Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка не дае Расеі зрабіць нас рабамі розных Чубайсаў і Дзерыпаскаў..."


Валянцін Жданко, Менск Эфір 4 жніўня 2007 году

Галоўная тэма мінулага тыдня – новы “газавы” крызыс у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Пасьля таго, як Беларусь зноў адмовілася своечасова плаціць за спажытае паліва, расейскі манапаліст “Газпром” прыгразіў амаль напалову скараціць пастаўкі газу. Ультыматумы, узаемныя абвінавачаньні і скандальныя заявы прадстаўнікоў краінаў, якія нядаўна, нібыта, будавалі саюзную дзяржаву, – тэма некаторых электронных лістоў на “Свабоду”.

“Вось і скончыўся беларускі эканамічны цуд,– піша нам Вадзім Болатаў з Горадні. – Калі глядзіш беларускае тэлебачаньне, дык здаецца, што ў нас тут – малочныя рэкі з кісельнымі берагамі. Нечуваны эканамічны рост, багатыя ўраджаі, вялізныя заробкі і пэнсіі. Аказваецца ж, своечасова плаціць за газ, нават па льготных цэнах, – вялікая праблема. Дык што гэта за ўздым такі, калі ня можам плаціць за тое, што купляем?

А ўвогуле, тое, што ў нашай эканоміцы адбываецца нешта нядобрае і пагражальнае, бачыць кожны, хто тут жыве. Цэны – шалёныя, яны ўжо значна вышэйшыя, чым у суседзяў. Заробкі і пэнсіі фактычна замарожаны, і пра іх падвышэньне хоць бы на працэнт, з улікам росту інфляцыі, начальства нават слухаць ня хоча. Усе чакаюць, што неўзабаве будзе яшчэ горш”.

Іншы погляд на беларуска-расейскі канфлікт у нашага слухача Паўла Зайца з Барысава:

“Нават самыя зацятыя нядобразычліўцы Лукашэнкі мусяць прызнаць: ён да апошняй магчымасьці абараняў інтарэсы Беларусі, рабіў усё магчымае, каб не плаціць Расеі за газ як мага даўжэй. Хіба ён для сябе стараўся? Не хвалюйцеся, у рэзыдэнцыі прэзыдэнта будзе цёпла пры любых цэнах на газ. А вось як будзем разьлічвацца за цяпло ў сваіх кватэрах мы, калі рахункі ўзрастуць удвая?

Лукашэнка пра гэта хвалюецца. І за гэта яго цэняць людзі. А зласьлівая радасьць апазыцыі выклікае ў сумленных людзей толькі нянавісьць. Па сутнасьці, яны радуюцца таму, што Расея спрабуе паставіць усіх нас на калені, зьнішчыць і захапіць нашу эканоміку, а ўсіх нас зрабіць рабамі розных Чубайсаў і Дзерыпаскаў”.

Сапраўды, спадар Заяц, беларуская ўлада імкнулася як мага даўжэй не плаціць за пастаўлены Расеяй газ. Але ці можна лічыць патрабаваньні Расеі несправядлівымі і экспансіянісцкімі, спробай паставіць Беларусь на калені? “Газпром” жа запатрабаваў тыя грошы, якія Беларусь абавязана заплаціць, у адпаведнасьці з дамовай, за пастаўлены і спажыты Беларусьсю газ. І гэта пры тым, што кошт гэтага газу для Беларусі па-ранейшаму значна ніжэйшы, чым для іншых замежных спажыўцоў.

Вядома, Аляксандар Лукашэнка сваімі зацятымі спробамі як мага даўжэй не плаціць за спажытае ў канчатковым выніку абараняў кішэні беларускіх грамадзян. Але якім чынам гэта гісторыя адбілася на рэпутацыі Беларусі ў сьвеце, на яе іміджы як прыстойнага і надзейнага партнэра?

Юрась Навіцкі зь Менску ў лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, ці можа лічыцца беларускай праваслаўная царква, якая дзейнічае ў краіне. На думку слухача, права на такую назву экзархат Рускай праваслаўнай царквы ня мае. А каб займець яго, трэба выканаць шэраг умоў. Юрась Навіцкі называе некаторыя зь іх:

“Царква павінна прызнаць за традыцыйнымі беларускімі рэлігіямі права на роўнасьць перад Богам і законам, адмовіўшыся ад прысабечанай “прыярытэтнасьці”; – вярнуць прысабечаныя храмы, частка зь якіх наагул была гвалтам адабрана ў іншых канфэсій; – спыніць будаўніцтва храмаў з азіяцкай архітэктурай, не ўласьцівай Беларусі; – прамаўляць казані і весьці набажэнствы па-беларуску; – не вымагаць міластыні ў крамах, падземных пераходах ды іншых грамадзкіх (сьвецкіх) месцах; – спыніць зрастаньне зь дзяржавай; – не перасьледаваць сваіх служак, калі яны выступаюць за свабоду сумленьня; – зрабіцца палітычна і эканамічна незалежнай ад Масквы (то бок – аўтакефальнай).

А лепш за ўсё, аб’яднаўшыся з асноўнай хрысьціянскай плыньню – каталіцызмам, вярнуцца да ўніяцтва, як гэта было да расейскай акупацыі (і нават нейкі час па ёй)”.

Цяжка ўявіць, спадар Навіцкі, што ў сёньняшнім Беларускім экзархаце могуць знайсьціся ўплывовыя духоўныя асобы, здольныя на такія кардынальныя, рэвалюцыйныя рэформы ў гэтай артадаксальнай і ня схільнай да рэфармаваньня структуры. І ўжо тым больш неверагодна выглядае магчымасьць рэвалюцыйных зьмен у царкве на тле сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў дзяржаве, у якой беларусы вышэйшай службовай асобай названы “расейцамі са знакам якасьці”.

Вялікі пералік разнастайных пытаньняў даслаў у сваім лісьце на “Свабоду” Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Напрыклад, слухач пытаецца:

“Камуністы-калякінцы на сваім зьезьдзе прынялі рэзалюцыю аб сьвяткаваньні 90-й гадавіны “Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”. Цікава, ці далучацца да іх астатнія партыі, якія ўваходзяць у апазыцыйную кааліцыю?”.

Не далучыліся. І наўрад ці далучацца. Ня толькі Вы, спадар Касьнерык, – многія лічаць саюз правых і левых партыяў (фактычна, ідэйных антаганістаў), які склаўся ў Беларусі, ненатуральным. Але ў такія ўмовы пастаўлены ў дзяржаве ўсе апазыцыйныя сілы (незалежна ад іх накіраванасьці), што змушаны ствараць часовыя саюзы. Хаця б дзеля таго, каб выжыць.

І яшчэ адно пытаньне ад Пятра Касьнерыка:

“Чаму Васіль Быкаў за савецкім часам атрымаў зорку Героя сацыялістычнай працы, а Сакрат Яновіч нават мэдаля не заслужыў? Пералічыце ўсе ўзнагароды пакутніка Быкава, атрыманыя за савецкім часам”.

Пералічыць можна, спадар Касьнерык. І пералік пачнецца з тых узнагарод, якія прынёс на сваёй гімнасьцёрцы з вайны старшы лейтэнант, камандзір узводу палкавой, а потым армейскай артылерыі Васіль Быкаў – з мэдаля “За адвагу”, з ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны…

А пасьля вайны, як пачаў пісаць жорсткую праўду пра тое, што бачыў і перажыў на фронце, спачатку былі ня ордэны і прэміі, а – злосныя нападкі крытыкі, абвінавачаньні ў ачарненьні савецкай улады. Васіль Быкаў без усялякіх афіцыйных узнагарод і ганараваньняў, толькі праз уласны талент стаў усенародна прызнаным і шанаваным пісьменьнікам. І толькі пасьля ўлада, змушаная лічыцца з тым, што ўжо сталася фактам, асыпала яго ўзнагародамі.

Ён тых узнагарод не прасіў. Дый ня надта імі даражыў. І застаўся верным сваім прынцыпам нават тады, калі ў сярэдзіне 90-х для яго усё пачалося наноў – і грэблівае стаўленьне ўлады, і траўля ў дзяржаўнай прэсе, і забарона на выхад новых твораў…

Пра асобу Васіля Быкава і ягоную ролю ў беларускай літаратуры і гісторыі – яшчэ адзін ліст у нашай пошце. Яго аўтар – удзельнік вайны, старшыня Гарадзенскага гарадзкога аб’яднаньня вэтэранаў, дацэнт Мікола Мельнікаў. Слухач піша:

“Вельмі добра, што на пачатку лета па “Свабодзе” зноў можна было чуць голас Васіля Быкава – вы паўтаралі праграмы зь ягоным удзелам. Усе беларусы павінны слухаць словы вялікага пісьменьніка, салдата, прарока. Лічу, было б добра, калі б вы з імём вялікага сына беларускай зямлі зьвязалі дзейнасьць музэю Васіля Быкава, які стварылі ўдзельнікі вайны і вэтэраны працы. Дасылаю складзены намі праект музэю – выкарыстайце. А таксама, пры магчымасьці, дапамажыце папоўніць літаратурай бібліятэку музэю. Будзем удзячны”.

Заўважу, што высілкамі менавіта спадара Мельнікава і ягоных сяброў, без усялякага спрыяньня ўлады, у 2003-м годзе ў Горадні быў створаны музэй Васіля Быкава, які разьмясьціўся ў невялікім пакойчыку ў офісе грамадзкага аб’яднаньня.

Дзякуй Вам, спадар Мельнікаў, за зьдзяйсьненьне вельмі важнай для грамадзтва справы. У бібліятэку вашага музэю дасылаем некалькі асобнікаў кнігі “Быкаў на “Свабодзе” і аўдыёдыск з запісам твораў, якія чытаў пісьменьнік у эфіры нашага радыё.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG