне ў сваёй бабулі і дзядулі. Так што вясковае жыцьцё мне вядомае. Я і сена касіў, і за плугам хадзіў. Ведаю жыцьцё Беларусі з усіх бакоў”.

(Знаткевіч: ) “Ці было адрозьненьне ў стаўленьні да Вас на Лепельшчыне і ў Менску, у Вашым двары?”

(Такінданг: ) “У вёсцы людзі адзін аднаго ведаюць, і можа ўзьнікаць нейкая падвышанная цікаўнасьць да нечага новага, але зь цягам часу гэта праходзіць. Там людзі звыклыя да мяне, да майго бацькі, і праз некаторы час ужо ніяк не адчуваецца нейкае адрозьненьне ў колеры скуры, вераспавяданьні. А Менск - гэта вялікі горад, дзе ўсяго хапае. Мой асяродак звыклы да Андрэя Такінданга, ім я ўжо ня дзіўны. Таму я камфортна сябе пачуваю як у вёсцы, так і ў Менску”.

(Знаткевіч: ) “А па-за гэтым асяродкам ці былі ў Вас канфлікты, як у беларускамоўнага чалавека? Людзі беларускамоўныя часам расказваюць, што сутыкаюцца з праявамі ня тое што дыскрымінацыі, але зьдзіўленага да сябе стаўленьня ў сучаснай Беларусі”.

(Такінданг: ) “Такое ёсьць, але першыя паўхвіліны размовы. Таму што бясконца зьдзіўляцца беларускай мове альбо колеру скуры для суразмоўцы псыхалягічна цяжка, і калі ты чалавек сам адэкватны, добразычліва ставішся да суразмоўцы, дык і да цябе будуць ставіцца з пашанай і павагай”.

(Знаткевіч: ) “Якая цяпер сытуацыя ў гурце "Recha" ці чакаюцца у вас новыя песьні, новыя запісы?”

(Такінданг: ) “Такая нашая загана, што мы ніяк ня можам сабрацца разам і выдаць якасна матэрыял, які ў нас за гады назапасіўся. Але ў нашых плянах стварыць кружэлку, бо людзі цікавяцца”.

(Знаткевіч: ) “Некаторыя музыкі скардзяцца, што ў Беларусі вельмі цяжка знайсьці і пляцоўку пад канцэрты”.

(Такінданг: ) “Такая праблема ёсьць. Праблема Беларусі – няякасная апаратура, вельмі часта даводзіцца іграць на дрэнным гуку. Гэта моманты, зьвязаныя з арганізацыяй. Існуюць дурныя бюракратычныя перашкоды, якія вельмі моцна запавольваюць творчасьць”.

(Знакткевіч: ) “Вы хацелі б быць музычнай зоркай, якая будзе зарабляць на жыцьцё сваёй музыкай, зоркай шоў-бізнэсу?”

(Такінданг: ) “Калі я пачынаў, дык пра гэта ня думаў, а цяпер час, гады вымагаюць неяк праграмаваць сваё жыцьцё, праграмаваць сваю творчасьць, бачыць нейкія пэрспэктывы. Безумоўна, хачу, магчыма, ня быць зоркай шоў-бізнэсу, а ствараць гэты шоў-бізнэс. Бо ёсьць у гурту "Recha" патэнцыял, я лічу”.
XS
SM
MD
LG