Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава да ўгодкаў перамогі на Сініх Водах


Любоў Лунёва, Менск У Таварыстве беларускай мовы адкрылася выстава дзіцячых твораў, прысьвечаная 645-м угодкам перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага пад камандаваньнем князя Альгерда на Сініх Водах і вызваленьня Ўкраіны ад татарскага панаваньня.

У Таварыстве беларускай мовы адбылося ўрачыстае паседжаньне, прысьвечанае бітве на Сініх Водах. Вольга Іпатава прэзэнтавала сваю новую кнігу, гістарычны раман, прысьвечаны тым падзеям. Паэты чыталі вершы – свае і школьнікаў, якія даслалі іх у ТБМ з рэгіёнаў краіны. На сьценах – малюнкі дзяцей і студэнтаў.

Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы выказаў упэўненасьць, што зь цягам часу ва Ўкраіне будзе стаяць помнік князю Альгерду.

Разгром аб''яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Ўсходняй Эўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славянаў, што цярпелі пад ярмом Залатой Арды. Посьпех князя Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

Дагэтуль гісторыкі дакладна ня вызначылі месца, дзе адбылася бітва. Раскопкі на рэчцы Сінюсе не далі плёну. Паводле адной з вэрсіяў, бітва паміж беларускім войскам і татарскім адбылася на тэрыторыі сучаснай Хмяльніцкай вобласьці.

Амбасадар Украіны казаў пра тое, што толькі цяпер навукоўцы пачынаюць шукаць сапраўдную гісторыю краіны.

“Я думаю, што ва Ўкраіне таксама праходзяць такія мерапрыемствы, магчыма, ня столькі дзён і не ў такім фармаце. Але даты трэба ведаць. Я цяпер жыву больш беларуска-ўкраінскімі адносінамі, чым тым, як жыве Ўкраіна”.

Мастак Мікола Купава, намесьнік старшыні аргкамітэту сьвяткаваньня юбілею, паведаміў, што ў Менгарвыканкаме ўжо знаходзяцца заяўкі пра наданьне вуліцам славутых гістарычных імёнаў.

“Мы не праводзім нашы мерапрыемствы ў Палацы Рэспублікі, напрыклад. Але мы мяркуем, што вельмі важна тое, што мы адзначылі гэтую дату, і ў нас заплянаваны яшчэ шэраг мерапрыемстваў. Прыйдзе той час, калі мы гэта будзем адзначаць на дзяржаўным узроўні. Гэта будзе дзяржаўнае сьвята. Карыстаючыся гэтай датай, мы даслалі і ў Савет міністраў, і ў Менгарвыканкам просьбу надаць імя аднаму з праспэктаў ці плошчы імя Альгерда”.

12 верасьня адбудзецца навуковая канфэрэнцыя “Перамога на Сініх Водах і яе значэньне для незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны”. 15 верасьня – выстава Беларускага саюзу мастакоў “Вайсковая слава Беларусі” ў кавярні “Добрыя мысьлі”, а 20 верасьня сьвяткаваньне завершыцца канцэртам, які адбудзецца на Ўправе партыі БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG