Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на Бангалоры мітынгуюць прадпрымальнікі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску на плошчы Бангалор мае адбыцца мітынг прадпрымальнікаў. Ініцыятар акцыі – грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Прадпрымальнікі рэчавых і харчовых рынкаў зьбіраюцца абмеркаваць рэзалюцыю пратэсту на прэзыдэнцкія ўказы - №302 і №760. Ці ведаюць дробныя бізнэсоўцы пра мітынг, ці зьбіраюцца туды прыйсьці?

На гандлёвым рынку Ждановічы, як зазвычай у выходныя, – шумна ды тлумна. Што ведаюць гандляры пра мітынг прадпрымальнікаў, які мае адбыцца 10 верасьня на плошчы Бангалёр а 12-й гадзіне, я іду высьвятляць у гандлёвы цэнтар “Сьвет моды”. Менавіта там колькі тыдняў таму падчас канфлікту супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі і гандляроў адбыўся спантанны мітынг.

Першая мая суразмоўца, маладая дзяўчына, гандлюе верхняй вопраткай. Пакупнікоў на кропцы няма, і яна ахвотна падтрымлівае гутарку.

Гандлярка: “Ведаюць”.

Карэспандэнтка: “А Вы асабіста зьбіраецеся туды пайсьці”?

Гандлярка: “Мяркую, што так, пайду”.

Карэспандэнтка: “Як лічыце, мітынг дапаможа нечага дамагчыся”?

Гандлярка: “Хацелася б спадзявацца, але, калі шчыра, спадзеву мала. Вось так я мяркую”.

Карэспандэнтка: “На Ваш погляд мітынгу дастаткова, ці страйк, пра які ішлі размовы раней, можа стацца болей эфэктыўным”?

Гандлярка: “Я лічу, што апроч мітынгаў трэба яшчэ нешта на роўні дзяржавы прадпрымаць. Трэба шукаць сустрэч з прэзыдэнтам, зь нейкім высокім кіраўніцтвам. Мітынг ёсьць мітынгам. Яго ня надта заўважаць, бо часьцей за ўсё ўдзельнікаў няшмат зьбіраецца”.

“Мы не размаўляем!!!"

На другой кропцы мы пасьпелі толькі пачаць гутарку з усьмешлівай гандляркай:

Карэспандэнтка: “Пра мітынг, якія адбудзецца заўтра, ці ведаеце”?

Жанчына: “Чуць – чула, так”.

Карэспандэнтка: “А дзе ён, калі – ведаеце? Пойдзеце?”

На гэтым моманце да нас імкліва падышоў гаспадар кропкі:

Мужчына: “Дзякуй, мы не размаўляем”.

У суседнім боксе, пачуўшы слова мітынг, таксама сталі адмахвацца.

Спадар: “Мы задаволены жыцьцём, нас усё цалкам задавальняе, усё добра”!

Спадарыня: “Хто працуе – той і ежу мае! Усё нармальна”!

“Ці будзе плён? Бясспрэчна!”

А вось гандляр скураной вопраткай, мужчына ў сталым веку, разьвітаўся з чарговым пакупніком і адказаў мне безапэляцыйна.

Спадар: “Усе ведаюць, усе прыйдуць. Не турбуйцеся! Прыходзьце туды, і ўсё пабачыце на ўласныя вочы.

Карэспандэнтка: “А як Вы думаеце, будзе плён у гэтага мітынгу”?

Спадар: “Будзе. Бясспрэчна”.

Наступны мой суразмоўца таксама пэўны, што мітынг прадпрымальнікаў будзе мець плён.

Гандляр: “Ведаю пра яго. Абавязкова прыйдзем. Спадзяёмся, можа наша ўлада... Ну, прыслухаецца да прадпрымальнікаў... Што-небудзь зробіць, каб усё ж лягчэй ды лепей нам працавалася, каб ня толькі сваякоў можна было прымаць на працу, але і суседзяў, і яшчэ каго-небудзь – каб ствараць новыя працоўныя месцы ды працаваць на карысьць нашае радзімы”...

Паводле указу № 302, па словах лідэра “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанкі, індывідуальныя прадпрымальнікі мусяць перайсьці ва ўнітарныя прадпрыемствы. Юрыдычны адрас трэба будзе рэгістраваць па месцы жыхарства, а ўласьнік гэткага жылога памяшканьня ня можа перашкаджаць правядзеньню праверак, рэвізіяў фінансавай дзейнасьці”.

Паводле Указу №760 індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права наймаць на працу толькі ўласных сваякоў ды родных. У іншым выпадку яны мусяць зарэгістраваць сябе як юрыдычную асобу.

• У Менску 10 верасьня адбудзецца мітынг прадпрымальнікаў, 6.09.2007 • Прадпрымальнікі: страйк пераносіцца на кастрычнік, 1.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG