Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 3 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу абмяркоўваюць прамову Аляксандра Лукашэнкі з нагоды афіцыйнага сьвята – Дня Незалежнасьці.

“Гебэльс адпачывае! “Тых, хто, ахвяруючы дарагім – сваім жыцьцём, прынёс доўгачаканую свабоду”, якую ты ж і зьнішчыў, заразіўшы беларускі народ доўгатэрміновай заразай “няволі за добрым гаспадаром”!

“Дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў – годнае сьвята для гораду Менску, але да чаго тут Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусі, абвешчаны 27 ліпеня?”

“...Беларусь усю вызвалілі толькі 28 ліпеня... сьвята аднаго гораду ня можа быць сьвятам усёй краіны. Мне як магілёўцу даволі крыўдна. І ЁН яшчэ кажа, што народ выбраў. Такія прапановы нельга нават рабіць проста таму, што ў Менску жыве чвэрць насельніцтва Беларусі”.

Блогерка паглядзела сёньня па дзяржаўным тэлебачаньні сьвяточныя перадачы.

“...Зьдзівіла, як прайшлі ў эфір словы выхавальніцы дзіцячага садка аб тым, што хоць у іхнай установе існуюць як расейскамоўная, так і беларускамоўная групы, аднак жа бацькі чамусьці баяцца аддаваць сваіх дзетак у групы зь беларускай мовай навучаньня. Не падтрымліваюць гэтае ідэі... Выступ жанчыны хутка спынілі, але галоўная думка ўсё ж такі прагучэла: беларуская мова ў Беларусі знаходзіцца ў стане занядбаньня, а калі быць зусім шчырай, народ дагэтуль баіцца размаўляць па-беларуску, на нейкім падсьвядомым, генэтычным узроўні лічыць, што гэта крамольна...”

У суполцы Жывога журналу блогер L_u_f_t зьмясьціў фатаздымак з прэзыдэнцкага сайту. Асабліва ўразіў L_u_f_t’а подпіс: “Аляксандар Лукашэнка перадае ў дар юным грамадзянам Беларусі сымбалічны падарунак – нацельны крыж, які ён асьвяціў у Ерусаліме”.

На сайце можна знайсьці рэцэнзію на новы кліп на песьню гурту “IQ48” “Сьвятло ў цемры”. Кліп зроблены для каналу “Белсат”, які пачне вяшчаць восеньню.

“Цалкам, відэа “Сьвятло ў цемры” для каналу “Белсат” атрымалася. Толькі што песеньку істотна скарацілі: яўна не хапае пачатку, і сола таксама выразанае. Гэта адзінае, што не спадабалася самім “IQ48”. Агулам жа хлопцы задаволеныя і ў хуткім часе выпраўляюцца здымаць яшчэ адзін кліп. На якую песьню – покуль ня вырашылі...

Сюжэт відэа адпавядае ідэі песьні. Адразу раскрыем карты – сьвятло пераможа! Сам кліп не абцяжараны рознымі спэцэфэктамі і сэнсавымі пошукамі. Стыльна, ідэйна і, як кажуць, усяго ў меру. Будзе там адзін сымбалічны герой – які ня скажам – у ім праходзіць барацьба дабра і зла. Самі айк''юшнікі пішуць сьвятлом розныя добрыя словы, кшталту “свабоды”, што пранізваюць цемру, якая неўзабаве адыходзіць”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG