Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Жаліба: У верасьні адчуем пераход на поўную аплату расейскага газу


Ганна Соўсь, Менск У Беларусі працягваецца рост цэнаў. Ад 3 верасьня на 7% падвышаныя тарыфы на паслугі электрасувязі. Урад не хавае, што да канца году рост цэнаў будзе працягвацца. Аднак сацыяльнага выбуху ў зьвязку з гэтым эканамісты не прагназуюць, паколькі ўлады абралі тактыку паступовага падвышэньня цэнаў.

Ад пачатку верасьня падаражэлі тэлефонныя размовы, павялічылася абанэнцкая плата за карыстаньне тэлефонам і радыёкропкай — усё ў сярэднім на 7%.

Павелічэньне тарыфаў на паслугі электрасувязі прагназавалася. Яшчэ пры канцы жніўня намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч заявіў, што неўзабаве беларусаў чакае падвышэньне цэнаў практычна на ўсе харчовыя і нехарчовыя тавары.

Празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы, 30 жніўня, падаражэў грамадзкі транспарт.

Кошт праезду ў Менску павялічыўся на 20% (ад 500 да 600 рублёў), у рэгіёнах праезд замест ранейшых 420 рублёў стаў каштаваць паўтысячы рублёў за паездку. Пры гэтым улады плянуюць яшчэ і адмяніць ільготны праезд у транспарце для большасьці катэгорыяў грамадзянаў.

Рост цэнаў зьвязаны з новымі рэаліямі ў гандлёвых дачыненьнях з Расеяй, кажа доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

“Павелічэньне цэнаў на расейскія газ і нафту адбіваецца на росьце сабекошту ў вытворцаў, даслоўна ўсіх — адных больш, другіх менш, але ўсіх. Пераход на поўную аплату, у прыватнасьці, расейскага газу, пачынаючы зь верасьня, мы адчуваем у росьце цэнаў на транспарт і на аплату жыльлёва-камунальных паслугаў”, — кажа Барыс Жаліба.

Сацыяльнага выбуху можа і ня быць

Сёлета тройчы падвышаліся цэны на паліва для аўтамабіляў, разам яны вырасьлі на 15%. У верасьні гэтаксама плянуецца падвышэньне цаны на хлеб — у сярэднім на 3%, на муку — на 4,5%, а таксама на малако — на 2%.

Яшчэ крыху статыстыкі. Ад пачатку году вырасьлі тарыфы і на камунальныя паслугі: на газ і электраэнэргію — на 20%, на цеплавую энэргію — на 12%. Павелічэньне тарыфаў адбывалася сёлета ўжо некалькі разоў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу на тое, што ўсе падвышэньні адбываюцца паступова:

“Калі гэты працэс будзе праходзіць паступова, калі будзе стрымлівацца рост няроўнасьці паміж слаямі насельніцтва, калі прыціснуць багатых і ўсіх, так бы мовіць, падраўняюць... І яшчэ адзін фактар, калі дзяржава моцна трымае карныя органы ў сваіх руках, дык калі вось гэтыя фактары будуць працаваць, то сацыяльнага выбуху ня будзе. Можа быць, і доўга такое будзе працягвацца”, — лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. • Кошты вырастуць амаль на ўсё, 28.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG