Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь”: “Багацьце ўлонкавых адлюстраваньняў прымнажаецца Сьвятлом кожнага дня”


Радыё Свабода З аглядам 7-га фататыдня вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 28 чэрвеня – 4 ліпеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Паліна Грынчанка Віталь Бразоўскі Уладзь Грыдзін Валеры Казюмінскі Вадзім Цітоў Васіль Корф InSomnia Вадзім Гайдалёнак Ahni-Ahni

Усім дзякуй! (гл. таксама: ЛІСТАВАНЬНЕ)

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімір Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Слава, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзмітры Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу “Мая Беларусь”. Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, просім даслаць або скантактавацца з прыёмнай менскага бюро “Свабоды” для ўдакладненьня стасункаў, тэлефон 280 35 24 (Юлія Цімафеева). Дзякуй.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЛІСТАВАНЬНЕ ПАШТОЎКА АД ВЯДУЧАГА (тэма: “РОВАР”)

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ

Здымайце і адпраўляйце!

“Дзякуй за цікавы конкурс. Разьмешчаныя здымкі захапляюць. Адпраўляю свае”, – прыкладна так пачынаюцца многія лісты на “Свабоду”. Адказваем тым жа: “Дзякуй за ўдзел і дасланыя здымкі, з задавальненьнем далучаем да нашага вэрнісажу”. Конкурс вось-вось перасягне экватар, можна парадавацца ягонай вясёлкавасьці ды багацьцю адлюстраваньняў. Безумоўна, пераважае краявід, сьвятло бацькоўскіх улонкаў у зьявах і формах – прырода, гарады і мястэчкі, помнікі. Можна трохі й пазасмучацца, што ўдзельнікі ў найменшай ступені зрэагавалі на прапанову засьведчыць свой асабісты сьвет, даслаць старыя адбіткі, лісты, рэчы, партрэты з гісторыямі, карыстаючы магчымасьці дыгітальнага фота. Такога пакуль бракуе. Аднак, можна й паспадзявацца на тое, што ўсё яшчэ наперадзе і ўжо на наступным тыдні мы пабачым першую чытанку трох пакаленьняў.

Нават такая ўтылітарна-празаічная рэч як пашпарт ровара можа стаць дакумэнтальнай падставай для маленькага юбілею. Што і здарылася днямі ў маім асабістым жыцьці: 25 гадоў як я пабытова культывую ровар у гарадзкім асяродзьдзі (запрашаю паглядзець прыканцы выпуску эсэ і фотападборку “Зь сядла майго ровара”). А напачатку – запрашэньне ад нашага новага аўтара зь Бярозаўскага раёна Васіля Корфа наведаць Палесьсе. Завітаем таксама ў Пінск, Берасьце, Браслаў, на Ўшаччыну ды інш.

Сьвятло, Айчына, Бог

(с) Васіль Корф. Сылюэты Палесься. Варта перад навальніцай

(с) Васіль Корф. Касьцёл у вёсцы Сігневічы, Бярозаўскі раён

(с) Ahni. Відок вячэрняга Пінска з сылюэтам касьцёла Ўшэсьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі

(с) Ahni. Касьцёл Узьдзьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці

(с) Паліна Грынчанка. Летні дзень, адлюстраваны ў мыльнай бурбалцы. Браслаў.

(с) Паліна Грынчанка. На рацэ Сьвіслач у Менску. Перакуленае адлюстраваньне.

(с) Вадзім Цітоў. Дзьве бярозы. Ля вёскі Непашчы, Ушацкі раён

(с) Вадзім Цітоў. Вечар. Ушаччына

(с) Вадзім Цітоў. Адценьні пражытага дня. Ля вёскі Апанаскавічы, Ушацкі раён

(с) Вадзім Цітоў. Месяц, возера, вёска. Над возерам Чарсьцьвядзкім, Ушаччына

(с) Уладзь Грыдзін. Сьветлая як сон. Рэчка Вузьлянка, Вілейскі раён

(с) Віталь Бразоўскі. Адлюстраваньне жыцьця. Лошыцкі парк у Менску

(с) Віталь Бразоўскі. Колы часу. Лошыцкі парк у Менску

Дзікі голуб у цэнтры сталіцы

“Я была вельмі зьдзіўлена, калі днямі ўбачыла гэтую птушку ў менскім батанічным садзе, – піша InSomnia з Кобрыні. – Апошні раз сустракалася зь дзікім голубам у бабулінай вёсцы гадоў колькі таму. А тут горад, машыны, стукат атракцыёнаў... Прыемная нечаканасьць. І яшчэ дзьве нечаканасьці – флярыстычныя, каляровыя, падораныя сьвятлом дня”.

(с) InSomnia. Дзікі голуб. Цэнтральны батанічны сад

(с) InSomnia. Галінка на зялёным фоне. Цэнтральны батанічны сад

(с) InSomnia. Чырвонае па белым. Цэнтральны батанічны сад

“Дзьве дарогі” Валерыя Казюмінскага

Аўтар працягвае тэму дарог, якую надзвычай лірычна распачала на мінулым тыдні Ева Гілевіч. Два сюжэты В.Казюмінскага кантрастуюць ня толькі часам сутак.

(с) Валеры Казюмінскі. Дарога пад поўняй

(с) Валеры Казюмінскі. Калі дарогі няма...

Чырвона-зялёнае

“Штораніцы, калі прачынаюся, першае, што бачу ў вакно, – гэтыя шыльды, – наракае наш аўтар Францыск. – Вока хваравіта рэагуе на гэткае спалучэньне колераў, ды яшчэ ў такой колькасці... Натуральнае замбаваньне!” З калекцыі Францыска я ўзяў адзін, найбольш характэрны сюжэт, каб ня надта траўмаваць вока нашых наведнікаў. А ў дадатак прапаную сюжэт Аксаны Лунінец – на супакаеньне. Гэткая, сказаў бы, конетэрапія, таксама ў спалучэньні колераў...

(с) Францыск. Чырвона-зялёная гама. З вакна майго дома

(с) Аксана Лунінец. Ласунак

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Постчарнобыльскі золак у цэнтральным парку ў Нароўлі (прыз – радыёпрымач)

(с) Віталь Бразоўскі. На золку ў цэнтральным парку ў Нароўлі

Віталь не падае разгорнутага эсэ, і я бяру на сябе адказнасьць напачатку ўдакладніць, што на здымку – рака Прыпяць. Відагляд на раку і асабліва яе берагі зачароўвае і палоніць, аднак засяродзімся на плыні. Гэта выдатны вобраз, празь які ўсьведамляеш “плынь” радыяцыі, “плынь” чарнобыльскіх наступстваў. Слова аўтару: “За 50 кілямэтраў адсюль Чарнобыль.Што прымушае людзей вяртацца сюды?” Рытарычнае пытаньне. Фатаграфія – не рытарычная.

Настальгічна маляўнічы краявід дапаўняе геаграфія здымка, ня менш, калі ня больш, красамоўная за сам краявід. Мае віншаваньні.

Квітнее “мая Беларусь” (прыз – радыёпрымач)

(с) Вадзім Гайдалёнак. Квітнее “мая Беларусь”. Горад Браслаў

Здымак з усьмешкай. Хоць, можа, гледзячы, тоіш сумненьне, сьмяяцца тут альбо плакаць, альбо спачуваць гэтым людзям, пад чыім “дахам” гэтак зырка квітнеюць у вокнах вазоны. Цудоўная інтрыга. Ня кожны сцэнограф дадумаецца да гэткага “канцэптуальнага” рашэньня, а тут жыцьцё грае свой адвечны спэктакль: хочаш – усьміхайся, хочаш – спачувай, ня хочаш – не зважай і праходзь сабе міма. А можа, спэктакль прыдумаў сам аўтар і нечага не дагаворвае нам? Але нават калі так, калі нейкі ўраган пакінуў сьлед і наогул – шэрая проза, непадробнасьць і непрыдуманасьць моманту – відавочная. Жыцьцё, ці спэктакль, працягваецца, цьвітуць кветкі, сьпяваюць птушкі, цьвіце Беларусь... Віншую, Вадзім.

Летні дзень, адлюстраваны ў мыльнай бурбалцы (прыз – радыёпрымач)

Здымак зьмешчаны вышэй. Аўтарка Паліна Грынчанка дэбютавала на мінулым тыдні “Пад ветразямі Свабоды” (бел-чырвона-белымі). А сёньня я віншую яе зь перамогай. Яе здымак – арыгінальны адбітак лета, які, апроч эстэтычнай вартасьці, дэманструе вялікія магчымасьці лічбавай фатаграфіі.



ЛІСТАВАНЬНЕ

Ул.Хархардзіну. Атрымалі Вашу капэрту. Дзякуй, убачымся. Вікторыі М. Вашы намеры цалкам адпавядаюць умовам конкурсу. Дасылайце. Міхалу Ш. Убачымся бліжэй да восені.

ПАШТОЎКА АД ВЯДУЧАГА:

“ДВАЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ ЯК Я НА РОВАРЫ”

Было так. Я прывёў зусім новы харкаўскі “Спадарожнік” са спартовай крамы прама ў рэдакцыю “Звязды” на другі паверх Дома друку – тады Ленінскі праспэкт, 77. Першымі, хто ацаніў маю рэч, былі калегі-журналісты Вячаслаў Вольскі, Анатоль Мясьнікоў і Аляксандр Уліцёнак. Я праехаў праз увесь калідор – з канца ў канец, туды і назад і “даў праехаць”.

З таго часу, практычна штодня, выключаючы хіба зімовыя месяцы, а то і ў сьнег і халады, калі яшчэ ня гурбы і па ходніках можна ехаць, – я пабытова на ровары, пераважна ў гарадзкім асяродзьдзі. Тыя гады я жыў у Заслаўі і паспрабаваў дабірацца на працу ў сядле. Але гэта каштавала і сілаў, і добрага часу. Я пачаў браць ровар у электрычку, выпраўляўся часам у далёкія вандроўкі, не кажучы пра ваколіцы Заслаўя – Радашкавічы, Вязынка, Ракаў. Пазьней на раму прычапіў мэталёвае сядзелца (памятаю, Магілёўскай вытворчасьці), каб вазіць сына Цімоха. У велападарожжы памалу ўцягнулася ўся мая сям’я.

Быў пэрыяд 1980-х, калі я працаваў у Доме ўрада; мой ровар з закручаным уніз рулём стаяў каля пад’езда левага крыла. Аднак такія паездкі на працу былі нязручныя з-за пераапрананьня: пасада вымагала стандарту, спартовую майку я мусіў мяняць на гальштук.

Увосень 1994 г. я ўпершыню на ровары перасёк дзяржаўную мяжу і больш за тыдзень калясіў дарогі польскай правінцыі. Заехаў трохі за Віслу ды павярнуў назад.

Шмат разоў быў у Белавескай пушчы. Аднойчы мяне высачыла пушчанская агентура і на другі дзень разам з роварам завезьлі на пагранзаставу. Гэндырэктар нацыянальнага парку, як істы цемрашал ад улады, рэагаваў ня так на мяне, як на мяне з роварам.

Аднойчы ад’яжджаўся на Ўкраіну, рабіў таксама вандроўкі ў блізкі сьвет ляснымі сьцежкамі, на пошук брукаванак, да першай настаўніцы... У дарогу заўсёды браў з сабой фотакамэру.

З журналістаў, хто ўпершыню распытаў мяне на тэму велакарысьцяў ды роварных цікавостак, была непаўторная Алена Ціхановіч з Радыё Свабода. Памятаю, Алена дасьціпна спытала, колькі ровараў я зьезьдзіў. Было гэта гадоў дзесяць-дванаццаць таму. На сёньняшні дзень той рахунак сягнуў дзясятку. Праўда, іхны рэсурс я скарыстаў ня ў кожным разе. Адзін ровар згарэў у пажары, адзін, зусім новенькі, скралі з ганку Міністэрства прыродных рэсурсаў... Апошні, між іншым, быў падораны мне нашым велазаводам за рэкляму менскага ровара ў газэце “Белавеская пушча”.

Шмат разоў падаў, разоў пяць праз галаву, былі траўмы, сінякі, драпіны. Гіпсу, дзякуй Богу, не было. Здараліся патэнцыйна жудасныя выпадкі, пасьля якіх жагнаўся і шаптаў “Ойча наш...”, ставіў сьвечку ці пяшчотна дзячыў анёлаў.

Ровар у мяне асымілюецца з вольнай адкрытай прасторай. І гэта галоўнае, што робіць яго каштоўнасьцю.

А цяпер – колькі здымкаў зь сядла майго ровара.

(с) В.Дранчук. На дарозе ля вёскі Амлынцы. Нясьвіскі раён. 1970-я

(с) В.Дранчук. Сямейны “уік-энд”. У ваколіцах вёскі Кучынаўшчына. Нясьвіскі раён. 1980-я

(с) В.Дранчук. На менскім ровары да суседкі Польшчы. Гэты азярод быў і гаражом, і месцам аднаго з маіх апошніх начлегаў. 1994

(с) В.Дранчук. На менскім ровары да суседкі Польшчы. Фота ля каплічкі -- на знак шчасьлівага вяртаньня дадому. 1994

(с) В.Дранчук. У нацыянальным парку “Белавеская пушча”. Супрацьстаяньне

(с) В.Дранчук. Вожыкі – найбольш частыя ахвяры на аўтадарогах. Маімі сустрэчнымі былі таксама дзікі, ласі, аднойчы – ліса. Нясьвіж – Стоўпцы, 2005

(с) В.Дранчук. Брукаванка за Стоўпцамі ў ваколіцах мястэчка Новы Сьвержань (адразу ж за Нёманам, як пераедзеш мост). 2005

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG