Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці магчыма ў судзе абараніць гонар і годнасьць?


Іна Студзінская, Менск Ці ёсьць шанец абараніць у беларускім судзе свае гонар і годнасьць? Ці верыце вы ў аб’ектыўнасьць і справядлівасьць суду? На пытаньні адказвалі жыхары Менску.

Cпадарыня: “Гледзячы хто будзе абараняць. Калі які-небудзь чыноўнік — то вельмі шмат прыкладаў, калі за памылку на адну літару ў прозьвішчы ці за ня тое фота яны руйнавалі газэту, штрафавалі на шалёныя сумы. А калі гэта просты чалавек — у яго мала шанцаў. Ну, а калі ты засьвяціўся як апазыцыянэр, то ў цябе гонару і годнасьці наагул быць ня можа”.

Дзяўчына: “Ня думаю. Як і паўсюль, у судзе грошы вырашаюць усё”.

Спадар: “Не заўсёды. Таму што часьцяком сьведкі непраўдзівыя паказаньні даюць, і суду гэта цяжка вызначыць”.

Спадарыня: “На шчасьце, не сутыкалася”.

Спадарыня: “Калі маеш гонар і годнасьць, то ў беларускі суд ня пойдзеш. Увогуле, краіна збудаваная так, што чалавек з гонарам і годнасьцю ня мае ніякіх шанцаў на жыцьцё. Суд — асобна, чалавек — асобна. У краіны няма гонару”.

Спадар: “Не сутыкаўся ніколі з гэтым, не магу сказаць”.

Спадар: “Разумееце, тут яшчэ трэба аддзяліць гонар ад пачуцьця гонару. Гэта зусім розныя паняткі”.

Спадарыня: “Нельга. Таму што занадта разьвітая бюракратыя, гэта занадта марудна, і часьцяком людзі, якія хочуць адстаяць свае правы, яны не займаюцца гэтым, таму што ня лічаць магчымым вярнуць патрачаныя сродкі”.

Спадар: “Калі вы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ альбо МУС — няма пытаньняў, а калі вы просты сумленны чалавек — то гэта немагчыма”.

Спадар: “Я інвалід Чарнобылю, прыватызаваў кватэру, дамову заключыў. Спрабаваў даказаць законнасьць. Але атрымалася, што заднім чыслом унесьлі сацыяльныя льготы, і мне адмовілі. Закон ёсьць, а даказаць нічога немагчыма”.

Спадар: “На маю думку, немагчыма, таму што наш суд не самастойны. Гонар і годнасьць абараніць зможа толькі той, у каго больш уплыву, у каго ёсьць грошы. А простаму чалавеку немагчыма гэта абараніць увогуле”.

Карэспандэнтка: “Ці можна ў беларускім судзе адстаяць гонар і годнасьць?”

Юнак: “Думаю, што можна”.

Карэспандэнтка: “Верыце ў аб’ектыўнасьць, справядлівасьць?”

Юнак: “Так, веру”.

Спадар: “Ня верыцца мне”.

Спадарыня: “Ня ведаю, калі шчыра. Ня ведаю”.

Дзяўчына: “Дзякуй Богу, не даводзілася сутыкацца”.

Карэспандэнтка: “А ў справядлівасьць, аб’ектыўнасьць верыце?”

Дзяўчына: “Так, канечне! Гэта ж суд”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG