Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адстаўка Фрадкова ў Расеі, а ў Беларусі Канаплёва – сцэнары-блізьняты”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 17 верасьня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Двойчы па Вашым радыё гучала Алексіевіч Сьвятлана на онлайне. Можа, і разумныя рэчы. Але цяпер пачыталі інтэрвію ў апошняй беларускай газэце, вось дзе, мабыць, сапраўдны яе твар, на жаль. Як сказала нізка, без павагі, пра Быкава, Адамовіча… А калісьці іх настаўнікамі сваімі называла. Ды і пра Шушкевіча: што ні ён, ні краіна, ні народ нашы ня вартыя Нобэлеўскай прэміі. Мабыць, адна Сьвятлана вартая. Шкада, усё зь ёй ясна. Відаць, грошы, які так трапілі, згубілі: там гаворыць адно, а тут зусім іншае. Шкада, вельмі шкада.

Вельмі хачу, каб Нобэлеўскую прэмію атрымаў Шушкевіч. Асабліва цяпер, у піку і Лукашэнку, і Алексіевіч Сьвятлане, якая ў “Беларускай газэце” выступіла супраць гэтага і супраць таго, каб наша краіна атрымала гэту прэмію. Усяго добрага”.

Янка Каляда: “Маладэчанскі прадпрымальнік Мікола Апяцёнак фінансава падтрымлівае незалежныя СМІ. Гэта ўладзе не да спадобы. І ўся кантралюючая сыстэма – санстанцыя, пажарнікі, электрыкі, падатковая інспэкцыя, дзяржкантроль – гуртам наваліліся правяраць. А калі нічога не знайшлі, ніякіх парушэньняў, то абвінавацілі ў пагрозе кантралёрам, хаця на самой справе не пагражаў, а пярэчыў. Сфабрыкавалі справу, і Апяцёнку пагражае да 5 год пазбаўленьня волі. Рэдакцыя “Свабоды” і ўсе незалежныя СМІ, уздыміце свой голас у абарону Апяцёнка ад так званых праваахоўных органаў”.

Спадар: “Аднаго разу тэледэмакрат-пярэварацень у перадачы “Правы чалавека” ўхваліў камэры сачэньня ў грамадзкіх месцах сталіцы, дадаўшы, што гэта звычайная справа ў гарадох Нямеччыны. А чаму ён не сказаў, што там камэры сочаць за шэсьцямі па вуліцах фашыстаў, ды яшчэ тыя ідуць пад узмоцненай аховай паліцыі. Ён не памятае, калі ў нас два гады таму афіцыйна зарэгістраваныя партыі і аб’яднаньні для агульных сходаў пайшлі на ўлоньне прыроды, бо ў рэгіёнах не далі памяшканьняў. А галоўны запрашальнік-дазваляльнік высокай міласьцю дазволіў даць залю ў сталіцы для сходу дэмакратычным сілам, бо тыя зьбіраліся ехаць засядаць у суседнюю “саюзную дзяржаву”. Так што ведаеце ўсе, як у нас тут трымацца – без дазволу больш за трох не зьбірацца! Нядаўні выпадак у Берасьці зь Севярынцам і ягонай кнігай – таму доказ. Ды, як казаў той прававеднік, міра і дабрыні ў Вашы хаты. Беражыце і ўмацоўвайце нашу з вамі імунную сыстэму ад баламутаў, апантаных прапагандысцкім і ідэалягічным сьвербам”.

Спадар: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт прысуду тым вайскоўцам, якія хацелі перадаць нейкія зьвесткі Польшчы. Калі б гэтая Польшча была проста Польшча, сяброўская, брацкая, але трэба не забываць, што Польшча – гэта НАТО. Людзі гэтыя – здраднікі, якія б праз Польшчу дастаўлялі сакрэтныя зьвесткі туды. Таму пакаралі іх справядліва. І нават мякка іх пакаралі. Трэба было больш пакараць...”

Спадар: “Добры дзень, “Свабода” беларускага народа. Радыё маю на ўвазе. Я не скажу, што рэгулярна слухаю Вашы перадачы, таму што часта настроіцца на Вашы хвалі ня вельмі проста ў Менску. Таму што, мабыць, у мяне прымач такі, але адчуваю, што глушэньне нейкае ёсьць. Але я хачу выказаць некаторыя свае меркаваньні паводле Вашых перадачаў. Вось першае “Дом літаратара,” вядзе Міхась Скобла. Выдатна вядзе, чыста, ясна, канкрэтна і зразумела. Сёньня, гэта нядзеля, я слухаў “Дом літаратара” і там ішла гаворка пра новую кніжку Маракова. Выступала вядомы ў нашым літаратуразнаўстве крытык. І мне не спадабалася, як яна пракамэнтавала гэтую новую кніжку. А не спадабалася тое, што яна нібы хваліла гэтую новую кніжку, але адзначыла, што апавяданьні – гэта шкілеты. У яе ёсьць нейкае лякала, па якому прымяраюць, ці гэта апавяданьне ці не? Але часам такі шкілет важнейшы, чым апавяданьне…”

Валеры, Барысаў: “Мая думка. Адстаўка Фрадкова ў Расеі, а ў Беларусі Канаплёва – як сцэнары-блізьняты. Толькі на Беларусі зь далейшым прыцэлам. Як на Кубе, Фідэль аддаў уладу брату, то ў Менску ўладу аддадуць сыну”.

Лідзія Дзьмітрыеўна, Менск: “Слухала выступ Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Яшчэ раз пераканалася, што гэта разумны, адукаваны, інтэлігентны чалавек, варты Нобэлеўскай прэміі. Вельмі шкада, што такія людзі не ва ўладзе, а ў апале. Я зьдзіўлена і абурана выступам Віктара пра яго. Хіба ў нас ва ўладзе такія людзі, як Шушкевіч, Мілінкевіч і такія, як яны?”

Уладзімер, Полацак: “Хачу сказаць наконт рэгістрацыі, якою наша ўлада з Новага году хоча замяніць прапіску. Што ж гэта атрымліваецца? Калі я прыеду ў Менск на тыдзень, каб наведаць сына, брата ці свата, мяне спыніць нейкі міліцыянт, і высьветліцца, што ў мяне полацкая рэгістрацыя. Да мяне непазьбежна ўзьнікнуць пытаньні накшталт: “Чаго ты сюды прыехаў? Што ты тут робіш? І наагул, колькі ты тут знаходзісься?” Паспрабуй яму дакажы, што знаходзісься тут усяго толькі два дні, а не два месяцы. Таму ўсё больш пераконваюся ў тым, што наша ўлада робіць усё, каб не спрасьціць, а ўскладніць жыцьцё. Калі ў Расеі ўвялі рэгістрацыю для замежных грамадзянаў, то наша ўлада ў асобе Аляксандра Рыгоравіча пераплюнула іх, бо хоча ўвесьці рэгістрацыю для сваіх грамадзянаў”.

Спадар: “Шаноўныя радыёслухачы радыёстанцыі “Свабода”! У адпаведнасьці з сакрэтнымі пратаколамі, падпісанымі ў Маскве 23 жніўня 1939 года паміж Сталіным і Гітлерам, вядомыя як пакт Молатава-Рыбэнтропа, сёньня 17 верасьня 2007 года спаўняецца 68-я ганебная гадавіна ўступленьня СССР у Другой сусьветнай вайне на баку гітлераўскай Германіі за перадзел Эўропы і сьвету. За гэтую ганебную авантуру дваіх дыктатараў Сталіна і Гітлера Беларусь заплаціла каля 3 мільёнаў чалавечых жыцьцяў. А чалавецтва заплаціла жудасную цану – звыш 50 мільёнаў чалавечых жыцьцяў. Узгадвайце і памятайце, ахвяры Другой Сусьветнай вайны, яе сапраўдных ініцыятараў – Гітлера і Сталіна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG