Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Беларусь цалкам разьлічылася з “Газпромам”</B>


Уладзімер Глод, Менск Афіцыйны прадстаўнік расейскага канцэрну Сяргей Купрыянаў сёньня пацьвердзіў Радыё Свабода факт пералічэньня на рахункі “Газпрому” поўнай сумы беларускай запазычанасьці за газ. Яна склала 456 мільёнаў 160 тысяч даляраў.

Беларускі бок мусіў выплаціць грошы яшчэ 23 ліпеня, але своечасова гэтага не зрабіў. “Газпром” даў Беларусі дзьве адтэрміноўкі – да 3 і 10 жніўня.

Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сказаў нашаму Радыё: цьверджаньне, што Беларусь цалкам пагасіла запазычанасьць, не зусім правільнае:

“Зроблены, сапраўды, апошні плацёж. Але ж нейкі час грошы знаходзяцца ў дарозе, натуральна”.

На пытаньне, чаму беларускі бок зацягнуў разьлікі, спадар Купрыянаў адказвае:

Сяргей Купрыянаў: “Усе ўмовы, каб разьлічыцца, як цяпер стала бачна, былі”
“Я думаю, што аналітыкі адкажуць на гэта пытаньне. Бо відочна, што ўсе ўмовы, каб разьлічыцца, як цяпер стала бачна, былі”.

Аналітык, старшыня прэзыдыюму расейскай Рады ў зьнешняй і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў у інтэрвію нашаму Радыё сказаў, што Беларусь невыпадкова зацягнула разьлікі з “Газпромам”.

На ягоную думку, гэта – праява старога рэцыдыву, калі Менск быў упэўнены, што багатая Расея даруе даўгі Беларусі:

“Беларускае кіраўніцтва прывучылася, што можна не разьлічвацца з Расеяй. Звыклася да падкормліваньня сваёй няжыцьцяздольнай эканамічнай мадэлі расейскім коштам. А цяпер яно змушана разьвітвацца з гэтым цудоўным часам”.

Сяргей Караганаў: “Беларускае кіраўніцтва прывучылася, што можна не разьлічвацца з Расеяй”
Расейскі аналітык адзначае, што беларускаму кіраўніцтву цяпер трэба разьвітвацца яшчэ з адной ілюзіяй: нібыта, яно можа ўплываць на ўнутраную сытуацыю ў Расеі:

“Беларусь не зьяўляецца фактарам унутранай палітыкі Расеі. У нас падтрымліваюць дзеяньні расейскага кіраўніцтва, якое хоча мець адэкватную цану за ўсё, што мы пастаўляем вонкаваму сьвету”.

Пачынаючы зь ліпеня, беларускі бок мусіць аплачваць поўны кошт газу з разьліку 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў. Сяргей Купрыянаў сказаў сёньня, што, згодна зь дзейным кантрактам, Беларусь павінна пераводзіць грошы не пазьней, чым 23-га наступнага месяца. Так, за ліпень трэба разьлічыцца не пазьней за 23 жніўня. З улікам таго, што ўлетку пастаўкі газу меншыя за зіму ці восень, спэцыялісты прагназуюць: Беларусь за ліпень заплаціць “Газпрому” больш за 100 мільёнаў даляраў. А за другое паўгодзьдзе набіраецца каля мільярда даляраў.

Валянцін Мацкевіч: “Існуе значная, да 80%, экспартная накіраванасьць нашай прадукцыі”
Былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Беларусі Валянцін Мацкевіч лічыць, што гэтыя ўмовы будуць значна цяжэйшымі для беларускай эканомікі:

“Але яны не катастрафічныя. Справа ў тым, што існуе значная (да 80%) экспартная накіраванасьць нашай прадукцыі, перадусім – у Расею. Яна больш танная. І нават пры гэтых коштах на газ рост канчатковай прадукцыі ня будзе вельмі прыкметным. Гэта будзе заўважнае, але не велізарнае падвышэньне. І яна будзе запатрабавана на расейскім рынку. Хаця з асобнымі таварамі (прыкладам, з керамічнай пліткай, тэлевізарамі, цэмэнтам) сытуацыя выглядае больш складанай”.

Запазычанасьць “Газпрому” ўзьнікла з той прычыны, што ў першае паўгодзьдзе сёлета Беларусь аплачвала толькі 55% поўнага кошту газу. “Газпром” пагадзіўся на гэтую просьбу беларускага ўраду, які матываваў яе неабходнасьцю адаптацыі эканомікі краіны да новых коштаў на газ.


• "Праскі акцэнт": Трафеі "газавай вайны", 08.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG