Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атамную энэргію яшчэ ніхто не ўтаймаваў да канца...”


Радыё Свабода Ці вераць магілёўцы, што меркаваная атамная электрастанцыя будзе бясьпечнай і сучаснай, пабудаванай паводле новых тэхналёгіяў? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў людзям на вуліцах Магілёва.

Дзьве жанчыны сталага веку. “Электраэнэргія патрэбная — і дужа добра, што будуць будаваць атамную электрастанцыю. Па-першае, людзей зоймуць, колькі работы будзе і ўсё забясьпечыцца. Мы мяркуем, што будзе сучаснай. Навукоўцы будаваць будуць, а ня простыя людзі”.

Малады мужчына: “Будаўніцтва станцыі як такое –небясьпечнае. Што паробіш — энэргія патрэбная. Спадзяемся, што так яно і будзе”.

Малады мужчына: “Супраць я будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Зразумела, што наш народ і так нацярпеўся ад усіх гэтых бедаў чарнобыльскіх. Таму, якія б нам тэхналёгіі ні прапаноўвалі, я думаю, што ня варта нам займацца гэтым пытаньнем”.

Студэнт: “Тэхналёгіі дайшлі да таго, што наша дзяржава можа дазволіць сабе купіць даволі бясьпечныя. Думаю, што цягам двух-трох гадоў пабудуюць, нядрэнна будзе”.

Жанчына сталага веку: “Ведаеце, у тэхніцы гэтай я не разьбіраюся і да канца сказаць не магу. Аднак прыклад чарнобыльскай станцыі гаворыць, што гэта небясьпечна і нядобра. Аднак з улікам прагрэсу, руху наперад для разьвіцьця эканомікі нашай, быту, думаю, што гэта карысна і добра”.

Спадарыня зь дзіцём: “Я ня веру, што ў нашай краіне пабудуюць сучасную атамную электрастанцыю. Я не давяраю нашай уладзе. Кіраўніцтва наша нічога нармальнага акрамя лядовых палацаў не пабудавала”.

Малады мужчына: “Атамную энэргію яшчэ ніхто не ўтаймаваў да канца. Таму, безумоўна, гэта будзе небясьпечна, нават калі будуць выкарыстаныя апошнія тэхналёгіі. Я ня веру ў гэта”.

Студэнт: “Улічваючы цяперашні стан нашай эканомікі, калі будуць браць да ўвагі замежны досьвед будаўніцтва гэтых электрастанцыяў, то ў гэтым выпадку мо й пабудуюць, што патрэбна. У наш час усё можа атрымацца”.

Два мужчыны сталага веку “Наўкола чатыры, альбо пяць атамных электрастанцыяў. Мы ўжо як у мяшку сядзім. А сваёй ня маем, а яна выгадней будзе — яна будзе на самым сучасным узроўні пабудаваная. Во Ўкраіна ўзарвала, а мы пацярпелі, ну скардзіліся богу, скардзіліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG