Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі збор сродкаў на помнік Анатолю Сысу


Валянціна Аксак, Менск Камітэт для ўшанаваньня памяці паэта Анатоля Сыса абвясьціў пра грамадзкі збор сродкаў на ўсталяваньне надмагільнага помніка знакаваму паэту пакаленьня “Тутэйшых”.

Конкурс на стварэньне помніка Анатолю Сысу, які паставяць на ягонай магіле ў роднай вёсцы Гарошкаў, абвясьцілі на пачатку гэтага году.

Гаворыць блізкі сябра паэта і каардынатар конкурсу намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін:

“Калі мы падвялі вынікі гэтага конкурсу, то адзінагалосна выбралі эскіз праекту, прапанаваны маладым беларускім скульптарам Генікам Лойкам, таму што ён найбольш адпавядаў канцэпцыі гэтага помніка. Блізкія Анатоля пажадалі, каб ў аснову канцэпцыі лёг сымбаль хрысьціянскага крыжа, што, па сутнасьці, і зрабіў Генік Лойка”.

Дзеля рэалізацыі праекту знайшлі ва Ўкраіне і прывезьлі на адзін зь менскіх мастацкіх камбінатаў чорны граніт. Рабочыя ўжо пачалі выразаць зь яго помнік.

Цяпер, кажа Эдуард Акулін, аргкамітэт мае знайсьці сродкі на аплату матэрыялаў і працы рабочых, траспартаваньне помніка ў Гарошкаў і ўсталяваньне яго на паэтавай магіле. Скульптар Генік Лойка за сваю працу платы не бярэ.

“Даем абвесткі пра тое, каб прыхільнікі творчасьці Анатоля Сыса, тыя, хто яго ведаў, хто памятае, хто любіць Беларусь так, як любіў яе пры жыцьці Анатоль, адгукнуліся на гэтую высакародную справу”, — сказаў Эдуард Акулін і дадаў, што ахвотныя ахвяраваць сродкі на помнік Анатолю Сысу могуць зьвярнуцца ў аргкамітэт праз тэлефон 8-0297-68-56-14.

Аргкамітэт спадзяецца, што помнік на магіле Анатоля Сыса будзе з дапамогай грамадзкасьці ўсталяваны да трэцяй гадавіны ягонай сьмерці — у траўні 2008 году.

• Анатоль Сыс: “Ні грошай, ні славы — я волі хачу” (фотарэпартаж з прэзэнтацыі зборніка “Лён”), 23.01.2007 • Разьвітаньне з Анатолем Сысoм. Менск, 9 траўня 2005, 1.5.2006 • Імёны Свабоды. Анатоль Сыс (26.10.1959, в.Гарошкаў, Рэчыцкі раён — пачатак траўня 2005, Менск. Пахаваны 10.5.2005 у Гарошкаве), 1.5.2006 • АНАТОЛЬ СЫС. 1959-2005
XS
SM
MD
LG