Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: “Краіна, якая нараджае такіх людзей, як Іван, вартая свабоды”


Валер Каліноўскі, Прага Госьці “Начной Свабоды” – сябра салігорскага “Маладога фронту” Іван Шыла і адзін са стваральнікаў гэтай арганізацыі палітык Павал Севярынец.

Каліноўскі: “Іван, скажыце, як вы ўспрынялі такі мяккі прысуд – гэтае папярэджаньне вам, якое вынесьлі па крымінальнай справе?”

Шыла: “Для мяне гэта было нечаканым на фоне апошніх падзеяў, калі актывісты дэмакратычнага руху цягам усяго лета адбывалі адміністратыўныя арышты, Павал Севярынец за тры месяцы пабыцьця на волі адбыў месяц арышту ў турмах... Я ня ведаю, з чым зьвязаны такі прысуд”.

Каліноўскі: “Павал, як вы думаеце, з чым ён зьвязаны?”

Севярынец: “Для мяне як веруючага чалавека адназначны адказ такі: вельмі шмат людзей маліліся за тое, каб людзі, якія вераць у Бога і любяць Беларусь, засталіся на свабодзе і дзейнічалі далей. Таму глыбінная сутнасьць гэтых працэсаў – тое, што ўлада нічога ня можа зрабіць з гэтымі маладымі людзьмі. Крымінальныя працэсы з маладафронтаўцамі канчаткова давялі бясплённасьць і беспэрспэктыўнасьць 193 артыкулу і ўсёй карнай машыны рэжыму супраць “Маладога фронту”.

І.Шыла: “Для 100-тысячнага гораду 30 чалавек – нармальна, каб разгарнуць нацыянальны моладзевы рух”

Каліноўскі: “Іван, бацькі, якія найбольш, відаць, хваляваліся – як яны гэта ўспрынялі?”

Шыла: “Натуральна, што мае бацькі падтрымалі мяне, і падтрымлівалі мяне як цягам усёй маёй дзейнасьці і сяброўства ў “Маладым фронце”, так і цягам крымінальнай справы. Натуральна, яны ўзрадаваліся, бо яны рыхтаваліся да горшага прысуду”.

Каліноўскі: “Іван, колькі ў вас у Салігорску паплечнікаў і хто яны?”

Шыла: “Я магу сказаць, што ёсьць папллечнікі, а ёсьць проста прыхільнікі. Бліжэйшыя паплечнікі, якія скадаюць касьцяк арганізацыі – іх чалавек прыблізна 10. Астатнія людзі зьмяняюцца, але сталая колькасьць прыхільнікаў, тых людзей, якія не сыстэматычна дзейнічаюць, але прыходзяць на акцыі, дапамагаюць у інфармацыйных кампаніях – дзесьці 30-40 чалавек”.

Каліноўскі: “Гэта шмат, як вы мяркуеце?”

Шыла: “Думаю, што для 100-тысячнага гораду ў сёньняшніх беларускіх варунках, якія стварае ўлада, у тым ліку крымінальны перасьлед, допыты моладзі, – гэта даволі нармальная колькасьць людзей, каб разгарнуць нармальны нацыянальны моладзевы рух”.

П.Севярынец: “Гэта і прыгожа, і духова моцна, і якасна, і прафэсійна – тое, як яны змагаюцца”

Каліноўскі: “Павал, скажыце, чым вы патлумачыце фэномэн Салігорску, дзе дзейнічае самая актыўная моладзевая суполка? Я не скажу, што гэта шмат, 30 чалавек, але пра іх шмат хто ведае ў Беларусі...”

Севярынец: “Акрамя таго, яны дзейнічаюць вельмі прафэсійна, пасьлядоўна і мэтанакіравана, і менавіта гэта, а нават ня колькасьць, вызначае ў першую чаргу фэномэн салігорскага “Маладога фронту”. Калі сёньня практычна ўсе, хто быў на судзе, выказвалі захапленьне Іванам Шылам, як ён вядзе працу, то я магу сказаць толькі адно – краіна, якая нараджае такіх людзей, як Іван, сапраўды вартая свабоды. Гэта і прыгожа, і духова моцна, і якасна, і прафэсійна – тое, як яны змагаюцца. У гэтым адчуваецца тая вера і сіла, якой і блізка няма ні ў вачох правадыра на БТ, ні ў вачох міліцэйскіх начальнікаў, ні ў вачох тых БРСМ-аўцаў і сацыяльных пэдагогаў, якіх запіхалі сёньня ў залю суду”.

Каліноўскі: “Бабуля аднаго з маладафронтаўцаў, якіх судзілі разам зь Іванам Шылам, сказала, што яе ўнук "прапаў", у яго няма ніякай будучыні... А на вашую думку, Павал – якую будучыню маюць гэтыя хлопцы? Гэта арышты, высылкі, як у вас – відаць, яна гэта мела на ўвазе?”

Севярынец: “Магчыма, старое пакаленьне людзей, якія вырасьлі пры савецкім атэізьме, ацэньваюць шлях Хрыста, пакутны шлях, якім тысячу гадоў ішла Беларусь, менавіта як боль і як пакуту. Для іх гэта сапраўды параза. Але мы цудоўна ведаем, што Хрыстос, укрыжаваны 2000 гадоў таму, прынёс найвялікшую перамогу ў гісторыі чалавецтва. І хлопцы, якія зараз ідуць праз боль, выпрабаваньні, у рэшце рэшт будуць найвялікшымі пераможцамі – менавіта такія людзі, як Іван Шыла, Настачка Азарка, Яраслаў Грышчэня – гэта людзі, якія ўвасабляюць тут і цяпер ідэал змагара, які ўвёў галоўны герой у беларускай гісторыі”.

Каліноўскі: “Іван, вы гатовыя на боль і пакуты?”

Шыла: “Натуральна. Мы на іх гатовыя, бо ўсьведамляем, што яны прынясуць карысьць нашай Бацькаўшчыне. Наконт гэтай бабулі – насамрэч, людзі, якія вырасьлі пры Імпэрыі зла, пры гэтым атэізьме, 30 год таму казалі, што ўсемагутнага Бога няма на гэтай тэрыторыі, ён кудысьці зьехаў... Цяпер бачыце, як мяняюцца меркаваньні – людзі, якія 30 год таму стаялі ў першых шэрагах атэістаў, ходзяць у царкву і кажуць, што Бог ёсьць... Меркаваньні зьмяняюцца, і тыя людзі, якіх катавалі 30, 70 год таму – іх гісторыя цяпер ацэньвае па-іншаму”.

П.Севярынец: “За 15 сутак у ізалятары я напісаў каля 50 старонак раману”

Каліноўскі: “Павал, вы пішаце раман пра Беларусь. А пра якую Беларусь ваш раман – якая ў марах, ці якая цяпер у рэальнасьці?”

Севярынец: “Скажам так, тая Беларусь, якая ёсьць зараз, на вачох ператвараецца ў тую, якую мы марым бачыць. Гэта своеасаблівы жанр, яго можна назваць раман-адкрыцьцё. Раман функцыянальны, які дае нам зразумець, як гэта можа адбыцца, каб мы змаглі ўбачыць. На жаль, цяпер не магу сказаць болей, гэта творчая таямніца, але ж магу зазначыць, што за апошнія 15 сутак, якія я правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, я пісаў менавіта раман – напісаў каля 50 старонак”.

Каліноўскі: “Іван, а кім вы сябе бачыце ў будучай Бедарусі? Вы ўжо вырашылі, кім хочаце быць і дзе зьбіраецеся вучыцца?”

Шыла: “На жаль, я пакуль ня вырашыў, але гэта ўласьціва майму ўзросту. Я толькі станаўлюся на шлях дарослага жыцьця, дзе я мушу вызначаць. Дакладна ведаю, што гэта будзе нешта зьвязанае з гуманітарнымі навукамі – гісторыя Беларусі, права, геаграфія. Я ўдзельнік алімпіядаў па гісторыі і сябра школьнай каманды "Эрудыт"... Гэта можа быць таксама і журналістыка – я рэдагую нашую мясцовую газэту "Свабодны Салігорск".

Каліноўскі: “А ў школе вас не прыціскаюць за апазыцыйную дзейнасьць?”

Шыла: “Не. Можа, раней гэта і назіралася, калі я адзін у школе насіў нейкую значку, былі нейкія камісіі, нейкі ціск... А пасьля, калі гэта становіцца масава, калі ўсе салідарныя ў школе, калі нехта бачыць, што ёсьць нейкі ціск на мяне, яны таксама апранаюць нейкія значкі, а калі гэта масава, гэта немагчыма спыніць”.

АПЫТАНЬНЕ: што вы ведаеце пра “Малады Фронт”?



Каліноўскі: “Іван, вы ня пішаце на сьценах?”

Шыла: “Панятак "пісаць на сьценах" – досыць разгорнуты. Можна проста зрабіць нейкі непрыгожы надпіс, можна намаляваць прыгожую “Пагоню”... Мы не прыхільнікі маляваньня на сьценах, але гэта вымушаны крок, бо нас на гэта штурхаюць”.

Каліноўскі: “Павал, на вашую думку, як аднаго са стваральнікаў гэтай арганізацыі – якія пэрспэктывы “Маладога фронту” ў сытуацыі, калі ён патрапіў пад такі ціск?”

Севярынец: “6 верасьня будзе адзначацца 10-годзьдзе “Маладога фронту”, і гэтыя суды былі такімі "падарункамі" да гэтага дня, а яшчэ будзе суд у Баранавічах 10 верасьня. Пэрспэктывы – самыя цудоўныя. Гэта яскрава ілюструюць адказы беларускай моладзі. Яны ведаюць пра “Малады фронт”, у асноўным падтрымліваюць яго, і падсьвядома гучыць – хацелі б далучыцца і ўдзельнічаць. Таму, калі 2 мільёны беларускіх маладых людзей адчуваюць тое ж самае, што і гэтыя тысячы, якія зараз змагаюцца ў шэрагах “Маладога фронту”, іншых моладзевых арганізацый, гэтыя людзі і ёсьць будучыня Беларусі.

6 верасьня запрашаю ўсіх тых, хто хоча ведаць, як будзе выглядаць будучая Беларусь, а 18-й гадзіне на Машэрава, 8, дзе будзе адбывацца сьвяточнае паседжаньне. Убачым, паслухаем, што думалі маладафронтаўцы 10 гадоў таму, што яны думаюць зараз і якой будзе Беларусь праз 10 гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG