Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня - Дзень салідарнасьці


Алесь Дашчынскі, Менск 16 дзень кожнага месяца у Беларусі традыцыйна адзначаецца апазыцыйнымі сіламі як Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і грамадзянамі, перасьледаванымі ўладамі з палітычных матываў. Гэты дзень адметны яшчэ і тым, што 16 верасьня 1999 года былі выкрадзены віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Сёньня Дзень салідарнасьці пачаўся ў Менску з акцыі на галоўпаштамце. Дзесяткі моладзевых актывістаў прыйшлі сюды і накіравалі лісты падтрымкі палітзьняволеным Зьмітру Дашкевічу, Аляксандру Казуліну, Артуру Фінькевічу і іншым. А таксама віншавальныя паштоўкі палітзьняволенаму Андрэю Клімаву, у якога заўтра дзень народзінаў.

Адзін з арганізатараў акцыі Валянцін Сакалоўскі сказаў:

“Гэта рабіў моладзевы рух “Ініцыятыва”. Справа ў тым, што ў нас зьявіўся першы палітычны “рэцыдывіст” у Беларусі. На жаль, ім стаў Андрэй Клімаў. Дарэчы, даволі бяскрыўдны для ўлады чалавек. Але толькі за тое, што ён асьмеліўся выказаць свае думкі, свае пачуцьці, яго зноў арыштавалі на два гады.

Гэта пяты дзень народзінаў, які Клімаў сустракае ў турме. Таму мы вырашылі яго павіншаваць, каб ён трымаўся, каб не забываўся, што на волі яго чакаюць, у яго вераць. І проста выказаць падзяку за яго рашучасьць”.

У калідоры менскага галоўпаштамту дзяжурыла каля дзесяці спэназаўцаў і асобаў у цывільным, якія сачылі за ўдзельнікамі акцыі нават тады, калі яны выйшлі з будынку. На вуліцы каля паштамту стаяў аўтазак. Аднак удзельнікі акцыі ня былі затрыманыя.

Сёньняшні дзень адметны тым, што 8 гадоў таму зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Зінаіда Ганчар сказала:

“Цяжкі дзень, што казаць, адно і тое ж. 8 гадоў ужо. Забывацца пра гэта нельга. Гэта можа здарыцца з любым чалавекам, калі маўчаць, калі не патрабаваць ці спрабаваць забыцца на тое, што было. Інакш гэта можа прывесьці да вельмі сумных наступстваў для многіх тых, хто хоць неяк праяўляе сябе на палітычнай арэне”.



Ліст падтрымкі Зьмітру Дашкевічу.



Валянцін Сакалоўскі і Валеры Шчукін дасылаюць лісты палітвязьням.



На вуліцы каля паштамту стаяў аўтазак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG