Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэсна Касэрэс у Менску


Іна Студзінская, Менск Cёньня ў менскім клюбе “Графіці” адбыўся канцэрт Вэсны Касэрэс — выканаўцы лацінаамэрыканскай музыкі, сьпявачкі, акардэаністкі і кампазытаркі.

Вэсна Касэрэс нарадзілася ў Харватыі, там і вучылася музыцы. З 1990 году жыве ў Празе. Звычайна яна выступае на канцэртах і фэстывалях ў розных краінах са сваім гуртом “Anima”, у рэпэртуары якога песьні выдатных бразыльскіх паэтаў-кампазытараў – Каэтану Вэлозу, Шыку Буаркі, Жоржы Бэна, Мілтана Насімэнту.

Аднак музычны дыяпазон Вэсны не абмяжоўваецца бразыльскімі і кубінскімі мэлёдыямі, яна сьпявае свінг, піша музыку для тэатру, а апошнім часам пачала выступаць з сольнымі канцэртамі ў суправаджэньні акардэону. Менавіта з акардэонам яна прыехала ў Менск. Днямі яна была госьцяй на тэлеканале “Лад”, а сёньня менавіта ў суправаджэньні акардэону сьпявае ў клюбе “Графіці”. За пару хвілінаў да пачатку канцэрту Вэсна распавяла:

“Я буду сьпяваць акустычную музыку. Толькі я сама, мой голас і акардэон. Тут ёсьць ўсё: і мэлёдыя, і рытм, і словы. Я думаю, будзе прыгожа і цікава. Людзі ня так часта прыходзяць слухаць жывую музыку, усё больш глядзяць тэлевізар. Я вельмі рада, што і ў Менску прыйшлі аматары жывога гуку, жывой музыкі. Я пастараюся, каб было цікава і разнастайна”.

З сольнымі канцэртамі, як сьпявачка і акардэаністка, Вэсна выступае з 2003 году. У яе рэпэртуары ўласныя кампазыцыі, песьні розных народаў — харвацкія, гішпанскія, мэксыканскія, бразыльскія ды іншыя. Яна прызнаецца:

“Мне вельмі падабаецца выконваць розныя стылі, песьні на розных мовах. Каб было нешта адно, мне было б нецікава працаваць”.

Сталічныя аматары музыкі ведаюць, што менавіта ў клюбе “Графіці” можна паслухаць вельмі цікавых і незвычайных музыкаў, калі канцэрт адбываецца ў гэтым клюбе – будзе нешта незвычайнае, таму выпадковых людзей тут не бывае. І хоць ніякай асаблівай рэклямы канцэрту Вэсны Касэрэс не было, апроч абвестак у Інтэрнэце, сёньня ў клюбе народ стаяў нават у праходах. Паслухаем уражаньні наведнікаў:

Юнак: “Уражваюць добрая энэргія, прыемная, лёгкая мэлёдыя, чысты голас. Мне было вельмі цікава, бо я сам граю на акардэоне”.

Спадарыня: “Эўрапейскія музыкі наагул вельмі рэдкія госьці ў менскіх клюбах. Уражаньні самыя прыемныя. Кожная новая песьня зьдзіўляе, адлюстроўвае нейкую іншую культуру музычную. Праграма вельмі разнастайная. Калі пачыналася ўсё з такога традыцыйнага эўрапейскага кабарэ, то цяпер мы ўжо дайшлі да сьпеваў партугальскіх, бразыльскіх. Спадзяюся, далей будзе яшчэ цікавей...”

Менск, 2.08.2007. Вэсна Касэрэс на канцэрце ў клюбе “Графіці” Вэсна Касэрэс на канцэрце ў клюбе “Графіці”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG