Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмова Расеі даць крэдыт апусьціла выхваляку Лукашэнку на калені”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 2 жніўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Дасылайце нам смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Аляксандр Рыгоравіч, падавай у адстаўку, таму што ў цябе ўжо іншага выйсьця няма. Ты ўжо сваім падманам надакучыў і Расеі, і свайму народу. Ты ўжо знудзіў усіх. Ты ўвесь час мяняеш міністраў, але дровамі не заменіш расейскі газ. Трэба плаціць у час. І слушна Расея робіць, што будзе адключаць газ. І хопіць ужо дурыць галаву і сваім людзям, і чужым. Ты Казуліна пасадзіў за нішто на пяць гадоў з паловай. І людзі пакутуюць па тваёй міласьці. Так што не губляй час і, калі ласка, сыходзяць. А мы, народ, зьбярэм выбары і абярэм разумнага, адукаванага прэзыдэнта. І ў нас з Расеяй усё будзе добра. Будзе, як трэба”.

Спадар: “Газавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй паказвае крызыс беларускага рэжыму, беларускай улады. Гэта канец рынкавага сацыялізму”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Я мяркую, што нежаданьне Беларусі плаціць па рахунках зьвязанае не з адсутнасьцю грошай. Пагатоў, што грошы зараз патрэбныя адносна невялікія. А з кліматычнымі ўмовамі. Калі Расея нанясе газавы ўдар зараз, перанесьці яго будзе лягчэй, чым зімой. Урад мае рацыю. Навошта адцягваць непазьбежнае? Дый зямлянку ў мерзлай глебе немагчыма выкапаць. Таму рашэньне не плаціць хутчэй разумнае, чым бязглуздае. Толькі не зразумейце мяне няслушна. Я не ўхваляю палітыку прэзыдэнта, бо хіба не Аляксандр Рыгоравіч Сусанін завёў усю краіну ў багну?!”

Сяргей Патаранскі: “Выказваю шчырую салідарнасьць з тымі, хто сёньня, на жаль, у турмах. Але пытаньне заключаецца ў тым, што я не магу зразумець, чаму цяпер у турме сядзіць Франак Вячорка, які культурны дзеяч у першую чаргу, выдатны мэнэджэр у галіне культуры. Што ён забыў за кратамі, не зразумела мне па сёньняшні дзень. І чаму тыя, хто арганізоўваў гэтае глупства (дадумацца вывесьці народ пад Чырвоны касьцёл, мы ня ў 88-м годзе!) на свабодзе, і яны гуляюць?”

Сяргей Патаранскі: “Я хачу папрасіць прабачэньня за некаторыя рэзкія выказваньні маіх сяброў наконт фэстывалю беларускай літаратуры ў Брне. Безумоўна, кожны мае права на сваё лёсавыяўленьне і на сваю творчасьць. Але, прабачце. Ёсьць пэўная рацыя ў тым, што яны казалі. Таму што наўрад ці можна параўнаць творчасьць Вішнёва ці іншых так званых фанфаронаў і факіраў з сучаснай творчасьцю Барадуліна або Зянона Пазьняка, ад якіх сапраўды вее Духам Божым? Я думаю, што гэтым літаратарам яшчэ трэба Біблію чытаць і ў храм хадзіць для таго, каб спасьцігнуць акавіту сапраўднага паэтычнага слова. Я нічога супраць нікога ня маю. Але паэзія – гэта, як казаў Алесь Разанаў, “чысты сьпірт”. Але пакуль што там патыхае ня чыстым сьпіртам, а, хутчэй за ўсё, вадзічкай, морсам, J-морсам. І болей за тое”.

Спадарыня: “Пуцін выдатна ведае, навошта Лукашэнку патрэбен крэдыт менавіта ў 1,5-2 мільярды. Каб пагасіць даўгі за газ, яму хапіла б і 900 мільёнаў. Але інвэставаць, напрыклад, у Вэнэсуэлу на здабычу нафты, відаць, недастаткова. Так што тактыка беларускага дыктатара “пачакаем, што будзе” ўжо даўно загнала яго ў кут. А адмова Расеі даць крэдыт апусьціла выхваляку Лукашэнку на калені. Скарачэньне на 45 % паставак газу ў Беларусь падсыпала яму пад калені гарох. У такім становішчы доўга не пратрымаесься. Але выйсьце ёсьць. Аляксандра Казуліна і ўсіх палітычных вязьняў – дахаты, спыніць пусты перасьлед актывістаў “Маладога Фронту” і астатнія 12 пунктаў з патрабаваньня Эўразьвязу. І яшчэ. Кандыдат на прэзыдэнта, які заняў другое месца на выбарах 19 сакавіка 2006 году, павінен стаць прэм’ерам. Гэта -- Аляксандр Мілінкевіч. Ягоныя працэнты, якія былі, мякка кажучы, схаваныя ад грамадзкасьці, дазваляюць Аляксандру Мілінкевічу быць прэм’ер-міністрам Беларусі”.

Спадар: “Учора пачуў пра скарачэньне для нас пайкі газу. І ніхто такую акалічнасьць не заўважыў. Выходзіць, па-народнаму кажучы, паўгода нам вешалі лапшыну на вушы з падаражаньнем газу. Фактычна газ быў па тым самым кошце. І гэтая падманка ажыцьцяўлялася на чале з прэзыдэнтам, які таксама казаў, што газ падаражэў. На самай справе ж плацілі, як і раней, ніякага падаражаньня не было”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG