Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд пакараў актывістаў апазыцыі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Вольга Сьмірнова аштрафавала сябра руху “За Свабоду” Юрку Бакура на 88 500 рублёў. Папярэджаньне вынесьлі сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Любові Праневіч. Актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. Сходам суд палічыў прэзэнтацыю ў Берасьці кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”.

Юрка Бакур ня ўдзельнічаў сёньня ў паседжаньні суду. Прычыны тлумачыць гэтак:

“Навошта? Каб пачуць, што судзьдзя абвесьціць мне ганебны прысуд? Сёньня ёсьць справы больш важныя”.

Юрка Бакур і яшчэ чатырнаццаць маладых актывістаў сёньняшнюю ноч правялі ля будынку аддзелу міліцыі Ленінскага раёну. Чакалі вызваленьня Паўла Севярынца. Палітык выйшаў на волю ў 3 гадзіны 30 хвілін.

У першым інтэрвію Павал Севярынец перадусім адзначыў, што слухаў Радыё Свабода на прыймачы, які перадалі з волі берасьцейскія сябры:

“Гэта ўжо легенда берасьцейскіх ізалятараў. Ужо ведаюць, што ў ізалятары Маскоўскага РАУС нейкаму “палітычнаму” дазволілі слухаць Радыё Свабода. Безумоўна, я слухаў Радыё Свабода. Гэта вельмі падтрымлівала. Ведаў усю інфармацыю. І чуў таксама пра тыя суды, што адбываліся ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця над іншымі актывістамі, затрыманымі на прэзэнтацыі кнігі “Лісты зь лесу”.

Таксама сёньня суд Маскоўскага раёну Берасьця вынес папярэджаньне Любові Праневіч. Яе меркаваньне пра рашэньне судзьдзі Сьмірновай:

“Тое, што ў мяне на руках быў загад рэдакцыі часопісу “Абажур” Беларускай асацыяцыі журналістаў, яна не прыняла да ўвагі. Таму я лічу, што гэта прамое парушэньне “Закону аб друку”. Таксама гэта парушэньне маіх правоў як журналіста”.

Такім чынам, на сёньня суд у Берасьці вызначыў пакараньні тром удзельнікам прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Яшчэ два пратаколы на затрыманых суд вярнуў з-за памылак. Позвы ў суд чакаюць яшчэ дзесяцёх сябраў апазыцыі.

Сытуацыю ў Берасьці камэнтуе Павал Севярынец:

“Гэтыя суды — спроба запалохаць беларусаў, якія падымаюцца з каленяў. Але тыя, хто верыць у Бога й любіць Беларусь, не спыняцца. Ні судамі, ні разгонам сустрэчаў, ні запалохваньнямі хаду Божай волі ў Беларусі і нацыянальнага абуджэньня не спыніць!”

• Берасьце: працягваюцца суды над актывістамі, 3.09.2007 • Суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Паўлу Севярынцу 15 сутак арышту, 22.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG