Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А. Лукашэнка: яны б хацелі прыватызаваць усю краіну


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка перакананы, што сытуацыя з пастаўкамі газу ў Беларусь не пагражае бясьпецы краіны: «Хачу падкрэсьліць: няма нічога небясьпечнага, што можа пагражаць бясьпецы Беларусі. Абсалютна! Нават газавыя пытаньні», -- заявіў Лукашэнка падчас наведваньня рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия”, органа адміністрацыі прэзыдэнта.

«Сёньня я даў каманду ўзяць грошы з рэзэрваў і заплаціць» - сказаў ён.

Лукашэнка патлумачыў, што «Беларусь агаляе рэзэрвы, але нашыя добрыя сябры, у прыватнасьці, Уга Чавэс, заявілі, што дадуць крэдыт на выгадных нам умовах, і заходнія банкі таксама гатовыя прадаставіць рэсурсы».

Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што расейскі бок прапанаваў міждзяржаўны крэдыт пад 8.5% гадавых, што непрымальна для Беларусі.

Кіраўнік Беларусі рэзка скрытыкаваў агульную лінію расейскай палітыкі: “Упершыню я дазваляю сабе гучна пра гэта сказаць: Расея хоча прыватызаваць ня толькі асобныя прадпрыемствы, нават бясплатна іх прыхваціць. Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну” – сказаў кіраўнік Беларусі. Ён падкрэсьліў, што заўсёды казаў пра раўнапраўны саюз Беларусі і Расеі.

Паводле яго, гэтая лінія не прадтрымлівалася расейскім бокам, “для кіраўніцтва Ельцына гэта было нібыта магчыма, але новае кіраўніцтва лічыць гэтыя пагадненьні нявыгаднымі і пачынае іх дэнансаваць”.

Лукашэнка спаслаўся на тое, што Ўладзімер Пуцін напачатку году абяцаў даць Беларусі крэдыт 1.5-2 мільярды даляраў. Кіраўнік Беларусі патлумачыў, што яшчэ падчас падпісаньня газавага кантракту сказаў Пуціну, што Беларусь у 2007 годзе больш паловы цаны за газ не заплаціць.

Лукашэнка заявіў, што «апошні візыт прэм''ер-міністра Беларусі ў Маскву быў прыніжэньнем. «Я сказаў, каб ён туды больш ня ездзіў».

Кіраўнік Беларусі адзначыў: «Мне таксама намякалі, што трэба ехаць у Крэмль і пасьці на калена. Я не паеду і на калена ня ўстану».

Лукашэнка сказаў, што ўжо пасьля перамоваў у Маскве даў Сяргею Сідорскаму даручэньне знайсьці Міхаіла Фрадкова і спытаць, ці дакладна Расея дасьць крэдыт.

«Наш прэм''ер гаворыць – не там нейкія адгаворкі. Тады я кажу: пакладзі слухаўку». «Гэта не сярэдзіна 90-х гадоў. Мяркую што хутка і мы ім спатрэбімся» - рэзюмаваў Аляксандар Лукашэнка.

Фармальна візыт Лукашэнкі быў прымеркаваны да 80-годзьдзя выданьня, але ў часе сустрэчы з калектывам кіраўнік краіны зрабіў шэраг заяваў адносна пэрспэктываў беларуска-расейскіх адносінаў у зьвязку з намерам “Газпрому” амаль напалову спыніць падачу газу ад 3 жніўня. Так, ён запэўніў, што Беларусь разьлічыцца з «Газпромам» за пастаўлены расейскі газ.

Як расказваюць супрацоўнікі Дома прэсы, да візыту Аляксандра Лукашэнкі рыхтаваліся ад пачатку тыдня. Некалькі дзён тут гаспадарылі прадстаўнікі Службы аховы прэзыдэнта, а напярэдадні двойчы з шампунем быў памыты асфальт вакол будынка. На дзень прыезду перамяшчэньні журналістаў па Дому прэсы быў істотна абмежаваны, а некаторыя рэдакцыі нават атрымалі незаплянаваны выходны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG