Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася прэзэнтацыя кнігі “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі”


Радыё Свабода У Менску выйшаў зборнік навуковых твораў “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі”. Складальнікі – вядомы дасьледчык гісторыі рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў і гісторык-публіцыст Якаў Басін. Зборнік яднае дасьледаваньні больш як 20 гісторыкаў, аповеды ахвяраў сталінізму і афіцыйныя дакумэнты таго часу. Прэзэнтацыя выданьня адбылася сёньня на ўправе БНФ у Менску.

Ідэя выдаць шэраг зборнікаў, прысьвечаных мэханізму рэпрэсіяў савецкага часу на Беларусі, зьявілася 10 год таму, – распавёў адзін са складальнікаў кнігі, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў. Спачатку бракавала тэхнічных магчымасьцяў, потым перашкаджаў шэраг неспрыяльных абставінаў. Але напярэдадні 2007 году, 70-й гадавіны трагічных падзеяў 1937-га, было вырашана прэзэнтаваць грамадзкасьці навуковыя працы, прысьвечаныя гэтай тэме. З друку выйшаў першы выпуск сэрыі “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады на Беларусі”. З астатнімі часткамі працы можна пазнаёміцца на сайце homoliber.org. Ігар Кузьняцоў:

“Гэткіх выданьняў у Беларусі не было – сэрыя зборнікаў, пры ўдзеле болей за 20 аўтараў – і тых, хто калісьці працаваў над гэтай тэмай, і тых, хто працуе і цяпер, і тых, хто толькі пачынае працаваць. Гэта найперш навуковыя працы – з адпаведнай даведкава-спасылкавай базай. Важна і тое, што там прадстаўленыя ня толькі аўтарскія артыкулы, але і дакумэнты таго часу”.

Галоўная місія гэтага праекту, кажа Ігар Кузьняцоў, – нагадаць грамадзтву аб трагічных старонках беларускае гісторыі. Аддаць даніну памяці тым, хто стаў ахвярай сталінізму і назваць імёны тых, з чыёй віны тварылася беззаконьне. А яшчэ – падштурхнуць да роздуму аб тым, што адбывалася 70 гадоў таму, і чым беларусы жывуць сёньня. Сярод зацікаўленых чытачоў складальнікі разьлічваюць пабачыць і сваіх ідэалягічных супраціўнікаў.

Кузьняцоў: “Яны, канешне, будуць казаць, што гэта ўсё няпраўда, хлусьня, але тое, што яны ўсё адно будуць гэтым займацца – гэта таксама адна з мэтаў, якія мы перасьледуем. Каб яны таксама пашырылі свае веды ў гэтай вобласьці. Разнастайная інфармацыя ахоплівае ўсе сфэры, у тым ліку і ўсьведамленьне фэномэну сталінізму ў Беларусі, чаму сёньняшнія падзеі шмат у чым нагадваюць тыя часы”.

Пісьменьнік Васіль Якавенка, сустаршыня Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, мяркуе, што праца ўкладальнікаў перашкодзіць “пакрыць лякам” трагічную гісторыю сталінскіх рэпрэсіяў на Беларусі.

Якавенка: “Сёньня людзі ў нашае краіне, ня толькі маладыя, але і больш сталага веку, пачынаюць забывацца пра падзеі тых часоў. Дык вось гэтыя зборнікі, як і іншая літаратура, што мы выпускаем, як і бюлетэнь “Рэха ГУЛАГу”, – гэта ўсё вельмі патрэбна. Будзем імкнуцца, каб гэтая тэма асьвятлялася як мага глыбей ды шырэй”.

На думку Васіля Якавенкі, дасьледчыкам варта ў будучыні больш надаць увагі псыхалягічнаму аспэкту фэномэна сталінскага тэрарызму.

Якавенка: “Часам людзі былі задаволеныя тым, што адбываецца. Яны падманвалі саміх сябе, яны закрывалі вочы на тое, што адбывалася побач, па-за імі, недзе збоку. Яны не хацелі ведаць гэтага ўжо...”

Паводле Якава Басіна, аднаго з аўтараў зборніка ды адказнага рэдактара зборніка “Рэпрэсіўная палітыка савецкае ўлады на Беларусі”, выданьне мае распаўсюджвацца праз краму “Акадэмкніга”, офіс Управы БНФ і, магчыма, офіс Таварыства Беларускай мовы ў Менску. Два наступныя выпускі зборніку маюць выдаць цягам двух месяцаў.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прыняў рашэньне абвясьціць 2007 г. Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, а 29 кастрычніка — Днём памяці. Гэта зьвязана з тым, што сёлета спаўняецца 70 гадоў ад 1937 году — кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі.


Каго расстрэльвалі ў лесе пад Гомелем? 12.07.2007 Вандалізм на могілках становіцца праблемай нацыянальнага маштабу 11.06.2007 У Доме літаратара не дазволілі гаварыць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 09.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG