Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: суд не задаволіў пазову актывістаў аб абароне гонару і годнасьці


Радыё Свабода Ленінскі суд Магілёва не задаволіў пазову грамадзкіх актывістаў Аляксандра Каралёва, Аляксея Паўлоўскага ды Юр’я Дарашэнкі. Яны вінавацяць міліцыянтаў Яўгена Жылінскага, Аляксандра Сыраежкіна ды Тацяну Мартынаву ў зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Судзьдзя Валянціна Лапаціна палічыла прэтэнзіі грамадзкіх актывістаў да міліцыянтаў беспадстаўнымі і адмовілася задаволіць пазоў.

Пазоўнікі патрабавалі, каб міліцыянты публічна папрасілі прабачэньня, сплацілі два мільёны рублёў кампэнсацыі за маральныя страты ды агучылі судовы вырак перад асабовым складам супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Нагодай для суду стала фраза, якую вымавілі міліцыянты падчас судовага разьбіральніцтва 6 красавіка 2007 году. Тады яны заявілі, што актывісты пагражалі ім фізычнай расправай. “Калі ўлада зьменіцца, міліцыянтаў будзем вешаць на слупах”, — такая фраза зафіксаваная ў судовым пратаколе.

Суду грамадзкія актывісты заявілі, што такой фразы яны не маглі сказаць. Актывісты заявілі, што яны публічныя людзі й ведаюць, як паводзіць сябе зь міліцыянтамі.

“Гэтая фраза магла стаць нагодай для суду, у які зьвярнуліся б міліцыянты, каб абараніць свой гонар і годнасьць”, — даводзілі суду актывісты.

Міліцыянты пацьвердзілі, што такая фраза гучала, але хто канкрэтна з пазоўнікаў яе вымавіў, яны сказаць ня могуць. Пра што актывісты гаварылі ў машыне, яны ня памятаюць, але запомнілі менавіта гэтую фразу. Наагул жа, паводле міліцыянтаў, актывісты паводзіліся карэктна, але былі ўзбуджаныя.

Старшы інспэктар прававога забесьпячэньня Тацяна Мартынава назвала прэтэнзіі пазоўнікаў беспадстаўнымі. На яе думку, агучаная фраза ніякім чынам не была скіраваная на зьнявагу актывістаў — так міліцыянты апісвалі рэальныя падзеі.

Для пазоўнікаў вырак суду ня стаў нечаканым. Вось, што паведаміў “Свабодзе” Аляксей Паўлоўскі:

“Для нас гэты суд важны ня столькі сваім вынікам, колькі нашым імкненьнем абараніць нашы канстытуцыйныя правы, нашы гонар і годнасьць. Кожны міліцыянт мусіць ведаць, што акрамя абавязкаў грамадзяніна, пра якія гаворыцца, у іх ёсьць і свае правы”.

У красавіку 2007 году грамадзкія актывісты ўжо намагаліся праз суд абвінаваціць міліцыянітаў у спробе сарваць паездку на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі.

Судзьдзя Сьвятлана Бурака прэтэнзіі актывістаў прызнала беспадстаўнымі.

• Магілёў: суд адхіліў прэтэнзіі актывістаў да міліцыі, 10.04.2007 • Магілёў: актывісты судзяцца зь міліцыяй , 09.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG