Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Донары-страйкоўцы з Магілёву дамагліся частковых саступак</B>


Радыё Свабода, Магілёў Магілёўскі аблвыканкам зацьвердзіў усе прапановы станцыі пераліваньня крыві, якая прасіла захаваць льготы донарам вобласьці. Цяпер гэтыя прапановы вынесуць на разгляд дэпутатаў абласнога савету. У аблвыканкаме не сумняюцца, што савет іх таксама зацьвердзіць. Донары-страйкоўцы пастанову аблвыканкаму называюць сваёй перамогай.

Учора ўвечары адмысловая камісія, створаная на загад старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры, заслухала даклад галоўнага лекара станцыі пераліваньня крыві Барыса Гальдэнберга.

Пасьля ягонага выступу камісія без абмеркаваньня зацьвердзіла прапановы Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві.

Захаваныя льготы — толькі частка ад тых, што мелі донары раней. Дагэтуль невядома, ці захаваюць бясплатнае зубапратэзаваньне, 50-працэнтную зьніжку на набыцьцё лекаў ды льготнае санаторна-курортнае лячэньне.

Як вынікае з пастановы камісіі, за донарамі захавалі права атрымліваць адпачынак у зручны для сябе час, часткова аплачаныя пуцёўкі ў дамы адпачынку і дадатковыя выходныя.

Ганаровым донарам кампэнсуюць транспартныя выдаткі — але ў межах таго рэгіёну, дзе яны жывуць. Донараў прапанавалі прэміяваць на працы.

Акрамя таго, донары будуць атрымліваць харчовыя і рэчавыя гуманітарныя пакеты.

“Рэалізацыя вось гэтых варыянтаў дазволіць мець сталы кантынгент донараў, што дужа важна. Калі такая вось форма прыцягненьня донараў спрацуе, мы будзем кантраляваць сытуацыю, якая забясьпечыць дастатковыя запасы крыві”, — зазначыў “Свабодзе” Барыс Гальдэнберг.

Пастанова камісіі аблвыканкаму пра захаваньне льготаў донарам — першая ў краіне. Магілёўшчына заўжды вылучалася зь іншых рэгіёнаў Беларусі, кажа Барыс Гальдэнберг.

“Мы даволі-такі ашчадна ставіліся да захаваньня донарскіх рэсурсаў. У нас ёсьць ганаровы донар Каваленка, які ўзьняў гэтыя пытаньні сацыяльныя. Скасаваньне льготаў донарам прывядзе да вялікіх праблемаў, таму мы і адчулі адразу.

Я думаю, што гэтая зьява не выпадковая, але сыстэмная. Тое, што мы цяпер робім на ўзроўні вобласьці, будзе прыкладам для іншых рэгіёнаў”, — лічыць галоўны лекар станцыі пераліваньня крыві Барыс Гальдэнберг.

Ініцыятар страйку магілёўскіх донараў, старшыня аргкамітэту ў стварэньні дабрачыннага фонду “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка назваў пастанову аблвыканкаму чарговай перамогай донараў. Вось ягонае меркаваньне:

“Колькасьць донараў прыкметна зьменшылася. Ня ўсе донары гатовыя ісьці на станцыю пераліваньня крыві толькі з гуманітарнымі мэтамі. Яны падлічылі, колькі грошай адымуць з абласнога бюджэту, — атрымалася, што гэта ня дужа вялікія грошы.

Гэтыя льготы на мясцовым узроўні не стабілізуюць сытуацыі з донарствам. Я прапанаваў бы чыноўнікам распрацаваць праграму — ня толькі падтрымкі донарства, але і саміх донараў”.

У параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Беларусі донараў на Магілёўшчыне найменей.

У 2006 годзе на ўліку Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві знаходзілася каля 8,5 тысяч донараў. У вобласьці ад 2004 году колькасьць донараў зьменшылася прыкладна на 8%.

• Магілёў: донары зьвярнуліся ў Раду Эўропы па тлумачэньні, 25.09.2007 • Магілёў: не стае донараў , 14.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG