Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцам "Кубку свабоды" стала футбольная каманда Партыі БНФ


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску сёньня прайшоў адзінаццаты па ліку “Кубак свабоды” – традыцыйны турнір у міні-футболе памяці Генадзя Карпенкі, прысьвечаны прыняцьцю Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У ім брала ўдзел пяць камандаў, якія прадстаўлялі дэмакратычныя сілы Беларусі і журналістаў. Сёлетні пераходны кубак праз сем гадоў зноў вярнуўся да каманды партыі БНФ.

Сёньня на футбольным полі, што ў менскім парку Чалюскінцаў у кругавым турніры сустракаліся пяць камандаў: партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай, зборнай дэмакратычных сілаў Койданаўшчыны “45+” і каманда журналістаў.

За турнірам сачылі заўзятары з рацыямі

Чатыры апошніх гады запар у гэтым турніры перамагала каманда журналістаў. Сёньня яны таксама першымі выйшлі на поле супраць дружыны ПКБ. Старт пераможцаў мінулых гадоў быў няўдалы – журналісты прайгралі камуністам 1-0. Тэхнічны дырэктар турніру Сяргей Вазьняк распавёў пра асаблівасьці сёлетняга “Кубку свабоды”:

“Будзе кругавы турнір. Кожная каманда правядзе па чатыры гульні і па выніках будуць вызначаныя пераможца й прызёры. Таксама мы будзем вызначаць лепшых бамбардзіра, брамніка і гульца”.

За матчамі назірала некалькі чалавек у цывільным з партатыўнымі радыёстанцыямі.

АГП атрымала ад БАЖ прыз за самую шчырую гульню

Ва ўсіх турнірах “Кубка свабоды”, які з 2000 году носіць імя былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, удзельнічала каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна выступала й арганізатарам спаборніцтваў. Гаворыць капітан гэтай каманды і лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

“Турнір адметны сваімі моцнымі каранямі. Калі ён праходзіць 11 год – гэта азначае, што турнір некаму патрэбны. Важная і сама дата прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. І з гэтым сьвятам немажліва змагацца ніякімі дэкрэтамі і ўказамі. Яно было, ёсьць і будзе, і турнір гэта даказвае. І ён моцны імем асобы Генадзя Карпенкі. Я думаю, што мы павінны шанаваць памяць палітыкаў найноўшай гісторыі”.

Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла ўручыць свой прыз “За шчырую гульню”. Гаворыць віцэ-старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

“БАЖ вырашыў на гэтым турніры ўручыць кубак за fair play. І гэта, думаю, цалкам адпавядае дэвізу БАЖ “Трымайся праўды”. І таму мы вырашылі адзначыць тую каманду, якая будзе паказваць найбольш шчырую гульню”.

Самай шчырай, на думку журналістаў, на полі выглядала каманда АГП.

Капітан каманды БНФ: "Мы ў эўфарыі!"

Самі журналісты занялі другое месца. Пераможны гол у іх забіў карэспандэнт нашага радыё Віталь Цыганкоў. На трэцім месцы каманда “45+” з Койданаўшчыны. А пераможцамі турніру стала каманда партыі БНФ. Гаворыць яе капітан Сяргей Мудрачэнка:

“Выдатна, мы проста ў эўфарыі! Мы вярнулі сабе кубак упершыню пасьля 2000 году, перапыніўшы манаполію журналістаў. Для мяне гэта першы турнір у аматарскім футболе”.

Праўда, каманда партыі БНФ атрымала не арыгінал кубку, а ягоны дублікат, якім узнагароджваюць пераможцаў турніру з 2003 году. Арыгінал кубку згубіўся ў не да канца высьветленых акалічнасьцях, і знайсьці яго ня могуць дагэтуль. Апошнім яго трымаў тагачасны тэхнічны дырэктар турніру Аляксандар Зялко, які сьцьвярджае, што перадаў яго ў штаб-кватэру АГП. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі гавораць, што ў іх кубку няма.

Турнір памяці Г.Карпенкі за “Кубак свабоды”, Менск, 28 ліпеня 2007 г.

Турнір памяці Г.Карпенкі за “Кубак свабоды”, Менск, 28 ліпеня 2007 г.

Турнір памяці Г.Карпенкі за “Кубак свабоды”, Менск, 28 ліпеня 2007 г.

Турнір памяці Г.Карпенкі за “Кубак свабоды”, Менск, 28 ліпеня 2007 г.

Турнір памяці Г.Карпенкі за “Кубак свабоды”, Менск, 28 ліпеня 2007 г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG