Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі за мэдыцыну - два амэрыканцы і брытанец


Аляксей Знаткевіч, Прага Амэрыканскія навукоўцы Марыё Капэкі і Олівэр Сьмітыс, а таксама брытанец Марцін Эванс атрымалі сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны. Іх дасьледаваньні дазволілі з дапамогай маніпуляцыі генамі мышэй атрымаць новыя веды пра шэраг хваробаў, у тым ліку пра хваробы сэрца, дыябэт і рак.

Дасьледаваньні сёлетніх нобэлеўскіх ляўрэатаў сталі падмуркам для тэхнікі генэтычных мадыфікацый у камлёвых клетках мышэй. З дапамогай такіх мадыфікацый навукоўцы вывучалі сувязь паміж асобнымі генамі і рознымі хваробамі. Ад 1989 году было праведзена дасьледаваньне больш за 10 тысяч генаў мышэй – гэта прыкладна палова ўсіх мышыных генаў.

Паводле Нобэлеўскага камітэту, дасьледаваньні Марыё Капэкі паказалі ролю розных генаў у разьвіцьці ўнутраных органаў у сысуноў. Марцін Эванс скарыстоўваў мадыфікацыі генаў, каб вывучаць спадчынную хваробу кістовы фіброз, а дасьледаваньні Сьмітыса тычыліся сардэчных хваробаў.

Тры навукоўцы атрымаюць мэдалі, дыплёмы і падзеляць міжсобку грашовы прыз – каля 1,5 мільёна даляраў.

На гэтым тыдні стануць вядомыя прозьвішчы іншых Нобэлеўскіх ляўрэатаў. У аўторак у Стакгольме абвесьцяць сёлетніх атрымальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі, а пазьней – у галіне хіміі, літаратуры і эканомікі.

У пятніцу ў сталіцы Нарвэгіі Осьлё будзе названы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Сёлета на гэтую прэмію намінавана больш за 180 асобаў і арганізацыяў. У прыватнасьці, былы Нобэлеўскі ляўрэат і прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса вылучыў на Нобэлеўскую прэмію міру старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча за вывад зь Беларусі ядзернай зброі.

Сярод сёлетніх фаварытаў на атрыманьне прэміі – былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Эл Гор, намінаваны за свае намаганьні прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да глябальнага пацяпленьня.

Станіслаў Шушкевіч: “Прарокаў ва ўласнай Айчыне ўбачыць цяжка”, 13.09.2007
XS
SM
MD
LG