Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гарадзкія гульні” Ўладзімера Кандрусевіча


Валянціна Аксак, Менск У прыватнай сталічнай галерэі “ЛаСандр-арт” адчынілася выстава маладога менскага мастака Ўладзімера Кандрусевіча. Ягоныя пэрсанальныя выставы ўжо экспанаваліся ў Нямеччыне і Швайцарыі, але на радзіме такое здарылася ўпершыню. Сваю экспазыцыю аўтар назваў “Гарадзкія гульні”. На адкрыцьці пабывала карэспандэнт нашага радыё.

У экспазыцыі прадстаўленыя працы трох апошніх гадоў творчасьці Ўладзімера Кандрусевіча, калі ён стаў пільна ўглядацца ў неабыякавую яму сучаснасьць.

“Мяне перад сім цікавіць, як чалавек сябе адчувае ў сучасным горадзе, – сучасны чалавек у вялікім мэгаполісе: узаемаадносіны людзей, межы прыватнай прасторы, уплыў грамадзкага меркаваньня. А раз я жыву ў Менску, дык натхняюся з таго, што бачу тут”.

Уладзімер Кандрусевіч нарадзіўся ў Менску. Гэты горад і яго насельнікі сталі крыніцай натхненьня і галоўнымі героямі першай пэрсанальнай выставы.

На пятнаццаці палотнах экспазыцыі гледачы ўсьлед за аўтарам бачаць жабракоў ля Сьвятадухава храма, занураных у сябе людзей на пляцы, алькаголікаў ля гастраному, заснулых на акрэсьцінскіх нарах нявольнікаў пасьля мінулагодніх сакавіцкіх пратэстаў... Уладзімер Кандрусевіч малюе тое, сьведкам чаго быў сам.

Ягоны стыль мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі называе новым фігуратыўным рэалізмам, які вабіць шырокае кола гледачоў. Але ня толькі гэтым – кажа спадар Харэўскі – прываблівае творчасьць маладога мастака.

“Мы бачым там рэалістычныя фігуры. І, канечне, гэта заўсёды імпануе гледачу. Безумоўна, прыцягвае ў творчасьці Кандрусевіча і такі досьціп, і відочная ягоная пазыцыя грамадзянская. Ён – сябра суполкі “Пагоня” і ўдзельнік шматлікіх выстаў, што ладзіць гэтая суполка”.

На калектыўных выставах Уладзімер Кандрусевіч выстаўляецца ўжо некалькі гадоў. У 2001 вывучаў тэхніку фрэсак на стажыроўцы ў Італіі. Пасьля чаго рабіў росьпісы некалькіх храмаў у Беларусі і за мяжой. Сяргей Харэўскі адзначае і гэты бок творчасьці маладога творцы.

“Ёсьць у яго цікавая такая ліцьвінская ідылія “Калдуны графа Тышкевіча”. Рабіў ён і графічныя аркушы, прысьвечаныя гісторыі Браслава. Уладзімер Кандрусевіч, да таго ж, – майстар рэлігійнага жывапісу. Ён аўтар абразоў “Цуд сьвятога Казімера пад Полацкам” і “Сьвятая Цэцылія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG