Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 6 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

З нагоды пятых угодкаў утварэньня праўладнай арганізацыі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (Былога БПСМ) buslovskas піша: “У нашым слаўным горадзе Сьветлагорску ў часы майго школьніцтва БПСМ не любілі. Тыя, каго неяк туды зацягвалі саромеліся гэтага і хавалі свой членскі білет куды падалей. Вось аднойчы ўсіх сагналі ў актавую залю. Выйшаў нейкі там "адказны сакратар" і сказаўшы некалькі слоў "зноў пра лафу ў БПСМ" узяў паперку і прачытаў "Вось у вашай школе напрыклад... ммм... 2 чалавекі ў нашай арганізацыі...". Вядома, усе пачалі рагатаць, а нехта і крыкнуў "Хто ж гэтыя сволачы, га? Прозьвішчы давай!". Выратаваў становішча дырэктар, адправіўшы ўсіх на заняткі... То быў 96-97 навучальны год, я вучыўся ў дзясятай...”. Камэнтар: “Як шмат зьмянілася за гэты час.. як толькі людзей так запужаць можна”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць віншавальны зварот міністра адукацыі Аляксандра Радзькова на адрас БРСМ. Сярод іншага міністар гаворыць: “Стрыжнем ідэалёгіі беларускай дзяржавы ёсьць сацыяльная справядлівасьць і патрыятызм. Свабоднае разьвіцьцё асобы, ейная сацыяльна-палітычная актыўнасьць рэалізуюцца толькі ва ўмовах справядлівасьці, калі інтарэсы грамадзтва, калектыва і чалавека максымальна зьбліжаны”. Камэнтары:

“Вось так, спадарства студэнты. Ільготы вам адмяняюць ня проста так, а дзеля сацыяльнай справядлівасьці”;

“Наша намэнклятура даўно дыстанцыявалася ад народу”;

“Проста як 30 гадоў таму. Нічога не зьмянілася”.

На сайце блогаў “Жывы журнал” абмяркоўваюць інтэрвію легендарнага Мірона, дадзенае сайту “Народныя навіны Віцебску”. Мірон вядомы тым, што вывешвае на высокіх маладасягальных кропках бел-чырвона-белыя сьцягі. У інтэрвію Мірон выказвае свае ацэнкі грамадзка-палітычнаму стану Беларусі. Камэнтары блогераў:

“Мірона мае простую гістарычную праўду, нацыянальную ідэю на гэты момант. Думаю, вольным беларусам трэба кіравацца гэтым, глядзець на мітычнага Мірона як на камэртон, у нейкім сэнсе”;

“Віншую са стварэньнем мітычнага пэрсанажу. Гэта добра”.

Партал “Наша Ніва” зьмяшчае фотаздымак аб’явы ў адной з крамаў менскага мікрараёну Серабранка:

“Шаноўныя пакупнікі, у зьвязку з ладжаньнем сьвяточных мерапрыемстваў, 08 верасьня 2007 году ў г. Менску будзе забаронены гандаль сьпірытусовымі напоямі. Просьба набываць сьпірытусовыя напоі наўперад”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG