Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы зь Беларусьсю зьбяруцца эўрапейскія музыкі


Іна Студзінская, Літва Заўтра ў Літве, у мястэчку Нарвілішкес на самай мяжы зь Беларусьсю, адкрываецца грандыёзны музычны фэст “Be2Gether” (“Будзем разам”), дэвіз якога – “Музыка адчыняе межы”. На фэстываль прыедзе больш за 30 вядомых музычных калектываў, гуртоў, ды-джэяў з усяго сьвету. Запрошаны на сьвята й беларускія гурты.

Арганізатары фэстывалю абяцаюць, што “Be2Gether” стане цудоўнай магчымасьцю пабачыць і пачуць усясьветна вядомыя гурты. У Літву прыяжджаюць “Morcheeba”, “Bloodhound Gang”, “The Yong Knives”, “Datarock”, “Zion Train”, якія зазвычай выступаюць на самых прэстыжных фэстах і канцэртах. Натуральна, будуць самыя папулярныя літоўскія выканаўцы – Андрус Мамантавас, “Skamp”, “G&G sindikatas”, “Pieno lazeriai”, Яана са сваім праектам “Joana and the Wolf”.

Прыедуць модныя гурты з Ісьляндыі (“Leaves”), Фінляндыі (“Poets of the Fall”), Латвіі (“Tribes of the City”), Польшчы (“Myslovitz”).

Запрошаны й тры беларускія гурты. Распавядае саліст “IQ-48”Аляксандар:

“Нам вельмі прыемна, што зь беларускіх гуртоў нас запрасілі разам зь “Ляпісамі” і “Drum Extasy”. Хочацца там здорава адыграць, нармальны канцэрцік “бахнуць”.

Карэспандэнтка: “А што канкрэтна будзеце выконваць?”

Аляксандар: “Канечне, будзем граць беларускія песьні. Папросту адабралі такія творы, каб яны нармальна слухаліся на вялікай сцэне на адкрытым паветры. Прадумалі пасьлядоўнасьць, каб добра выбудоўваліся песьні, адна за другой”.

Арганізатары фэстывалю абяцаюць ня проста цікавую музычную праграму – зьбіраюцца наладзіць сэмінары, дыскусіі, музычныя спэктаклі, выставы, гульні, дэгустацыю літоўскіх страў. Па начах каля замку XVI стагодзьдзя мае працаваць танцклюб, а публіку будуць заводзіць папулярныя брытанскія і францускія ды-джэі.

На фэстываль чакаюць каля 30 тысяч гасьцей з розных краінаў. Мяркуецца, што будзе шмат беларусаў. Бо да мяжы зь Беларусьсю – усяго пару соцень мэтраў.

Частка сумы, атрыманай за фэстывальныя квіткі, пойдзе дзецям беларускага гораду Чачэрску, пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі.

МЗС Беларусі раней распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала Літву не дапусьціць “прапагандысцкіх акцый непрыязнай, нядабрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці” ў часе правядзеньня фэстывалю “Be2Gether”.

Рэпартажы і наўпростыя ўключэньні з фэстывалю слухайце на хвалях “Свабоды” ў пятніцу, суботу і нядзелю.

• “Be2Gether”: “Гэты фэстываль – праява нашай агульнай культуры”, 10.08.2007 • Афіцыйны Менск напалохаўся музычнага фэстывалю ў Літве, 10.08.2007 • Музыка злучыць Беларусь з Эўразьвязам, 19.04.2007 Сайт фэстывалю (па-ангельску)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG