Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец прэзэнтуе новую кнігу “Брату”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў сядзібе БНФ у Менску ў 17.30 адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Паўла Севярынца “Брату”.

Гэта зборнік артыкулаў, эсэ, праграмаў, апавяданьняў, якія напісаны цягам дзесяці гадоў – з 1997 па 2007. Яны былі надрукаваныя ў розных газэтах, часопісах ды апублікаваныя на інтэрнэт-сайтах. Наклад выданьня – 220 асобнікаў.

Прадмову да кнігі Павал Севярынец напісаў сёлетняй вясной у вёсцы Малое Сітна, дзе адбываў “хімію”.

Паводле Паўла Севярынца, ягоная кніга – гэта ліст да ўсіх братоў і сясьцёр, гэта заклік да дзеяньня.

“Пасьля артыкулу, надрукаванага ў “Нашай ніве” ў 2000-м годзе, шмат хто пытаўся ў мяне: "А як завуць твайго брата?” Насамрэч у мяне толькі дзьве сястры. Але за ўсе гэтыя 10 гадоў – у "Маладым фронце" й "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі", на плошчах і ў камэрах, у замежжы ды ў беларускай глыбінцы – я сустрэў столькі людзей, да якіх мог бы зьвярнуцца: ”Брат!..” – піша ў прадмове Павал Севярынец.

У кнізе зьмешчаны праграмы незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" ды ініцыятывы "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя".

Вокладка кнігі

Павал Севярынец быў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі судом Цэнтральнага раёну Менску – Севярынца прызналі вінаватым у арганізацыі вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Па малым часе адзін год яму скасавалі па амністыі. Палітык быў вызвалены за 2 месяцы і 24 дні да заканчэньня тэрміну пакараньня – 22 траўня 2007 году. Павал Севярнец адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну.
XS
SM
MD
LG