Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У бедных улада льготы адбірае, а багатым — дае”


Валянцін Жданко, Менск Тэма, якая ў апошні час часта гучыць у тэлефанаваньнях і лістах на “Свабоду” — адмена сацыяльных ільготаў, якая закранае некалькі мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў, інвалідаў і навучэнцаў.

Зьніжкі пры аплаце праезду ў грамадзкім транспарце, камунальных паслугаў, пры набыцьці лекаў у аптэках былі для гэтых людзей значнай дабаўкай да пэнсіяў і стыпэндыяў. Ужо з наступнай зімы яны такой дапамогі будуць пазбаўленыя.

Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” спрабуе спрагназаваць, як далей будуць разгортвацца падзеі вакол адмены льготаў:

“Нешта я ня чуў пра якую-небудзь рэакцыю прэзыдэнта краіны на гэты конт. Гэта прывяло мяне да такой думкі: а ці не зьяўляецца аднадушнае рашэньне Палаты прадстаўнікоў у пытаньні льготаў насамрэч нямудрагелістым тактычным ходам самога Аляксандра Рыгоравіча? Прычым, ход гэты ў любым выпадку бяспройгрышны для прэзыдэнта.

Калі народ абмяжуе свой пратэст толькі абмеркаваньнем на кухнях, якое да наступных прэзыдэнцкіх выбараў паступова заціхне за шэрагам іншых падзеяў, то Аляксандар Рыгоравіч нічога не губляе.

Наадварот, ён атрымлівае немалую дадатковую суму для рэалізацыі сваіх амбіцыйных пражэктаў. Да выбараў далёка, і ён знойдзе магчымасьць падняць свой рэйтынг, які сёньня, мяркую, крыху пахісьнецца. На такія штукі ён, трэба аддаць яму належнае, непераўзыйдзены майстар. Да таго ж, на яго ўсе СМІ працуюць.

Калі ж усьлед за пратэстам донараў пачнуцца больш маштабныя акцыі, то Лукашэнка можа выступіць у звыклым для сябе амплюа “народнага заступніка”, часткова вярнуўшы частку льготаў. Гэты варыянт для яго, можа, нават лепшы за першы: большую частку грошай ён усё ж атрымае. Пры гэтым рэйтынг ягоны падскочыць.

Будуць, безумоўна, голасныя выступы на тэлебачаньні, будуць абвінавачаньні на адрас Палаты прадстаўнікоў (для якой гэта ня больш, чым скалананьне паветра, калі ўсё сплянавана загадзя). Ну, а электарат усё гэта праглыне, як гогалеўскі герой галушкі. Вось такое меркаваньне. Хаця, можа, я памыляюся, як вы думаеце?”


Зусім магчыма, Кастусь, што менавіта так усё і здарыцца. Калі рыхтаваўся законапраект, некаторыя дэпутаты ў кулюарах наракалі на тое, што пасьля адмены льготаў ім перад выбарцамі ў акругах хоць не зьяўляйся. На наступных выбарах, напэўна ж, у кожнага спытаюць, як галасаваў у пытаньнях ільготаў. Што тады скажаш людзям?

Але тое — у кулюарах, між сабой. А ў Авальнай залі, як вядома, амаль аднагалосна і фактычна без абмеркаваньня зацьвердзілі тое, што ім напісалі ў адміністрацыі прэзыдэнта — яшчэ раз паказаўшы ўсім ступень сваёй самастойнасьці.

Адна толькі Вольга Абрамава без усялякіх шанцаў на посьпех спрабавала даводзіць, што пытаньне як сьлед не падрыхтаванае й што праблема патрабуе сыстэмнага падыходу. Але яе голас патануў у дружным хоры тых, хто гатовы прагаласаваць за любую ініцыятыву, якая зыходзіць з прэзыдэнцкай адміністрацыі.

На тэму адмены льготаў яшчэ адзін кароткі фрагмэнт зь ліста, аўтар якога — Уладзімер Гвара зь Лельчыцаў:

“Улада ад адных ільготы адбірае, а другім дае. Прычым, атрымліваецца так, што адбірае ў бедных, а дае багатым. Бюракраты, якія жывуць на бясплатных датацыях, будуюць палацы. А бедны чалавек ня можа дазволіць сабе нават самага неабходнага”.

Пра адмену адных ільготаў і ўвядзеньне другіх гаварыць наўрад ці выпадае, спадар Гвара: скарачэньне закранае ўсю сыстэму, новыя льготы ня зьявяцца. Іншая рэч, што многія негалосныя прывілеі для чыноўнага люду як дзейнічалі, так і працягваюць дзейнічаць. Напрыклад, хто сёньня па-за чаргі можа пабудаваць кватэру па льготных коштах і атрымаць на гэта льготную дзяржаўную пазыку?

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў часта думае і разважае пра тое, якім будзе постлукашэнкаўскае дзяржаўнае ўладкаваньне Беларусі. І прыходзіць да высновы, што ўладу ў выніку атрымае намэнклятурная алігархія.

“Ці такой ужо кепскай і чужой для беларускага насельніцтва будзе такая ўлада?” — пытаецца Алесь Марціновіч. І сам жа адказвае:

“Наадварот. Канчатковыя рынкавыя рэформы павінны адбыцца на працягу гадоў дзесяці менавіта пад кіраўніцтвам намэнклятуры і зьяднанага зь ёй бізнэсу. Намэнклятурна-алігархічная рэспубліка стане для беларускага грамадзтва станоўчым фактарам. Яна будзе значна больш дэмакратычнай, чым брэжнеўскі СССР альбо таталітарны лукашызм.

Нацыянал-дэмакраты ня справіліся б з нашым эўразійска-постсаўковым грамадзтвам, і толькі прывялі б да бязладзьдзя і дзікай вайны ўсіх супраць усіх.

Што рабіць цяперашнім беларускім нацыянал-дэмакратам і Захаду ў асобе ЗША і Эўразьвязу? Трэба рашуча адмовіцца ад абагаўленьня нейкай мітычнай эўрапейскасьці цяперашняга насельніцтва Беларусі. Неабходна цьвяроза паглядзець на рэчы: беларуская моладзь зусім не гатовая жыць паводле ўзору Севярынца і канонаў гуманітарнага ліцэю і ўнівэрсытэту, які пераехаў у Вільню.

Трэба рабіць стаўку на калектыўнае кіраваньне капіталізаванай беларускай намэнклятуры, як найлепшы з магчымых варыянтаў, які гарантуе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, засьцеражэ яе ад югаслаўскага сцэнару.

Калі намэнклятура ўбачыць у асобе Захаду бясьпечнага сябра, дык яна рана ці позна здолее прывіць свой пункт гледжаньня і заражанаму расейскім патрыятызмам і вэстафобіяй мясцоваму абываталю. Нельга штурхаць намэнклятуру ні да Лукашэнкі, ні ў склад Расеі. Трэба гарантаваць ёй права першай шлюбнай ночы ў прыватызацыі, права спакойна і без папрокаў Захаду і менскіх нацдэмаў кіраваць на працягу мінімум гадоў дзесяці”.


Засталося высьветліць, спадар Марціновіч, ці гатовая сама гэтая алігархічная намэнклятура ўзяць уладу, ці хоць бы прыкласьці дзеля заваяваньня ўлады ўласныя намаганьні. Пакуль што ясных і зразумелых сыгналаў наконт гэтага ад яе не зыходзіла.

А тым часам у дзейнага рэжыму на бліжэйшае дзесяцігодзьдзе пляны, выглядае, зусім не такія, як апісваеце ў сваім лісьце вы, спадар Марціновіч. Дзяліцца мала чым абмежаванай уладай ні з намэнклятурай, ні з нацыянал-дэмакратычнай, ні з прарасейскай апазыцыяй ён пакуль што яўна не зьбіраецца.

Наш слухач, былы вайсковец Мікола Канаховіч з Пружанаў зьвярнуў увагу на нядаўняе інтэрвію былога брытанскага амбасадара Браяна Бэнэта, які некалькі тыдняў таму пакінуў Беларусь.

Асабліва зацікавіла слухача сьцьвярджэньне дыплямата пра тое, што Беларусь варта аднесьці да самай мяккай, чацьвертай групы праблемных краінаў сьвету. Мікола Канаховіч з такім сьцьвярджэньнем катэгарычна ня згодны:

“Беларусь павінна быць у першай групе праблемных краінаў. Таму што самы страшны, самы дзікунскі генацыд — моўны. Што б там ні казалі, але ў нас мова тытульнай нацыі забароненая, гэта ж факт. Хіба ў тым жа Іране, ці Паўночнай Карэі, альбо ў Кампучыі часу крывавага Пол-Пота забаранялася мова тытульнай нацыі? Не і яшчэ раз не! Крывавыя дыктатары ішлі на ўсё, але забараняць мову не адважваліся.

Я лічу, што задача нумар адзін для нашай апазыцыі — інфармаваць міжнародную супольнасьць і схіляць яе да ўвядзеньня самых жорсткіх санкцыяў супраць тых, хто гвалтуе мову беларускага народу. Калі не абаронім ад гвалтаўнікоў мову, дадзеную нам Богам, дык ня маем права людзьмі звацца”.


Ні перад Пол-Потам, ні перад Кім Ір Сэнам, ні перад правадырамі ісламскай рэвалюцыі ў Іране моўная праблема не стаяла, спадар Канаховіч. Забараняць ці не забараняць мову сваіх нацыяў — такога выбару ў іх не было. Ні кхмэрскай, ні карэйскай, ні мове фарсі нішто не пагражае. Як іх забароніш, калі на іх размаўляе амаль усё насельніцтва, а іншымі мовамі не валодае?

Выратаваць беларускую мову можа толькі само беларускае грамадзтва — гэта найперш ягоная праблема і ягоны выбар. Рабіць у гэтым стаўку на вонкавае ўмяшаньне, на міжнародныя санкцыі наўрад ці выпадае. У найноўшай гісторыі ўвогуле не было такіх прэцэдэнтаў, каб міжнародная супольнасьць дыктавала асобнай нацыі, на якой мове той размаўляць.

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну без камэнтара. Нам піша Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — пра тое, куды выпраўляюцца на заробкі вясковыя беларусы, якіх не задавальняюць умовы працы ў калгасе:

“Усё больш нашых людзей накіроўваюцца ў Польшчу. Там для замежнай працоўнай сілы зрабілі палёгку: можна спакойна працаваць на працягу трох месяцаў, калі маеш даведку ад працадаўцы.

Калі так пойдзе і далей, дык, напэўна, нашы працоўныя мігранты пераарыентуюцца з Расеі на Польшчу. Едуць нашы людзі на заробкі і ў іншыя мясьціны — у Літву, Латвію, Заходнюю Эўропу, некаторыя нават у ЗША. Улады пра гэта маўчаць, але ж гэта факт: у калгасе за мізэрны заробак ніхто працаваць ня хоча”.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG