Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чым можа дапамагчы Бацькаўшчыне звычайная дзяўчына?”


Іна Студзінская, Менск На наш нумар мабільнай сувязі (375 29) 3912224 паступіла пытаньне ад маладой слухачкі “Свабоды” – “Чым можа дапамагчы Бацькаўшчыне звычайная дзяўчына?”.

На пытаньне дзяўчыны адказваюць вядомыя ў Беларусі асобы.

Рок-музыка, лідэр гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі:

“Дзіўна, што ў такі складаны для Бацькаўшчыны пэрыяд яна ня ведае, як ёй дапамагчы... Трэба нешта пашукаць: можна пайсьці валянтэрам папрацаваць. Але не ў грамадзкія розныя арганізацыі, а, да прыкладу, у шпіталь, папрацаваць два гады, як людзі, якія выконваюць альтэрнатыўную службу. Можна прыбіраць вуліцы, сабраць брыгаду дворнікаў і папрацаваць бяз грошай. Дапамагчы Бацькаўшчыне можна арганізацыяй канцэртаў маладых рок-калектываў, якія цяпер у цяжкім стане знаходзяцца. Гэта таксама частка беларускай культуры. Вельмі шмат ёсьць заняткаў...”

Паэт Леанід Дранько-Майсюк:

“Выйсьці замуж, стварыць моцную сям’ю, нарадзіць дзетак. У сям’і, да школы, навучыць дзетак беларускай мове. Гэта значыць, каб першая калыханка ў гэтай сям’і была беларуская, першыя вершы, першыя казкі былі таксама беларускія. Толькі так можна дапамагчы Бацькаўшчыне, бо Адраджэньне пачынаецца зь сям’і. Калі гэтай дзяўчыне патрэбна мая парада, то яна такая: трэба пачынаць зь сям’і”.

Фотамастак Георгій Ліхтаровіч:

“Ну што тут параіць... Як сказаў адзін расейскі паэт, “жить. Шить сарафаны и лёгкие платья из ситца…” Гэта па-расейску, ужо клясыка… Жыць сумленна, у згодзе з сабой. Гэта адзінае, што можна параіць. Разумею, што гэта не зусім лёгкая парада, бо сумленна жыць у наш не зусім сумленны час вельмі цяжка. Калі сапраўды хочаш быць карыснай для Бацькаўшчыны, трэба добра рабіць сваю працу, кахаць і любіць Беларусь”.

Малады палітык, былы палітзьняволены Цімафей Дранчук:

“Маладая дзяўчына павінна сустракацца выключна з хлопцам, які таксама думае пра Бацькаўшчыну, чалавекам нацыянальна сьвядомым. У пэрспэктыве яна павінна нарадзіць ужо ў залежнасьці ад агульных поглядаў адно альбо некалькі дзяцей, якія ў пэрспэктыве таксама будуць спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі на нашай Бацькаўшчыне. А самае галоўнае – гэтая дзяўчына павінна вельмі добра выглядаць, у яе абавязкова павінен быць бел-чырвона-белы сьцяжок, каб кожны чалавек абарочваўся на яе таму, што яна нацыянальна сьвядомая і да таго ж вельмі добра выглядае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG